Імёны дзясяткаў салдат РФ, якія забівалі людзей у Бучы, высветліла «New York Times»
Журналісты ідэнтыфікавалі дзясяткі расійскіх вайскоўцаў, якія забівалі мірных жыхароў у Бучы — гаворка ідзе пра байцоў 234-га дэсантна-штурмавога палка.
Журналісты прааналізавалі запісы тэлефонных размоў, дакументы, інтэрв'ю і тысячы гадзін відэа, якія паказваюць, як расійскае дэсантнае падраздзяленне забіла дзясяткі чалавек у Бучы ў сакавіку.
Журналісты «New York Times» падчас уласнага расследавання ідэнтыфікавалі дзясяткі расійскіх вайскоўцаў, якія забівалі цывільных у Бучы, на сумна вядомай вуліцы Яблыневая ў сакавіку 2022 года. «NYT» паведамляе, што злачынствы здзяйснялі байцы 234-га дэсантна-штурмавога палка.
Пасля дэакупацыі Бучы ўкраінскай арміяй на вуліцах горада і ў падвалах дамоў былі знойдзены дзясяткі цел мірных жыхароў.
Свае высновы «New York Times» зрабіла на падставе аналізу запісаў тэлефонных размоў, шматлікіх відэа і інтэрв'ю з відавочцамі. Многія тэлефанаванні ў Расію, якія ўдалося адсачыць, былі зроблены з тэлефонаў, забраных расіянамі ў гараджан.
Таксама, як адзначаюць журналісты «NYT», падраздзяленне, якое адыходзіла з Бучы, пакінула ў спешцы некаторую дакументацыю і асабістыя запісы байцоў РФ.
Напрыклад, у адным з запісаў быў пазначаны нумар вайсковай часткі пскоўскіх дэсантнікаў — в/ч 74268. Таксама былі знойдзены нарукаўныя нашыўкі палка.
https://novychas.online/zamezza/zurnalisty-apublikavali-novyja-dokazy-vaennyh-zlac
Журналістам «New York Times» таксама ўдалося ўстанавіць асобы 36 забітых на вуліцы Яблыневай. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што не ведаюць, хто канкрэтна з расійскіх захопнікаў у якую канкрэтна ахвяру страляў.
Пазней вынікі падобных журналісцкіх расследаванняў будуць далучаны да матэрыялаў для міжнародных судоў, да правядзення якіх заклікае Украіна.
Паводле t.me/kyiv_polit, ВВС