Лекі, харчы, насенне. Што можа страціць Беларусь у выпадку закрыцця мяжы з ЕС

Пасля таго як Беларусь прыняла ў сябе наймітаў ПВК «Вагнер», Польшча, Літва і Латвія сталі актыўна абмяркоўваць пытанне поўнага закрыцця мяжы з нашай краінай. Вільня ўжо зрабіла першы крок — 18 жніўня перастануць працаваць два з шасці пунктаў пропуску. Калі нашы суседзі з краін ЕС усё ж вырашаць цалкам спыніць рух праз межы, гэта адаб'ецца не толькі на магчымасці беларусаў ездзіць у суседнія еўрапейскія краіны, але таксама моцна абмяжуе доступ да заходніх тавараў, у тым ліку крытычна важных. «Люстэрка» расказвае, пра што варта турбавацца.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Што будзе з лекамі і медыцынскім абсталяваннем

Закрыццё Польшчай, Літвой і Латвіяй меж з Беларуссю азначала б поўнае (за рэдкім выключэннем) прыпыненне гандлёвых шляхоў. Магчымасці лагістыкі праз гэтыя краіны з 2022 года сур'ёзна скараціліся ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі Бруселем у адказ на садзейнічанне Мінскам вайсковай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Але многія важныя для беларускага спажыўца тавары працягвалі паступаць на наш рынак праз заходнія межы.

Мабыць, галоўнае, без чаго не змогуць абысціся беларусы ў выпадку закрыцця заходняй мяжы, гэта лекі. У лістападзе мінулага года генеральны дырэктар гандлёва-вытворчага прадпрыемства «Белфармацыя» Сяргей Літаш запэўніваў, што айчынныя вытворцы могуць «забяспечыць сваю краіну ўсім неабходным». Але ў тым жа інтэрв'ю ён прызнаваўся, што ні адна дзяржава ў свеце не можа цалкам задаволіць патрэбы насельніцтва і сістэмы аховы здароўя ў медпрэпаратах. Гендырэктар «Белфармпрама» Сяргей Казакевіч тады ж заявіў, што на айчынныя лекі прыпадае 54% унутранага рынку.

Гэта значыць 46%, ці амаль палова, медпрэпаратаў увозіцца ў нашу краіну з-за мяжы. Чыноўнікі заяўляюць пра мэту максімальна імпартазамясціць замежныя лекі беларускімі. Але нават калі амбіцыйныя планы рэалізуюцца, гэта адбудзецца толькі для 70% відаў медыкаментаў.

Больш за тое, стварэнне аналагаў лекаў у нашай краіне (як і ў любой іншай) не азначае, што яны будуць аказваць на сто адсоткаў такі ж эфект, як тыя, якія пацыенты прымаюць ужо сёння. Калі еўрапейскі аспірын можна без праблем і сур'ёзных наступстваў замяніць беларускім або расійскім, то куды складаней зрабіць тое ж самае з жыццёва неабходнымі медыкаментамі для онка- і кардыяпацыентаў ці людзей з дыябетам.

Аднак у гэтым пытанні варта зрабіць дзве агаворкі. Першае, нават калі на мяжу Беларусі і краін ЕС павесяць замок, ёсць вялікая доля верагоднасці захавання так званых гуманітарных калідораў. Па іх, хутчэй за ўсё, будуць ісці і пастаўкі лекаў. Другое: у нашай краіны застаецца адкрытай усходняя мяжа. Значыць, імпартаваць медыкаменты можна будзе праз трэція краіны. Гэта будзе даўжэй і даражэй, але балазе часцей за ўсё лекі не хутка псуюцца.

Падобная гісторыя з медыцынскім абсталяваннем. Бальніцы, паліклінікі, стаматалагічныя кабінеты аснашчаны вялікай колькасцю сучаснай тэхнікі. Уся яна перыядычна мае патрэбу ў абслугоўванні, рамонце і новых камплектуючых. Пэўная доля гэтага абсталявання абслугоўваецца вытворцамі, якія нярэдка фізічна знаходзяцца ў краінах ЕС. Спыненне руху на мяжы з ЕС ускладніць гэтыя працэсы, і клінікам давядзецца ў экстраным парадку шукаць кампаненты і паслугі комплекснага абслугоўвання медабсталявання на ўсходзе.

Варта адзначыць, што, паводле даных прадстаўнікоў рынку медыцынскіх паслуг, ужо цяпер ёсць праблемы з пастаўкай медабсталявання. Пра гэта раней распавядаў заснавальнік клінікі «Новы зрок» Алег Каўрыгін.

Верагодна, прыйдзецца пайсці на ахвяры і, як гэта зрабілі беларускія аўтаканцэрны, пераключыцца на кітайскія і іншыя аналагі. У гэтым выпадку ёсць рызыка негатыўных наступстваў, як гэта было з узгараннямі аўтобусаў МАЗ пасля замены вялікай колькасці кампанентаў.


Глядзіце таксама

Харчаваннем мы сябе забяспечваем, але далёка не ўсё можам вырабляць і вырошчваць

Яшчэ адна важная група — садавіна і гародніна. У адказ на «недружалюбныя» дзеянні заходніх краін беларускія ўлады яшчэ 1 студзеня 2022 года забаранілі ўвозіць у нашу краіну многія прадукты, вырабленыя там. У тым ліку гародніну і садавіну. Але гэты спіс абнаўляецца па меры ўзнікнення дэфіцыту таго ці іншага тавару. З яго, напрыклад, выключылі абрыкосы, вішню, чарэшню, нектарыны, слівы, хурму.

Многае з садавіны і гародніны па аб'ектыўных прычынах не расце ў Беларусі. Але нават з тым, што ў нас ёсць, часам бываюць цяжкасці. Так, летам з забароненага спісу на месяц выключалі яблыкі. Верагодна, для насычэння ўнутранага рынку гэтым фруктам з-за недахопу ўласных пладоў да новага ўраджаю.

Закрыццё мяжы будзе азначаць абмежаванне доступу беларусаў да імпартнай свежай гародніны і садавіны. Іх, вядома, можна вазіць праз Расію і Казахстан, але такі шлях аказваецца куды больш доўгім, што аўтаматычна азначае пагаршэнне якасці тавару да моманту яго паступлення на прылаўкі беларускіх крам. Да таго ж у выпадку пераарыентацыі лагістычных патокаў на Расію, хутчэй за ўсё, беларускія імпарцёры сутыкнуцца з дадатковымі цяжкасцямі, уключаючы жаданне расійскіх гульцоў рынку атрымаць дадатковую выгаду ва ўмовах фактычнай манаполіі на імпарт. Такое ўжо здаралася летась з бананамі, якія пастаўлялі з Эквадора ў Беларусь праз расійскія парты.

Калі казаць аб іншых прадуктах, то патэнцыйна ў групу рызыкі можна было б аднесці гарбату, каву, алей, крупы, макароны некаторых вытворцаў. Але казаць, што яны знікнуць з паліц крам, наўрад ці варта. Па-першае, многія з іх трапілі пад эмбарга, уведзенае ўрадам у пачатку 2022 года. Значыць, ужо цяпер яны прадаюцца ў абмежаванай колькасці альбо не рэалізуюцца наогул. Па-другое, за паўтара года імпарцёры навучыліся абыходзіць абмежаванні і выкарыстоўваць шчыліны ў заканадаўстве, дзякуючы чаму беларусы могуць купіць нямецкі шакалад, іспанскі аліўкавы алей, італьянскую каву.


Глядзіце таксама

У зоне рызыкі тавары для сельскай гаспадаркі

Як бы дзіўна гэта ні гучала, але славутая харчовая бяспека нашай краіны збольшага забяспечваецца за кошт імпартнага насення і біялагічных дабавак, якія выкарыстоўваюцца ў корме для жывёлы. Сярод іх насенне цукровых буракоў, люцэрны, некаторых відаў кукурузы. «Іх насенне даводзіцца вырошчваць на поўдні, у спрыяльных кліматычных умовах замежных дзяржаў, і сысці ад такога імпарту ў бліжэйшы час не ўяўляецца магчымым», — распавядаў у студзені 2023-га гендырэктар навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробстве Фёдар Прывалаў.

Многія віды насення і ветпрэпараты мы імпартавалі з краін ЕС, у першую чаргу Германіі і Польшчы. Прыпыненне гандлёвых патокаў праз заходнюю мяжу ўскладніць працэс куплі прадукцыі, запатрабаванай у сельскай гаспадарцы, і зробіць яе больш дарагой з-за неабходнасці пошуку абыходных шляхоў дастаўкі ў Беларусь. Бо галіна практычна цалкам знаходзіцца ў руках дзяржавы, а сельгасарганізацыі часта стратныя, што будзе азначаць дадатковыя выдаткі для бюджэту, за кошт якога падтрымліваецца іх існаванне.

Але і ў гэтым выпадку сітуацыя не будзе бязвыхаднай. На выручку прыйдуць прадпрымальныя пасрэднікі з трэціх краін і свой жа бізнес, які знойдзе спосаб арганізаваць новыя шляхі для імпарту.

Зрэшты, некаторыя чыноўнікі ўпэўнены, што Беларусь можа абысціся і без імпартнага насення. Напрыклад, дырэктар Віцебскага занальнага інстытута сельскай гаспадаркі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Андрэй Балыш летась заяўляў, што па насенні Беларусь незалежная. «Калі будзе жорсткае даручэнне дасягнуць 100%, яны і будуць. Я думаю, мы ў сілах гэта зрабіць за год-два», — аптымістычна ацэньваў ён сітуацыю.

У «Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі» (БНБК), якой кіруе сябар Аляксандра Лукашэнкі, былы прэм'ер Кыргызстана Даніяр Усенаў, на якога на радзіме заведзена крымінальная справа за масавы расстрэл мірных грамадзян, заяўлялі пра амбіцыйную мэту выпуску ўласных камбікармоў высокай якасці. Запусцілі прадпрыемства ў ліпені 2022-га. Аднак пакуль ні чыноўнікі, ні яго кіраўніцтва не выхваляліся поспехамі ў гэтым кірунку.


Глядзіце таксама

Нават калі мяжа будзе зачынена, шчыліны застануцца

У цэлым закрыццё меж не будзе азначаць поўную страту для беларусаў заходніх тавараў. У сучасным свеце стварыць такія ўмовы вельмі складана. Тым больш калі ёсць адкрытая мяжа з «сяброўскай» краінай. Да таго ж з пачатку 2023 года ў Беларусі легалізавалі паралельны імпарт. Многія імпарцёры ўжо выбудавалі новыя маршруты паставак, якія дазваляюць абыходзіць санкцыі ці адмову заходніх вытворцаў прадаваць сваю прадукцыю на беларускі рынак. Зразумела, усё гэта адбілася на кошце імпартных тавараў.

Але ёсць іншая складанасць — штучнае стрымліванне коштаў. З кастрычніка мінулага года ўлады жорстка сочаць за цэнамі на ўнутраным рынку. За парушэнне ўстаноўленай столі на капейкі бізнесменаў штрафавалі і нават адпраўлялі за краты.

Атрымліваецца, што пры гіпатэтычным закрыцці заходняй мяжы ўся прадукцыя для імпарцёраў падаражэе, таму што ў іх павялічацца выдаткі на яе дастаўку ў нашу краіну. А вярнуць выдаткаваныя сродкі яны не змогуць, бо чыноўнікі забараняюць падымаць кошты. Але калі дзяржкампаніям не прывыкаць працаваць у страту, будучы ўпэўненымі, што ўлады потым дапамогуць залатаць дзірку сродкамі падаткаплацельшчыкаў, то прыватны бізнес не можа сабе дазволіць такой раскошы. Працаваць у страту ён не будзе. Такім чынам, можна будзе чакаць альбо банкруцтва прыватнікаў, альбо пераарыентацыю імпарцёраў на іншую, больш выгадную для іх прадукцыю. А гэта будзе абяцаць узнікненне дэфіцыту тавараў.