Ці адпомсціць Пуцін Лукашэнку за паслугу падчас бунту «Вагнера»

Чаму Прыгожын пагадзіўся на пасярэдніцтва Лукашэнкі? Чым зоймуцца ў Беларусі «вагнераўцы»? Ці для іх наша краіна — гэта транзітны пункт?

belarus_2023__palityka_novy_czas__3__logo.jpg

Чаму Прыгожын пагадзіўся на пасярэдніцтва Лукашэнкі? Чым зоймуцца ў Беларусі «вагнэраўцы»? Якімі будуць наступствы мяцяжу Прыгожына для расейскай палітыкі? Ці аказаўся Лукашэнка выгадаатрымальнікам у гэтай сытуацыі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале «Свабода Premium» адказвае дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс.

— У панядзелак гаспадар ПВК «Вагнэр» Яўген Прыгожын паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка «працягнуў руку дапамогі і прапанаваў магчымасьць прадоўжыць работу ПВК «Вагнэр» у законнай юрысдыкцыі». Пасьля гэтага калёны «Вагнэра» вярнуліся ў палявыя лягеры.

Чаму Прыгожын пагадзіўся на пасярэдніцкую ролю Лукашэнкі? Ёсьць меркаваньне, што Лукашэнка — зусім не самастойная фігура.

— Мне здаецца найбольш імавернай вэрсія, паводле якой Лукашэнка не адыграў ніякай ключавой пасярэдніцкай ролі: перамовы ад пачатку вяліся паміж Прыгожыным і асобамі, якія так ці інакш знаходзяцца пры ўладзе ў Расеі, з прадстаўнікамі Пуціна.

Але ім было сорамна і непрыемна гаварыць пра гэта, бо крызіс разьвіваўся. Яны ўжо абвясьцілі Прыгожына па-за законам. Так што дамовіліся яны паміж сабой. Але ім была патрэбная ня тое каб шырма, але нехта, хто дапаможа ўсім, найперш Крамлю, захаваць твар.

Гэтай асобай аказаўся Лукашэнка.  

Прэс-служба Прыгожына апублікавала ягоны новы зварот: «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». 

Тут ёсьць і юрыдычная магчымасьць, зьвязаная з «саюзнай дзяржавай». Хаця, калі я чую словы «сысьці ў Беларусь», я ня ведаю, сьмяяцца ці плакаць.

Для Прыгожына гэта было выйсьце, гэта была нават не саломіна, а бервяно, па якім можна было перайсьці праз бурлівы паток.

Але я магу і памыляцца. І ня выключана, што Лукашэнка сапраўды адыграў важную ці нават вырашальную ролю. Але тады гэта можа мець для яго сумныя наступствы. Бо калі ў момант прыніжэньня Пуціна адбылося нешта, што шкодна для сувэрэнітэту Расеі, і спатрэбілася ўмяшаньне зьнешняй сілы, тады Пуцін за гэтае прыніжэньне будзе помсьціць.


Глядзіце таксама

— Якую ролю ў перамовах адыграў Лукашэнка — відаць, складанае пытаньне. Але варта сказаць, што ён ня толькі прыводзіў ці перадаваў нейкія аргумэнты, ён прапаноўваў сваю тэрыторыю, свае магчымасьці, тую самую «законную юрысдыкцыю». Зараз пайшлі чуткі, што нібыта ў Беларусі ствараюцца намётавыя лягеры для «вагнэраўцаў». Праўда, маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» абвергла іх. Але які статус прадугледжаны (ці можа быць прадугледжаны) для «вагнэраўцаў» у Беларусі?

— Мне здаецца найбольш імаверным, што «вагнэраўцы» ў невядомай колькасьці будуць знаходзіцца ў Беларусі вельмі непрацяглы час. Для іх гэта транзытны пункт. Магчыма, потым яны перабяруцца ў Афрыку, дзе будуць рабіць справы, карысныя для Крамля, якія, можа быць, будуць уключаць бізнэс-інтарэсы менскіх кіраўнікоў.

У Беларусі яны надоўга не затрымаюцца. А законная юрысдыкцыя — гэта сапраўды важна. Гэта няхай і ілюзорная, але ўсё ж дадатковая гарантыя, што Прыгожына на пэўны час пакінуць у спакоі.

— Якім будзе лёс Прыгожына? Пуцін у сваім звароце 26 чэрвеня фактычна сказаў прамым тэкстам: Прыгожын — мяцежнік, злачынца, здраднік. І што: Крэмль пагаджаецца, што такі чалавек атрымае прытулак у саюзнай краіне, у краіне-сатэліце Расеі?

— А ніхто не сказаў, што яму даецца прытулак. Сказалі толькі: ён сыдзе ў Беларусь. З гісторыі мы ведаем, што розныя людзі сыходзілі за мяжу, а прытулку ім там не давалі, як і гарантыяў бясьпекі. Для Пуціна Прыгожын, якога ён лічыць здраднікам, больш не існуе. І яму раней ці пазьней прыгадаюць усё тое прыніжэньне і нават страх, якія насельнікі Крамля перажывалі ў пятніцу і суботу. І яму за гэта адпомсьцяць.

Крэмль прывучыў усіх, што ён вырашае тую праблему, якая стаіць перад ім сёньня. Зьяўленьне ПВК «Вагнэр», роля, якую яна выконвала ў мэдыйнай прасторы, былі зьвязаныя з праблемай недастатковай баяздольнасьці расейскага войска. Вось вынайшлі ПВК «Вагнэр».

Калі цяпер баяздольнасьць войска падвысілася, яна стала менш патрэбнай.

Тое ж будзе і з гэтым крызісам. У суботу трэба было вырашыць крызіс хутка і адносна бяскроўна. І каб Пуцін мог казаць пра вырашэньне крызісу як пра нешта, што ўмацавала ягоныя ўладныя пазыцыі. А што будзе потым — вецер пераменіцца.


Глядзіце таксама

— Калі быў бунт Пугачова, дык яго злавілі і пакаралі сьмерцю на Лобным месцы. А тут расейскі «цар» пра новасьпечанага Пугачова кажа: няхай едзе ў Беларусь.

— А Прыгожын быў яшчэ ня злоўлены, калі гаварылася, што ён «сыдзе ў Беларусь». Хаця вынік быў больш-менш зразумелы, але крыві пралілося б яшчэ шмат. «Вагнэраўцы» паказалі сваю рашучасьць забіваць, у тым ліку і расейцаў, зьбіваючы самалёты і верталёты.

Дамовіліся, праблему вырашылі, а праз пару тыдняў да яе могуць вярнуцца. Гісторыя ведае шмат выпадкаў менавіта такіх паводзінаў: слова даў, а потым забраў.

— Пуцін у сваім звароце сказаў пра тры шляхі для «вагнэраўцаў»: кантракт з МА РФ (паслужыць Расеі), вярнуцца да родных, зьехаць у Беларусь («Дадзенае мной абяцаньне будзе выканана»). Зьехаць у Беларусь — гэта перастаць служыць Расеі.

А ў Беларусь — гэта каму служыць? У піраты, у кандат’еры, у прыватнае войска Лукашэнкі? Як вы зразумелі гэтую формулу Пуціна?

— Магчымасьць звольніцца — гэта таксама цікава. Людзі, якія заключылі кантракт з МА РФ, звольніцца ня могуць. Мабілізаваныя звольніцца ня могуць. А вайскоўцам «Вагнэра» гэта чамусьці можна. І раней, дарэчы, было можна.

«Паслужыць Расеі» — гэта варыянт для іх байцоў-адстаўнікоў з сурʼёзнай падрыхтоўкай. Там ёсьць і такія, там ня ўсе крымінальнікі. А пра тых, хто паедзе ў Беларусь, проста ніхто ня думае. У любым выпадку арганізаваным вайсковым фармаваньнем яны на тэрыторыі Беларусі ня будуць. Гэта разумеюць усе, і Лукашэнка ці ня першы. Бо гэта рызыка, гэта пагроза. І ясна, што ў Беларусь яны сыдуць бяз зброі. Цяжкае ўзбраеньне яны ўжо здаюць.

— Некаторыя і ў Беларусі, і ва Ўкраіне перасьцерагаюцца, што «вагнэраўцы» зь Беларусі пойдуць у наступ на Ўкраіну, адкрыюць новы фронт вайны. Наколькі імаверным вам гэта падаецца?

— Мне не здаецца гэта імаверным. Поўнач Украіны цяпер даволі сурʼёзна ўмацаваная, замінаваная. І прыбыцьцё некалькіх тысячаў вайскоўцаў нічога там не дае. І гэта ж нельга зрабіць імгненна. Калі іх у Беларусі будуць трымаць, іх трэба будзе ўзброіць. Гэта ж не дывэрсійная група. І пачатак такога нападу ўтрымлівае ў сабе велізарныя рызыкі для кіраўніцтва Беларусі як у стасунках з Украінай, гэтак і ў больш шырокім міжнародным пляне.

— Цяпер — пра сытуацыю ў Расеі. Гэткія «расейскія горкі». Пракуратура ў пятніцу: мяцеж, крымінальная справа. Пуцін у суботу раніцай: мяцеж. Увечары Пяскоў: усе абвінавачаньні зьнятыя, «Прыгожын сыходзіць у Беларусь». Пракуратура ў панядзелак: абвінавачаньні ня зьнятыя. ФСБ у аўторак: справа закрытая. Што азначае гэтае рознагалосьсе?

— Гэта да вэрсіяў пра шматхадовачкі. Няздольны Крэмль на іх. Яны робяць адзін крок, а потым па абставінах — другі, у іншы бок. Можа быць, у суботу-нядзелю некаторыя дэталі ўгоды даўзгадняліся, таму Прыгожын выступіў толькі ў панядзелак. Таму і спатрэбіўся зварот Пуціна ў панядзелак.

Усё па абставінах: спачатку гаворым, што ён мяцежнік, а потым, не абвяргаючы гэтага, кажам, што справа закрытая і ён можа сысьці ў Беларусь.


Глядзіце таксама

— І пра наступствы — для Расеі і для хады вайны.

— Ніякіх наступстваў для вайны ў бліжэйшы час ня будзе. З пункту гледжаньня Пуціна, праблема вырашаная, перагортваем старонку і робім далей тое ж, што і рабілі.

На фронце 200–300 тысячаў салдатаў, якія навучыліся ваяваць, прынамсі, у абароне, бяз «Вагнэра» і засталіся абсалютна ляяльнымі кіраўніцтву. Унутры краіны ніякага расколу элітаў не адбылося. Мільёны канапных патрыётаў дапамагаць «вагнэраўцам» не пайшлі. Грошы як былі ў краіне, гэтак і ёсьць. Украінскі наступ разьвіваецца ня так, як перасьцерагаліся. У ваенным сэнсе наступстваў няма ніякіх.

Палітычныя, напэўна, ёсьць. Зараз будзе пераацэнка ляяльнасьці людзей у элітах зьнізу даверху. У цэлым эліты засталіся ляяльнымі ўладзе.

Сярод хору камэнтатараў, якія пачалі дружна гаварыць пра аслабленьне расейскага рэжыму, я таксама магу заўважыць — у чымсьці ён аслабеў. Але галоўнае тое, што ён не абрынуўся. Ён вытрымаў гэты іспыт. Не на выдатна, але здаў.

— І пра Лукашэнку: на думку многіх, ён ці не галоўны бэнэфіцыяр, ён умацаваўся, ён выйграў. Вы згодны?

— Аўтакраты адзін аднаму дапамагаюць, а потым адзін аднаго за гэта ненавідзяць. Няма ў іх братэрства і адзінства. Пуцін невыпадкова ў панядзелак сказаў, што Лукашэнку дзякуй, але галоўная заслуга належыць расейскаму народу, які кансалідаваўся. Гэта было сказана невыпадкова.

Калі Лукашэнка сапраўды адыграў важную ролю, то пра гэта ведаюць людзі ў Крамлі, а значыць, хутка будуць ведаць прадстаўнікі спэцслужбаў у недружалюбных Расеі і Беларусі дзяржавах. І гэта можа некага падштурхнуць пачаць будаваць масты з Лукашэнкам. І таму Пуцін будзе аднаўляць тыя адносіны, якія былі ў яго з Лукашэнкам да гэтага крызісу.