Пуцін спрабуе зняць з сябе адказнасць за паразы ў вайне

Кіраўнік Крамля спрабуе зняць з сябе адказнасць за паразы і перакінуць адказнасць на іншых. Уладзімір Пуцін усё часцей кажа аб тым, што Расія імкнецца як мага хутчэй спыніць вайну супраць Украіны.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_805_logo_1.jpg



Пуцін у апошніх публічных выступах зноў спрабаваў абяліць свой вобраз у вачах расіян — і перакласці адказнасць за няўдачы ў вайне на іншых. Пра гэта гаворыцца ў чарговай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі ISW нагадваюць, што Пуцін у апошні час зрабіў некалькі заяў аб тым, што Расія быццам бы хоча як мага хутчэй скончыць вайну, а з другога боку, што не жадае інтэнсіфікаваць баявыя дзеянні, каб не павялічваць колькасць ахвяр.

У той жа час, як паказваюць аналітыкі, кіраўнік РФ падкрэслівае, што краіна не будзе павялічваць тэмпы «СВА», паколькі гэта прывядзе да «неапраўданых страт».

«Гэтыя заявы з'яўляюцца часткай кансалідаваных намаганняў, каб апраўдаць дарагую  ваенную кампанію Пуціна перад расійскай унутранай аўдыторыяй, якая ўсё больш ідзе на вялікія ахвяры дзеля дасягнення нерэалістычных мэтаў Крамля», — тлумачаць у ISW.


Спецыялісты нагадалі, што войска Расіі не атрымала ніякіх значных перамог ва Украіне пасля захопу Лісічанска 3 ліпеня.

«Пуцін і чыноўнікі міністэрства абароны РФ неаднаразова выступалі ў апошнія дні і прапаноўвалі расплывістыя апраўданні ваенным няўдачам, таксама, верагодна, з мэтай зменшыць наступствы працяглай вайны», — дадаюць у справаздачы.

Аналітыкі інстытута мяркуюць, што адзін з тых, на каго Пуцін вырашыў перакінуць віну за няўдачы, — кіраўнік генштаба Валерый Герасімаў, які напярэдадні ўпершыню пасля доўгага перапынку з'явіўся на экранах у самастойнай ролі.

Герасімаў выступіў перад замежнымі вайсковымі аташэ і, як пішуць аўтары справаздачы, прасоўваў усё тыя ж старыя апраўданні вайны, што не адпавядаюць рэальнасці: «неанацызм» ва Украіне і «падрыхтоўка Кіева да нападу на Данбас і Крым».

«Крэмль устрымліваўся ад таго, каб паказваць Герасімава публіцы, амаль дзесяць месяцаў, да 17 снежня, а цяпер, калі хутка пойдзе ўжо другі год вайны, верагодна, спрабуе зноў увесці яго [у публічную прастору] у якасці чарговай фігуры, адказнай за гэтую вайну», — мяркуюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны.


Асноўныя высновы Інстытута вывучэння вайны:

  • Пуцін працягвае адмаўляцца ставіцца да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага як да раўнапраўнага і суверэннага партнёра, што яшчэ больш сведчыць аб тым, што ён не зацікаўлены ў сур'ёзных перамовах.
  • Пуцін зрабіў больш жорсткай існуючую расійскую інфармацыйную аперацыю, накіраваную на змяншэнне дапамогі Захаду ў сферы бяспекі для Украіны.
  • Начальнік Генеральнага штаба РФ Валерый Герасімаў паспрабаваў адрадзіць развянчаны расійскі наратыў пра тое, што Крэмль уварваўся ва Украіну, каб «прадухіліць напад» Украіны на акупаваныя Расіяй Данбас і Крым.
  • У Крамлі сцвярджалі, што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу другі раз за тыдзень наведаў перадавую ва Украіне, верагодна, каб прадухіліць крытыку аб тым, што Шайгу не з'яўляецца лідарам ваеннага часу.
  • Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын працягвае спрабаваць павысіць важнасць вайсковай кампаніі, каб сцвердзіцца як цэнтральная фігура ўльтранацыяналістычнага праваеннага грамадства Расіі.

Паводле understandingwar.org, ВВС, украінскай службы РБК