302-гі дзень вайны ва Украіне. Байдэн вітае Зяленскага, 100 тысяч загінулых рускіх салдат

Расія страціла ва Украіне ўжо больш за 100 тысяч асабовага складу, 3000 танкаў і каля 6000 іншых бронемашын, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

За мінулыя суткі сілы абароны адбілі атакі рускай арміі ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае, Стэльмахоўка, Плачшанка і Чырвонапопаўка Луганскай вобласці і Берастава, Якаўлеўка, Саледар, Бахмут, Выпытнае, Курдзюмаўка, Азаранаўка, Маёрск, Краснагораўка, Невельскае і Мар'інка Данецкай вобласці, адзначае ўкраінскі Генштаб.

1671693618_825.jpeg

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што Расія не зможа істотна павялічыць армію ў час вайны, аб чым напярэдадні заяўляў Шайгу. Фарміраванне такіх сіл патрабуе вялікіх выдаткаў і часу, а Расія не здолела цалкам укамплектаваць свае падраздзяленні і палкі нават перад поўнамаштабным уварваннем і не цалкам укамплектавала новую дывізію, пра стварэнне якой абвясціла ў 2020 годзе, нагадалі аналітыкі. Яны падкрэслілі, што эканоміка Расіі знаходзіцца ў рэцэсіі, і яе рэсурсы для папаўнення войска значна зменшыліся пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Акрамя таго, афіцэрскі корпус Расіі «вытрыбушаны» стратамі ў гэтай вайне, адзначае ISW. Таму заявы Шайгу, верагодна, былі зробленыя для заспакаення супольнасці блогераў, якія абвінавачваюць Крэмль у тым, што ён не прымае сур'ёзных захадаў. Яны таксама ствараюць інфармацыйныя ўмовы для правядзення будучых хваляў мабілізацыі на падставе ўкамплектавання падраздзяленняў і ўзмацнення ваеннай моцы РФ у перспектыве.

Таксама ў ISW лічаць, што Пуцін заявіў пра падвышаную ядзерную гатоўнасць для заспакаення ўнутранай нацыяналістычнай аўдыторыі і запалохвання Захаду. На думку аналітыкаў, заявы расійскага прэзідэнта аб ядзернай зброі, у прыватнасці гіпергукавых боегалоўках «Авангард» або міжкантынентальных балістычных ракетах «Сармат», зусім не ўказваюць на падрыхтоўку Расіі да іх прымянення. Крэмль рэгулярна выкарыстоўвае ядзерную рыторыку, каб прадэманстраваць сілу ультраправай расійскай супольнасці, якая абвінаваціла Мінабароны РФ у недастатковай рашучасці. ISW мяркуе, што крамлёўскія чыноўнікі не рашацца выкарыстоўваць ядзерную зброю на поле бою.


Адміністрацыя Байдэна ўвяла новыя абмежаванні на экспарт тэхналогій для расійскай ПВК «Вагнер».

Учора Уладзімір Зяленскі сустрэўся ў Вашынгтоне з Джо Байдэнам, а таксама выступіў перад Кангрэсам ЗША. Украінскага прэзідэнта сустрэлі авацыямі. Ён заявіў, што ў наступным годзе будзе паваротны момант: «Гэта момант, калі адвага Украіны і рашучасць амерыканцаў забяспечаць свабоду людзей, якія адстойваюць свае каштоўнасці».

Па словах Зяленскага, бітва за Бахмут вызначыць, як будзе развівацца вайна ва Украіне далей. Таму Украіне патрэбная вайсковая дапамога ЗША, у прыватнасці, сістэмы СПА Patriot — «каб Бахмут быў не толькі крэпасцю, якая перамолвае расійскае войска, а каб — як бітва пад Саратогай — барацьба за Бахмут змяніла ход і нашай вайны за незалежнасць».

Украінскі прэзідэнт таксама падкрэсліў, што недахоп ва ўкраінскай арміі сучаснай бронетэхнікі і авіяцыі істотна зацягвае вайну і дазваляе акупантам забіваць мірных украінцаў. Па просьбе абаронцаў Бахмута ён перадаў Кангрэсу ЗША сцяг Украіны і сказаў, што гэты сцяг з'яўляецца сімвалам украінскай перамогі.


Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) вылучае больш за 375 млн долараў для Украіны, заявіў Байдэн на сумеснай прэс-канферэнцыі з Зяленскім у Вашынгтоне. Гэтыя сродкі забяспечыць харчовую і грашовую дапамогу для больш за мільёнаў украінцаў, а таксама дапамогуць ім заставацца ў цяпле.

Зяленскі заявіў, што для яго як для прэзідэнта справядлівы мір — «гэта адсутнасць кампрамісаў па нашай тэрыторыі і пакрыццё ўсіх страт».

«У нас з Зяленскім абсалютна аднолькавае бачанне міру», — адзначыў Байдэн. Ён выказаў упэўненасць, што адзінства ЗША і саюзнікаў у падтрымцы Украіны захаваецца ў 2023 годзе.

Аднак Байдэн таксама заявіў, што вайна Украіны і Расіі не абыдзецца без перамоваў з Пуціным: «Уся палітыка — персанальная, яна пра тое, каб глядзець у вочы. Няма замены таму, каб садзіцца адзін насупраць аднаго і глядзець у вочы. Сябар ці гэта, ці вораг». Ён выказаў упэўненасць, што Пуцін прайграе ў вайне.

Зяленскі сказаў, што не мае намеру перадаваць ніякіх меседжаў Пуціну, бо менавіта расійскі прэзідэнт цяпер павінен быць зацікаўлены ў тым, каб захаваць хоць нейкія адносіны з цывілізаваным светам. Зяленскі назваў Пуціна неадэкватным і нагадаў, колькі разоў ён хлусіў, што не мае намеру нападаць на Украіну. «Ён больш не з'яўляецца суб'ектам цывілізаванага свету», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

Байдэн заявіў, што прадастаўленне сістэм Patriot Украіне — гэта не эскалацыя, а абарона. І калі б Расія не атакавала Украіну, не было б неабходнасці надання гэтай зброі Украіне.

Кіраўнік Украіны змясціў у сваім тэлеграм-канале фотаздымкі з паездкі ў ЗША


Між тым, украінскія вайскоўцы будуць вучыцца кіраваць ЗРК Patriot некалькі месяцаў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Пентагона, якога цытуе CNN: «Patriot патрабуе навучання, і мы чакаем, што на гэта сыдуць некалькі месяцаў, каб забяспечыць украінскім сілам падрыхтоўку, неабходную для яго паспяховага выкарыстання».



Экс-кіраўнік Раскосмасу Дзмітрый Рагозін паранены пры абстрэле гатэля ў Данецку, пагрозы яго жыццю няма, паведаміў яго памочнік расійскім СМІ. Мясцовыя паблікі пішуць аб абстрэле рэстарана, дзе Рагозін адзначаў свой дзень нараджэння. Раненні нібыта атрымалі асобы, якія суправаджалі яго, а таксама «старшыня ўрада ДНР» Віталь Хацэнка, а яго ахоўнік памёр. «База» паведаміла, што загінулі 2 чалавекі і 5 параненыя. Вось такое свята атрымалася…

Паводле korrespondent.net, ВВС, www.pravda.com.ua, www.ukrinform.ua