Аўдыторыя дзяржаўных СМІ — за мабілізацыю. Вынікі даследавання «Chatham House»

«Людзі паўтараюць наратывы дзеючай улады», лічыць сацыёлаг Рыгор Астапеня.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У беларусаў няма адзінага меркавання наконт стаўлення да мабілізацыі ў Расіі. І расійскаму, і ўкраінскаму народу яны, часцей за ўсё, суперажываюць і жадаюць хутчэйшага заканчэння вайны. Да такіх высноў прыйшлі аўтары новага даследавання «Chatham House», прысвечанага медыяспажыванню, стаўленню да мабілізацыі ў Расіі і ідэалагічнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Яго вынікі ў аўторак, 20 снежня, прадставіў дырэктар «беларускай ініцыятывы» «Chatham House» Рыгор Астапеня, піша dw.com.

Апытанне праводзілася з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI) 11-20 лістапада 2022 года. У ім прынялі ўдзел 858 гараджан. Аўтары не выключаюць, што на вынікі маглі паўплываць «асцярогі рэспандэнтаў», а таксама дапускаюць, што падтрымка Аляксандра Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў даследаванні, бо яго прыхільнікі «часцяком менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым праціўнікі». Аднак статыстычная хібнасць выбаркі не перавышае 3,4%.

Траціна беларусаў чытаюць і глядзяць дзяржаўныя СМІ

Аўтары падзялілі ўдзельнікаў даследавання на групы ў залежнасці ад таго, якім медыя яны аддаюць перавагу. Паводле слоў Рыгора Астапені, сёння складана сегментаваць беларускае грамадства па палітычнай прыкмеце або стаўленні да ўлады: «Медыяспажыванне таксама з'яўляецца індыкатарам таго, што людзі думаюць і пра дзеючую ў Беларусі ўладу, і пра вайну ва Украіне, і пра іншыя палітычныя падзеі».

Паводле даных апытання, дзяржаўныя расійскія і беларускія медыя глядзяць 33% рэспандэнтаў, 24% апытаных выбіраюць недзяржаўныя СМІ, чвэрць звяртаюцца і да адных, і другіх, 18% рэдка глядзяць абодва тыпы.

Аўдыторыі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ не давяраюць альтэрнатыўным крыніцам. Пры гэтым спажыўцы кантэнту дзяржаўных медыя «не ўпэўненыя, што незалежныя СМІ хлусяць».

Беларусы не вызначыліся са стаўленнем да мабілізацыі ў РФ

«Chatham House» прапанаваў удзельнікам апытання выказаць стаўленне да мабілізацыі ў Расіі. Яе падтрымліваюць 42%, выказаліся супраць яе правядзення 34%. Ухіленне ад мерапрыемстваў па мабілізацыі з боку звычайных расійцаў (адмова атрымліваць позву, пераезд да сяброў і інш.) лічаць правільным 37% апытаных. Столькі ж такія дзеянні ганяць.

«У Беларусі ведаюць пра тое, што ў Расіі абвясцілі частковую мабілізацыю, што адбываюцца мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу, — кажа Рыгор Астапеня. — Але рэспандэнты не так шмат ведаюць пра тое, што ў Беларусі разгарнулі сумесную рэгіянальную групоўку войскаў РФ і РБ, і яшчэ менш — пра тое, што на тэрыторыі Беларусі праводзяць трэніроўкі расійцаў, якіх потым апраўляюць у месцы баявых дзеянняў».

На думку сацыёлага, гэта сведчыць пра тое, што дзяржаўныя медыя рэдка гавораць пра гэтыя падзеі, часцей пра іх вядома людзям, якія чытаюць незалежныя СМІ.

Суперажываюць і жадаюць хутчэйшага заканчэння вайны

«Таксама мы прапанавалі людзям напісаць кароткія тэлеграмы простым грамадзянам Расіі ці Украіны. Рэспандэнты былі падзелены на дзве часткі выпадковым чынам. Мы ўбачылі, што цвёрда дамінуюць гуманітарныя пасланні. Пажаданні трымацца, спачуванні, пажаданні міру», — расказвае Астапеня.

Былі і «палітычныя пасланні», у якіх людзі выказвалі падтрымку таму ці іншаму боку канфлікту, заклікалі адумацца і г. д.

«Тое, што беларусы яўна суперажываюць і жадаюць хутчэйшага заканчэння вайны, шмат у чым супярэчыць таму, што аўдыторыя дзяржаўных СМІ нібыта падтрымлівае частковую мабілізацыю, — адзначае эксперт. — Калі б улада ў Расіі сказала, што заканчвае вайну, то, хутчэй за ўсё, аўдыторыя дзяржСМІ сказала б, што гэта добрая ідэя. Людзі паўтараюць наратывы дзеючай улады».

Дэмакраты і прыхільнікі рынкавых рэформаў

Што тычыцца ідэалагічнай самаідэнтыфікацыі беларусаў, то больш за палову гараджан (57%) лічаць сябе дэмакратамі, столькі ж сярод беларусаў і прыхільнікаў рынкавых пераўтварэнняў. А вось тых, хто прытрымліваецца левых сацыялістычных поглядаў, усяго 17%. «Гэта паказвае, што ў грамадстве ёсць пэўны запыт на трансфармацыю і што беларусы куды больш ліберальныя, чым гэта можа здавацца», — лічыць Рыгор Астапеня.

Знешнепалітычныя перавагі беларусаў, на думку аўтараў даследавання, застаюцца ўстойлівымі: пасля пачатку вайны значная доля беларусаў перастала верыць у «сіметрычныя дружалюбныя адносіны з Расіяй і Еўрапейскім Саюзам». У лістападзе 2022 года такой палітыцы аддалі перавагу 25% апытаных, у саюзе з РФ бачаць Беларусь 38%, 18% выбіраюць ЕС, столькі ж лічаць, што краіне лепш быць па-за ўсялякімі геапалітычнымі саюзамі.

Нягледзячы на тое, што пры выбары саюзніка пераважае эканамічны фактар, для беларусаў вырасла каштоўнасць паняццяў «бяспека» і «незалежнасць».