Беларуская моладзь больш апалітычная, чым старэйшыя пакаленні, і спажывае расійскі кантэнт
Такія вынікі даследавання атрымалі сацыёлагі з Chatham House, калі спрабавалі высветліць, якая каштоўнасная база ў сённяшніх маладых людзей.
Chatham House правёў даследаванне на тэму сацыяльна-палітычных каштоўнасцей сярод беларускай моладзі, з 24 мая па 2 чэрвеня 2023 года было апытана 683 рэспандэнты. Мэтавая група дадзенага апытання — беларуская моладзь, якая пражывае ў гарадах, ва ўзросце 18-35 гадоў. Апытанне было праведзена з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI). «MediaIQ» паразмаўляла з дырэктарам «Беларускай ініцыятывы» Chatham House і заснавальнікам «Цэнтра новых ідэй» Рыгорам Астапенем пра тое, дзе маладыя беларусы чытаюць навіны, чым адрозніваюцца адно ад аднаго і што думаюць пра санкцыі супраць Беларусі.
— Ёсць меркаванне, што моладзь не цікавіцца грамадска-палітычнымі навінамі, у адрозненне ад старэйшых пакаленняў. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?
— Гэта адпавядае рэчаіснасці. Калі мы паглядзім не толькі на медыяспажыванне, але і на ўдзел у палітыцы ці ў пратэстах 20-га года, то там велізарная колькасць людзей больш сталага ўзросту. Сярод маладых людзей у апытаннях заўсёды адзначаем, што яны менш цікавяцца палітыкай, значна радзей, чым астатнія групы, могуць адказаць на пытанні анкеты. Таму магу сказаць, што моладзь менш палітызаваная. Пры гэтым важна адзначыць, што маладыя беларусы розныя. Напрыклад, наша даследаванне ахапіла людзей ад 18 да 35 гадоў. Але 19-гадовы рэспандэнт па светапоглядзе ашаламляльна адрозніваецца ад 34-гадовага. І, адпаведна, чым старэйшая моладзь, тым больш яна палітызаваная, таму што ўжо знаёмая з тым, як працуе сістэма. Ёсць досвед, на які можна абаперціся пры фарміраванні сваёй пазіцыі.
— Якія СМІ ці інфармацыйныя пляцоўкі разглядаюцца як найбольш значныя ў кантэксце ўплыву на каштоўнасці моладзі?
— Я думаю, важна разумець, што ў маладых людзей няма моцнай прыхільнасці да традыцыйных медыя. Мы пыталіся ў рэспандэнтаў пра розныя сродкі камунікацыі: сацсеткі ці буйныя беларускія СМІ, напрыклад, «Зеркало», «Наша Ніва», «Свабода», «Euroradio» і «Белсат TV». Я б дапусціў, што маладыя людзі больш хаатычна спажываюць інфармацыю, чым старэйшае пакаленне. Моладзь значна часцей чытае Telegram, напрыклад, у іх стужцы могуць прысутнічаць навіны з «NEXTA» або «Беларусь галаўнога мозгу». Сюды ж можна аднесці TikTok, які паказвае інфармацыю паводле свайго алгарытму, і часам карыстальнік не можа паўплываць на тое, што ўбачыць у гэтай сацсетцы. Таму вельмі цяжка дакладна сказаць, якія медыя ўплываюць на светапогляд маладых людзей больш за ўсё. Але пры гэтым даследаванне паказвае, што незалежныя СМІ ўсё яшчэ папулярныя сярод моладзі.
— Удакладніце, калі ласка, на аснове якіх даных зроблена выснова пра папулярнасць расійскіх блогераў сярод беларускай моладзі. Каля паловы апытаных маладых людзей не сочаць за палітычнымі блогерамі і журналістамі, а сярод тых, хто гэта робіць, большай папулярнасцю карыстаюцца расійскія каментатары. Прычым кантэнт пра РФ дамінуе. Гэта значыць, што беларускай моладзі не цікава ўласная краіна? Ці, магчыма, праз тое, што ў Беларусі немагчыма ўплываць на палітыку, адпаведна, падае цікавасць да яе?
— Гэта можна растлумачыць тым, што расійская медыясфера дамінуе ў Беларусі. Расійскі кантэнт больш шырока прадстаўлены, у яго больш прыгожая падача. Плюс у людзей можа быць адчуванне, што там, у Расіі, адбываюцца больш важныя падзеі. Як прыклад, там больш унікальнага кантэнту пра вайну. А вайна цяпер — галоўная палітычная падзея. Але на рэйтынг могуць уплываць і цяжкасці каналаў дыстрыбуцыі незалежных медыя: пастаянныя блакіроўкі, алгарытмы пошукавікаў. Калі разглядаць канкрэтна дзяржаўныя СМІ, то я лічу, што значна менш моладзі сочыць за гэтымі медыя. У рэйтынг трапіў Азаронак, але, зноў жа, пасля 2020 года ён стаў у пэўным сэнсе селебрыці. Так, ён прыцягвае ўвагу, але гэта не значыць, што за яго «творчасцю» сочаць, хутчэй, яго проста ведаюць і могуць назваць прозвішча.
— Ваша даследаванне паказвае, што ў цэлым моладзь добра ставіцца да суседзяў і буйных геапалітычных актараў. Пры гэтым аўдыторыя незалежных СМІ лепш ставіцца да ЕС і Украіны, а аўдыторыя дзяржСМІ часцей за іншых негатыўна ставіцца да ЗША і краін ЕС. Гэта можа быць сведчаннем таго, што СМІ ці прапаганда сапраўды фарміруюць грамадскую думку?
— Так, безумоўна, ёсць сувязь паміж тым, якую інфармацыю мы спажываем, і тым, што мы думаем пра тое, што адбываецца вакол нас. Адвечная спрэчка: чалавек спажывае інфармацыю, якая адлюстроўвае яго светапогляд, ці гэта інфармацыя, якую ён спажывае, уплывае на яго светапогляд?
Зразумела, што на гэтыя пытанні правільнага адказу няма. Трэба разумець, што наша сітуацыя моцна адрозніваецца ад сітуацыі ў іншых краінах тым, што ў беларусаў ужо сфарміраваны групы па медыяспажыванні. Гэта значыць, чалавек, які вырашыў, што не будзе чытаць дзяржаўныя СМІ, ужо з вялікай верагоднасцю сваё рашэнне не зменіць. Калі ж разглядаць аўдыторыю дзяржСМІ, то яны цяпер у цэлым не будуць ведаць, як знайсці незалежныя медыя і што ім за гэта будзе. І выходзіць, што гэтыя групы развіваюцца ўнутры сябе. Прадэмакратычныя людзі становяцца ўсё больш празаходнімі. А прыхільнікі Лукашэнкі ўсё больш глядзяць у бок Расіі.
Разгледзім перадвыбарчую кампанію 2020 года. Практычна ва ўсіх кандыдатаў, нават у Лукашэнкі, была цэнтрычная пазіцыя. Але пасля падаўлення пратэстаў мы назіраем усё большую палярызацыю па геапалітычных пытаннях паміж аўдыторыямі незалежных і дзяржаўных медыя.
— Як вы лічыце, як фарміруе сваё меркаванне неактыўная аўдыторыя? У такой моладзі самы вялікі адсотак адказаў, што Беларусі трэба быць па-за геапалітычнымі саюзамі ці Беларусі неабходна быць у саюзе і з РФ, і з ЕС. Пра што гэта сведчыць?
— Гэта досыць даўні наратыў у беларускім грамадстве, за які шмат крытыкавалі як Ціханоўскую, так і Лукашэнку ў 2020 годзе. Гучыць ён так: «Беларусь — своеасаблівая Швейцарыя». Людзі хацелі быць самастойнымі і незалежнымі ад знешніх геапалітычных гульцоў. Характэрна, што гэтае калектыўнае меркаванне ўсё яшчэ папулярна, але вось што мне самому цікава: ці з'яўляецца гэты наратыў інертным? Думаю, гэтая тэма заслугоўвае асобнага даследавання. Але асабіста я думаю, што гэта рэфлексіўнае меркаванне беларусаў, бо калі б гэта было інертным выбарам, то беларусы паўтаралі б прарасійскія тэзісы, якія ім навязвае прапаганда. Але мы фіксуем, што большасць, насуперак дзяржСМІ і нават празаходнім незалежным медыя, паўтараюць тое, што яны хочуць жыць па-за геапалітычнымі саюзамі.
— З нагоды падтрымкі ваенных дзеянняў РФ ва Украіне. Мяркуючы па выніках апытання, аўдыторыя, якая чытае і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ, не ведае, як ставіцца да гэтага пытання. Ці атрымалася ў моладзі заблытаць гэты тып прапаганды?
— Гэта можна апісаць тэзісам, які сфармуляваў нядаўна на канцэрце Макс Корж: «Не забывайце: беларусы — нармальныя, нікому не верце». У мяне пытанне: што значыць — нікому не верце? Каму не верыць? Мне незразумела. Мой калега Філіп Біканаў нядаўна правёў адно даследаванне, вынікі якога пакуль не апублікаваны, але ён мне пра яго расказаў. Ён апытваў людзей, што яны думаюць пра Бучу. І атрымалася, што беларусы не вераць ні ва ўкраінскую версію, ні ў расійскую. Яны адказвалі расплывіста, таму можна зрабіць выснову, што часам людзі хоць і спажываюць інфармацыю, але яны ў яе не вераць і проста не выпрацоўваюць аніякай пазіцыі адносна той ці іншай падзеі.
— Як вы лічыце, грошы з'яўляюцца галоўнай каштоўнасцю для моладзі?
— Я думаю, што ў сярэднім для грамадства заўсёды эканамічныя пытанні важнейшыя, чым палітычныя ці каштоўнасныя. Зразумела, што нейкія падзеі, напрыклад, вайна мяняюць парадак прыярытэтаў.
Але калі ты жывеш у краіне, у якой не вядуцца баявыя дзеянні, не адбываюцца настолькі страшныя падзеі, то эканамічныя праблемы становяцца прыярытэтней за астатнія. Яны аб'ядноўваюць усіх людзей. І ўмоўных прыхільнікаў рэжыму, і праціўнікаў, і нават людзей, якім усё роўна, пры якой уладзе яны жывуць. Я думаю, што яны могуць адчуваць іх значна больш, чым мы можам уявіць сабе тут, у эміграцыі.
А праблем хапае: нізкія заробкі, павышэнне цэн, недастаткова працоўных месцаў. Дарэчы, тое, што не ўвайшло ў гэтае даследаванне, але пра што мы пыталіся: «Як вы думаеце, наколькі шмат беспрацоўных у Беларусі?» І мы бачым, беларусы думаюць, што ў Беларусі вельмі шмат беспрацоўных. І гэта ў пэўным сэнсе звязана з тым, што людзям вельмі цяжка знайсці годную працу. Яны не ўспрымаюць вакансіі на сайтах выканкамаў як нешта, што адпавядае іх запытам.
— Атрымліваецца, калі нашы апазіцыйныя палітыкі ў эміграцыі заклікаюць краіны Захаду да санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, а фактычна — супраць Беларусі, то сярод беларусаў унутры краіны гэта выклікае негатыўныя эмоцыі?
— Так, безумоўна. Санкцыі непапулярныя. Гэта абсалютна зразумела. А хто хоча жыць бядней? Вядома, ёсць частка людзей, якія думаюць, што праз санкцыі мы можам прыйсці да калапсу. А ў выніку эканамічны калапс прывядзе да палітычнага.
Думаю, так лічаць некаторыя людзі. Па-першае, эканамічны калапс не адбываецца. Па-другое, неабавязкова эканамічны крызіс прывядзе да палітычнага. І калі ў чалавека заробак 300 долараў, у яго дзеці, якіх трэба банальна сабраць у школу, а з-за мяжы прапануюць табе стаць яшчэ бядней, каб пры ўдалым збегу абставін адбыўся пераварот, то чалавек ясна разумее: адзінае, што з прыведзенага рэалістычна — гэта тое, што ён збяднее.