Мікалай Сванідзэ: Мяцеж Прыгожына — бессэнсоўны і беспаспяховы

Прыгожын мог бы стаць новым Пугачовым і падпарадкаваць увесь расійскі поўдзень. Але ў ім у гістарычную хвіліну загаварыў кухар Пуціна, лічыць гісторык, журналіст і расійскі грамадскі дзеяч Мікалай Сванідзэ.

f4185ec294a87ae613e908d99193fb0a.jpg

Мяцеж Яўгена Прыгожына доўжыўся менш за суткі, аднак, на думку гісторыка і журналіста Мікалая Сванідзэ,ён лёгка мог бы падпарадкаваць сабе ўвесь расійскі поўдзень — дзякуючы падрыхтоўцы і досведу сваіх байцоў. Аднак дайсці да канца і стаць (хоць і ненадоўга) новым дыктатарам Расіі падалося Прыгожыну занадта вялікай рызыкай.

— Ну, і што гэта было?!

З найвышэйшых вуснаў прагучала параўнанне з 1917 годам. Самыя высокія вусны ўпрыгожвалі сітуацыю і ліслівілі. 

Расія 2023 года спрэс пазбаўлена таго, чым валодала ў 1917 годзе. У 1917 годзе ў ёй быў хай і малады, неспрактыкаваны, але парламент, жывыя, некардонныя партыі і, нягледзячы на сусветную вайну, насычанае палітычнае жыццё і яркія разнастайныя асобы.

У той Расіі быў адзін з самых дасканалых у Еўропе незалежны суд прысяжных. І выбары, за свабоду якіх ішла пастаянная барацьба. Гэта значыць, у той краіне працавалі здаровыя інстытуты, якіх цяпер няма і блізка.

У той Расіі быў адзін з самых дасканалых у Еўропе незалежны суд прысяжных.

У той краіне цар не паспяваў за актыўным палітычным жыццём, упарціўся ў сваёй нафталіннай самадзяржаўнасці да такой ступені, што ў палітыку ўключыліся ваенныя. Гэта быў выключны для Расіі выпадак.

Армія амаль стагоддзе пасля паўстання дзекабрыстаў у палітыцы не ўдзельнічала. Больш за тое, рускае афіцэрства ў сваёй масе нічога не разумела ў палітыцы, не мела ўяўленняў аб магчымых альтэрнатыўных варыянтах дзяржаўнага ладу — гэта значыць, было бездапаможнае ў сітуацыі палітычнай турбулентнасці.

На гэтым фоне нават дзіўна, што на палітычную авансцэну раптам выйшлі людзі ў пагонах з неманархічнымі поглядамі. 

Глядзіце таксама


Генерал Карнілаў, якога цяпер дарэмна пачалі ўспамінаць, не хацеў вяртання манархіі, а быў прыхільнікам склікання ўстаноўчага сходу, які і вызначыў бы форму дзяржаўнага ладу краіны. Нават пасля пачатку Грамадзянскай вайны і ён, генерал Карнілаў, і генерал Дзянікін будуць упарціцца ў сваёй ідэі так званай неперадвызначанасці: вось выйграем вайну, а потым пройдуць свабодныя выбары ва ўстаноўчы сход. І вось ён жа ўжо ўсё вырашыць. Так што Прыгожын ні разу не Карнілаў.

І Пуцін дарма ўспомніў 1917 год. Цяперашняя Расія ім была выпусташана — і нават сама не заўважыла гэтага. І Прыгожын з яго маршам, які нікуды не дайшоў, — прадукт гэтай Расіі.

Хоць, у пэўным сэнсе, крамлёўская паніка, якая доўжылася суткі, вытлумачальная. Лёгка і нязмушана, без супраціву быў узяты або, лепш сказаць, здадзены горад-мільённік Растоў-на-Доне. Потым Варонеж. 

Папросту мог запалаць увесь расійскі поўдзень. 25 тысяч злых, узброеных, навучаных, з баявым досведам людзей, якія падпарадкоўваюцца аднаму адмарожанаму і папулярнаму чалавеку, ідуць на сталіцу. 

А сам чалавек, якому яны падпарадкоўваюцца, яшчэ нядаўна свой у дошку піцерскі бандыт — цяпер нейкі Напалеон!

Трэба аддаць належнае Прыгожыну, ён чалавек з фантазіяй, нават, верагодна, з густам, і кніжак, можа быць, прачытаў больш, чым можна падумаць, зыходзячы з яго біяграфіі. Бо, напэўна, задумваючы паход на Маскву, ён бачыў трохвуголку.

Вядома, у рэальнасці ён пацягнуў бы на Напалеона выключна ў тым выпадку, калі б падбіў Сабяніна спаліць Маскву. Ну, і проста заплюшчыце вочы і ўявіце сабе бронзавы бюсцік Прыгожына на пісьмовым стале.

Зрэшты, немагчымага для нас мала, Расія — краіна магчымасцей.

Але бог з ім, з Напалеонам. У нас Пугачоў быў. Па-французску не размаўляў, але таксама сур'ёзны быў дзядзька, крыві пусціў нямала. І па архаічнасці дзеяння прыгожынскі паход якраз больш падобны да пугачоўшчыны.

Але гістарычныя паралелі варта было б шукаць, калі б Прыгожын працягнуў свой шлях да канца. І здавалася, што ён гэта можа, што гуляе па-буйному, хай гэта быў бы і кашмар. 

Але ён не пайшоў на паўнавартасны вайсковы мяцеж, які ў выпадку поспеху зрабіў бы яго дыктатарам Расіі. І ён бы купаўся ў народнай любові і крыві. 

Гэта было б нядоўга, хоць дакладна запомнілася б. 

Але гэта стаўка аказалася занадта вялікая для Прыгожына.

Падобна таму, як у Кісе Вараб’янінаве ў крытычны момант загаварыў справавод ЗАГСа, у Яўгене Прыгожыне ў гістарычную хвіліну загаварыў кухар Пуціна.

Што тычыцца людзей, якіх вёў за сабой Прыгожын, то ім было па сутнасці ўсё роўна, куды ісці — яны найміты. 

Праўда, у Маскве і яе ваколіцах яны маглі б атрымаць задавальненне і адвесці душу. І заможныя сядзібы шугалі б полымем у лепшых расійскіх традыцыях, і народную падтрымку ў гэтай справе атрымалі б.

На гэты раз не здарылася. Гэта значыць, не пачаўся «рускі бунт, бессэнсоўны і бязлітасны». Гэта адзін вынік. Ён уяўляецца часовым і лёгка зваротным.

Другі вынік — дзіўная развязка адбылася неяк незалежна ад Пуціна, які ў гэтай сітуацыі не з'яўляецца і нават не выглядае пераможцам. 

Здавалася б, дух цяперашняга расійскага часу павінен быў патрабаваць развязкі ў стылі Кацярына – Пугачоў, яркай публічнасці з клеткай для супастата-мяцежніка. 

Мікіта Міхалкоў мог бы згадаць старое і зрэжысіраваць гэтае дзейства — дорага.

Але нічога такога не здарылася. 

Ёсць ганебная мітусня: тэрмінова адкрылі крымінальную справу на Прыгожына, потым тэрмінова закрылі. Заадно наплявалі на загінулыя экіпажы верталётаў і самалёта, збітых прыгожынскімі людзьмі. 

Ёсць адчуванне, што Прыгожына заб'юць. Прычым цішком. Гэта стыль цяперашняй улады.

Паводле theins.ru, пераклад «НЧ»