«Прыніжаны Пуцін не ў стане абараніць самога сябе, куды яму абараняць малодшага хаўрусніка»
І малодшы хаўруснік гэта выдатна зразумеў, таму з энтузіязмам і задавальненнем зняважыў Пуціна, а заадно і пахваліўся, што ў яго ўжо ёсць уласная ядзерная бомба, мяркуе аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Не буду табе нават жартаваць пра тое, што другі энергаблок Беларускай АЭС адключылі ад сеткі. Ну якія тут жарты, калі вакол адны клоўны?
Вось яшчэ пазаўчора мне здавалася, што ніхто не зможа зняважыць Пуціна мацней, чым яго прынізіў яго ж уласны найміт маршам на Маскву. Прынамсі, у бліжэйшыя дні не зможа. Усё ж такі гэта было відовішча, якое цяжка перабіць.
Але я не меў рацыю. Аказалася, што яшчэ як можна. Малодшы саюзнік зрабіў гэта ўчора з энтузіязмам і задавальненнем. Вось калі ў каго былі ілюзіі з нагоды ролі Пуціна ў спыненні бунту, то пасля выступу малодшага саюзніка ніякіх ілюзій ужо не засталося: роля ў Пуціна была выключна пакутніка.
Гэта, вядома, калі верыць таму, што распавядаў малодшы хаўруснік. А каму яшчэ верыць? Не важна, як яно было насамрэч. Важна, хто пра гэта раскажа гучней. І калі сёй-той распавёў, як Пуцін яму скардзіўся, што Прыгожын не бярэ слухаўку, значыць, так яно і было. Значыць, не браў. І калі б не хтосьці, то выйшаў бы поўны канец Расіі. Але пакуль расійскае кіраўніцтва разляталася, як перапалоханыя гусі, у розныя бакі, сёй-той узяў і выратаваў Расію. Практычна як Мінін і Пажарскі (Хоць лепш бы, вядома, як Іван Сусанін).
Але потым высветлілася, што і прамовы малодшага саюзніка — не мяжа знявагаў. Таму што насамрэч ніхто не прынізіў Пуціна, больш, чым яго прынізіў сам Пуцін. Зладзіў сабе пацешны парад перамогі над мяцяжом, і распавёў удзельнікам, як яны гераічна перамагалі. Ну, лагічна. Адкуль бы інакш героі перамогі даведаліся, што яны перамаглі? А потым яшчэ паплакаўся, што мяцежнікі кінулі яго на грошы. То-бок мала таго, што яны збунтаваліся, дык атрымліваецца, што ён сам за гэты бунт заплаціў. Вось якраз такі чалавек называецца не тым словам, на якое ты падумала, а моцным упэўненым лідарам з падтрымкай у дзевяноста адсоткаў.
Ты можаш спытаць: а нам што да пуцінскіх знявагаў? А мне ёсць што адказаць. Прыніжаны Пуцін не ў стане абараніць самога сябе. Куды ўжо яму абараняць малодшага саюзніка. І малодшы саюзнік гэта, дарэчы, выдатна зразумеў. Таму і пахваліўся ўчора, што ў яго ўжо ёсць уласная ядзерная бомба.
Ужо не ведаю, на каго ён хацеў зрабіць уражанне. Я неяк больш веру экстрэмістам і амерыканскай выведцы. А яны ніякай такой бомбы ў Беларусі не заўважылі. Так што ўсе гэтыя пагрозы — муляж састарэлага ўзору. Як той, што прынёс у палац генерал Хрэнін.