Большасць украінцаў маюць сваякоў ці сяброў, якія пацярпелі або загінулі на вайне з Расіяй
Вайна з Расіяй: 78% украінцаў маюць параненых і забітых сяброў або сваякоў. І гэты трагічны нацыянальны досвед не дасць магчымасці пайсці на кампрамісы з РФ яшчэ доўга.
Абсалютная большасць украінцаў — 78% — маюць блізкіх сваякоў ці сяброў, якія пацярпелі ці загінулі ў выніку расійскага ўварвання. Такія вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі (КМІС) 26 траўня — 5 чэрвеня 2023 г.
Паказчыкі апытання вагаюцца ад 70% на ўсходзе да 80% на захадзе краіны, гаворыцца ў выніках сацапытання.
«Сярод тых, хто мае такіх блізкіх сваякоў або сяброў, у сярэднім (выкарыстоўвалася медыяннае значэнне) называлася лічба сем. Гэта значыць, у сярэднім такія рэспандэнты маюць сем блізкіх сваякоў або сяброў, якія былі параненыя або загінулі», — гаворыцца ў паведамленні КМІС.
Арганізатары апытання ўдакладняюць, што 64% украінцаў маюць прынамсі аднаго блізкага сваяка ці сябра, які быў паранены (у сярэднім пяць параненых блізкіх людзей), а 63% — прынамсі аднаго блізкага сваяка ці сябра, які загінуў у выніку вайны (у сярэднім гаворыцца пра трох загінулых блізкіх людзях).
«Вайна Расіі супраць Украіны сфармавала трагічны калектыўны досвед для абсалютнай большасці ўкраінцаў. Ва ўсіх кутках Украіны большасць насельніцтва мае сваякоў або сяброў, якія былі параненыя або загінулі праз расійскае ўварванне. І жыхары Захаду, і жыхары Усходу перажываюць аднолькавыя жудасныя страты, прычыненыя Расіяй», — адзначыў намеснік дырэктара КМІС Антон Грушэцкі.
На думку сацыёлага, гэта збліжае розных украінцаў і дазваляе лепш зразумець адно аднаго, а таксама спрыяе згуртаванню грамадзян Украіны для перамогі над ворагам і пакарання яго за ваенныя злачынствы.
«Можна казаць пра боль украінцаў за страты і шалёную злосць на ворагаў.
Моцная эмацыйная афарбоўка гэтага досведу выступае як фактар, які, з аднаго боку, збліжае розных украінцаў і дазваляе лепш разумець адно аднаго. З іншага боку, гэта спрыяе згуртаванасці ўкраінцаў для сумеснай працы па выгнанні ворага і дасягненні справядлівасці — пакарання за прычыненыя крыўды.
На гэтым фоне становіцца зразумелым, чаму расійская прапаганда наконт «агульнай гісторыі»/»агульнай культуры» ва Украіне такая безнадзейная.
...Цяперашнія эмоцыі надоўга захаваюць імкненне «геть від Москви». Акрамя таго, гэты досвед дадае стабільнасці і бескампраміснасці адносна магчымых саступак Расіі — калі ў вас столькі параненых і забітых сваякоў і сяброў, як можна казаць пра саступкі?»