На даляглядзе ў Расіі новы ваенны бунт?
Што будзе з «Вагнерам»? Калі «вагнераўцаў» адправяць у рэгулярныя часткі, уплыў Прыгожына на расійскую армію толькі ўзмоцніцца. Яны разнясуць свае ідэі ў масы!
Ужо становіцца зразумела,
што ПВК «Вагнер» не будзе існаваць у папярэднім фармаце. Да суботы яны
з'яўляліся асобнай арміяй з усім спектрам зброі, але пасля няўдалага паходу на
Маскву стартаваў актыўны працэс дэмілітарызацыі ПВК.
Таму, як лічыць Корреспондент.net, «Вагнер» будзе дзейнічаць як асобная падкантрольная арганізацыя або стане небяспечнай групоўкай.
Памілаванне ад Пуціна
Расійскі дыктатар памілаваў мяцежнікаў і заявіў, што чальцы ПВК паспрабавалі выступіць «уцёмную» супраць «сваіх братоў па зброі».
«У той жа час мы ведалі і ведаем, што пераважная большасць байцоў і камандзіраў групы «Вагнер» – гэта таксама патрыёты Расіі, адданыя свайму народу і дзяржаве», – заявіў Пуцін.
Нягледзячы на тое, што «вагнераўцаў» Пуцін называе «патрыётамі», Мінабароны РФ распачало падрыхтоўку перадачы цяжкага ўзбраення ПВК у падраздзяленні рэгулярнага войска.
Адзначым, што раней менавіта расійскае Мінабароны забяспечвала баевікоў усёй зброяй, уключаючы танкі, артылерыю, зенітна-ракетныя комплексы, таму цяпер гаворка ідзе пра фактычнае раззбраенне «Вагнера».
Паралельна з гэтым у ФСБ заявілі, што закрылі ўсе справы па факце ўзброенага бунту. Афіцыйнай прычынай спынення расследавання з'яўляецца тое, што мяцежнікі самастойна «спынілі дзеянні, накіраваныя на здзяйсненне злачынства».
Вастрыні сітуацыі дадае тое, што падчас так званага паходу на Маскву «вагнераўцы» захапілі Растоў-на-Доне, вайсковы аэрадром і іншыя вайсковыя аб'екты. А таксама збілі, па розных даных, чатыры верталёты, адзін самалёт і забілі каля 20 расійскіх вайскоўцаў.
Шлях у Беларусь або кантракт
У Крамлі было прапанавана тры варыянты для наймітаў. Першы — працягнуць службу, падпісаўшы кантракт з Мінабароны РФ або іншымі сілавымі органамі, другі — «вярнуцца да сваіх родных і блізкіх». І трэці варыянт — «сысці ў Беларусь».
Што яны там будуць рабіць, пакуль не зразумела.
Аднак сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што камандзіры «Вагнера» будуць перадаваць беларусам баявы вопыт пасля штурму ўкраінскіх пазіцый. У прыватнасці, па яго словах, найміты могуць расказаць пра зброю і тактыку.
«Цяпер шмат размоў: Вагнер, Вагнер, Вагнер. Людзі не разумеюць, што і мы прагматычна да гэтага падыходзім... Калі іх камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам... Вопыт. Слухай, яны на перадавой — штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што цяпер важна. Вось мне Пуцін апошні раз сказаў: контрбатарэйная барацьба, без гэтага немагчыма. Беспілотнікі. Яны праз гэта прайшлі», — сказаў Лукашэнка. Ён дадаў таксама, што баяцца «вагнераўцаў» не трэба.
Палкоўнік УСУ ў запасе і вайсковы эксперт Раман Світанмяркуе, што асноўнай задачай «вагнераўцаў» у Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе ахова самога Лукашэнкі і ягонага акупацыйнага рэжыму.
«Прыкрываць Лукашэнку і гэты акупацыйны рэжым ад магчымых дзеянняў па дэакупацыі Беларусі палком Каліноўскага, а можа, брыгадай Каліноўскага або корпусам — тут справа як пойдзе. Таму, хутчэй за ўсё, гэта будзе галоўнай задачай, якая з’явіцца ў Прыгожына ў бліжэйшы час. Тым больш гэта профільная задача прыватных кампаній, я б не сказаў ваенных кампаній, а прыватных ахоўных фірмаў», —патлумачыў Світан.
Акрамя таго, «Вагнер» з падтрымкай вайсковых сродкаў паражэння можа выконваць у Беларусі яшчэ пэўныя штурмавыя дзеянні, дадае эксперт.
Адзначым, што сёння Лукашэнка пацвердзіў прыбыццё ў краіну Прыгожына, аднак аспрэчыў будаўніцтва лагераў для «вагнераўцаў», пра якія напярэдадні паведамлялі СМІ.
На даляглядзе новы бунт
У сваю чаргу, ваенны эксперт Юрый Фёдараў лічыць, што пасля размеркавання «вагнераўцаў» у рэгулярныя войскі РФ мяцежныя настроі ўсё роўна будуць жыць далей.
«Танкі, бронемашыны, артылерыю ў іх забяруць, расфарміруюць як арганізацыю і асабовы склад адправяць у тыя ці іншыя рэгулярныя часткі. Але гэта азначае, што ўплыў Прыгожына і «Вагнера» на расійскую армію толькі ўзмоцніцца», — адзначыў Фёдараў.
Паводле яго слоў, рыторыка Прыгожына вельмі блізкая расійскай арміі, а таму яго ідэі лягуць у добрую глебу.
Меркаванне Фёдарава падзяляе і намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў Арміі МіхаілСамусь. Паводле яго слоў, праект, «тварам» якога стаў Прыгожын, ствараўся не адзін год — і ў ім бяруць удзел спецслужбы, алігархі і, у прыватнасці, прадстаўнікі адміністрацыі Пуціна.
«Таму варта чакаць працягу гэтай гісторыі», — дадаў эксперт.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны таксама адзначае, што Крэмль мае на мэце прыцягнуць сілы «Вагнера» ў расійскае Мінабароны, але незразумела, як плануецца інтэграваць «вагнераўцаў» у вайсковую структуру. Крэмль можа падзяліць дзеючыя ва Украіне войскі «Вагнера», каб узмацніць існыя вайсковыя фарміраванні, або прымусіць іх зарэгістравацца ў ПВК, звязаных з Мінабароны Расіі, мяркуюць аналітыкі
«Крэмль можа вырашыць захаваць структуру «Вагнера»выключна для падтрымкі аперацый у Афрыцы ці на Блізкім Усходзе і падзяліць групу войскаў ПВК ва Украіне. Падобныя сцэнары могуць паўплываць на маральны дух і баяздольнасць сіл ПВК «Вагнер», — адзначаецца ў справаздачы Інстытута.
Пераклад «НЧ»