У Данецку выбухам параніла Дзмітрыя Рагозіна — ці то ў спіну, ці ў ягадзіцу

Уначы 22 снежня стала вядома, што быў абстраляны рэстаран у Данецку, дзе адзначаў дзень нараджэння Дзмітрый Рагозін. Былы кіраўнік Раскосмаса паранены, але ён заявіў журналістам: «Жыць буду».

Малюнак УНІАН

Малюнак УНІАН

Расійскія інфармагенцтвы паведамляюць, што пры абстрэле Данецка ўкраінскімі войскамі раненні атрымаў былы кіраўнік расійскага касмічнага агенцтва «Раскосмас» Дзмітрый Рагозін, які цяпер узначальвае групу вайсковых дарадцаў «Царскія ваўкі».

Пад абстрэл трапіў рэстаран «Шэш-Беш» у Данецку. Рагозін нібыта адзначаў там дзень нараджэння (21 снежня яму споўнілася 59 гадоў), піша «База» са спасылкай на данецкія тэлеграм-каналы і агенцтва Ruptly.


Паводле непацверджаных звестак, паранены таксама старшыня ўрада анексаванай ДНР Віталь Хацэнка, а яго ахоўнік памёр. Таксама сцвярджаецца, што абстрэл вёўся з гармат калібра 155 міліметраў — гэта стандарт НАТА. Пазней «База» паведаміла, што загінулі 2 чалавекі і 5 параненыя.

Памочнік Рагозіна сказаў агенцтвам ТАСС і РІА «Новости», што Рагозін быў паранены пры абстрэле гасцініцы на ўскраіне горада, у якой ён знаходзіўся. «Дзмітрый Алегавіч атрымаў раненне ў спіну. Ён шпіталізаваны. Пагрозы жыццю няма», — сказаў суразмоўца агенцтва ТАСС.

Паводле інфармацыі «База», Рагозін атрымаў асколачнае раненне мяккіх тканак галавы, пранікальнае асколачнае раненне ягадзіц, а таксама пранікальнае асколачнае раненне левага сцягна.

Сам Дзмітрый Рагозін пацвердзіў інфармацыю аб сваім раненні ў інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today, аднак таксама сцвярджае, што быў паранены ў спіну, а асколак снарада прайшоў «у сантыметры ад хрыбетніка». «Жыць буду», — заявіў пазней Рагозін і дадаў, што быў абстраляны гатэль у Данецку, дзе ён знаходзіўся.

Памочнік Рагозіна выказаў здагадку, што «ўдар насіў відавочна мэтанакіраваны характар». «Спецыялісты схіляюцца да таго, што для ўдару была выкарыстаная 155-міліметровая самаходная артылерыйская ўстаноўка CAESAR, распрацаваная і вырабленая французскай фірмай Nexter», — сказаў ён.

Паводле @bazabazon, @bbcrussian, "Медуза"