Як план Кісінджэра можа выратаваць Лукашэнку?

План Кісінджэра мог бы быць выйгрышным для беларускага рэжыму, пра гэта разважае палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман на старонках «Позірку». Кісінджэр даўно не ўплывае на прыняцце рашэнняў у ЗША, але яго пункт гледжання выклікае цікавасць хоць бы ў сілу рэнамэ і багатага палітычнага вопыту.

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo.jpg

Экс-дзяржсакратар ЗША не згадвае Беларусь. Але што чакае нашу краіну, калі яго план усё ж такі будзе рэалізаваны? Пра гэта гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман разважае ў калонцы для «Позірку».

У сваім новым артыкуле Генры Кісінджэр хоць і не згадвае Беларусь, але асноўным бенефіцыярам яго плана мог бы стаць менавіта Аляксандр Лукашэнка.

17 снежня брытанскае выданне «The Spectator» апублікавала артыкул Кісінджэра «Як пазбегнуць новай сусветнай вайны». Калі на Захадзе чарговая публікацыя патрыярха рэал-палітык прайшла практычна незаўважанай, то асобныя расійскія аўтары бурна адрэагавалі на яго прапановы і ўзвялі іх ледзь не ў ранг афіцыйнай амерыканскай перамоўнай пазіцыі.

У Беларусі і Украіне на гэты артыкул, наадварот, не звярнулі ўвагі. І хоць Кісінджэр даўно не ўплывае на прыняцце рашэнняў у ЗША, яго пункт гледжання выклікае цікавасць хоць бы ў сілу рэнамэ і багатага палітычнага вопыту аўтара.

Калі ж план Кісінджэра будзе ўсё ж такі рэалізаваны, што чакае Беларусь?

Ключавая ідэя — вярнуцца да статус-кво на 24 лютага

Былы дзяржсакратар пачынае з экскурсу ў крывавую гісторыю Першай сусветнай вайны, якая мела драматычныя наступствы як для тых, хто прайграў, так і для пераможцаў. І менавіта гэты трагічны вопыт, на думку аўтара, павінен заахвоціць прадухіліць новую сусветную вайну.

Кісінджэр лічыць, што нейтральны статус Украіны больш не мае сэнсу і гэтая краіна, якая валодае вялікай і моцнай арміяй, у будучыні павінна быць звязанай з NATO. Аўтар мяркуе, што Кіеву і Маскве варта вярнуцца да статус-кво на 24 лютага і пачаць перамовы пра лёс занятых Расіяй тэрыторый Украіны. Калі бакам у выніку не ўдасца дамовіцца, то выхадам з сітуацыі маглі б стаць рэферэндумы на спрэчных тэрыторыях пад міжнародным кантролем. Пасля вайны Украіна павінна абавязкова застацца свабоднай і незалежнай краінай, а ў новай архітэктуры бяспекі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе знойдзецца месца і для Расіі.

Кісінджэр адхіляе ідэю сакрушальнага паражэння Расійскай Федэрацыі і вяртання да меж 1991 года. Ён упэўнены, што Расія павінна захавацца ў якасці дзяржавы, здольнай весці стратэгічную знешнюю палітыку: распад буйной ядзернай дзяржавы парушае баланс сіл у свеце і тоіць у сабе небяспеку крывавых канфліктаў на прасторах самой РФ.

Прагматычны і рацыянальны план Кісінджэра мог бы ў пэўнай ступені задаволіць заходні бок, і перш за ўсё дзяржавы Заходняй Еўропы, але ён, трэба думаць, не знойдзе разумення ў Маскве і Кіеве: для Расіі гэта — паражэнне, хоць і не поўнае, для Украіны — перамога, але таксама не поўная. Зрэшты, сюжэт вайны яшчэ можа змяніць падыходы бакоў да гэтага плана.

А чым яго рэалізацыя ў той ці іншай форме магла б абярнуцца для Беларусі?

 

Лукашэнка можа пляскаць у ладкі

Вайна і самаадданы супраціў украінцаў прынеслі Украіне месца ў сістэме палітычных каардынат Кісінджэра. Калі раней ва Усходняй Еўропе амерыканскі дыпламат бачыў перш за ўсё Расію і заклікаў улічваць яе інтарэсы і асцярогі, то цяпер ён падкрэслівае, што ключавой краінай у рэгіёне стала менавіта Украіна.

А вось Беларусь для яго як самастойны фактар па-ранейшаму не існуе. У артыкуле ў «The Spectator» яна нават не згадваецца. Палітык часоў Халоднай вайны, Кісінджэр лічыць Беларусь, відаць, зонай інтарэсаў Расіі і адносіць яе да катэгорыі тэрыторый, якія за апошнія стагоддзі знаходзіліся пад розным замежным валадарствам і пераходзілі з рук у рукі.

Пытанні дэмакратызацыі і палітычнай перабудовы Расіі, не кажучы ўжо аб Беларусі, пакарання ваенных злачынцаў і рэпарацый у публікацыі не падымаюцца. А гэта і ёсць тыя самыя найбольш балючыя пытанні, якіх так баіцца Лукашэнка, уцягнуўшы краіну ў расійскую «спецыяльную вайсковую аперацыю».

Кіраўніку Беларусі, які паўтарае думку аб неабходнасці перамоў і прадухілення сусветнай вайны, прапановы Кісінджэра павінны прыйсціся даспадобы.

З аднаго боку, рэалізацыя плана аслабляе Расію, а значыць і маскоўскую пятлю на шыі афіцыйнага Мінска. З іншага боку, Беларусь застаецца ў арбіце расійскага ўплыву і можа разлічваць на далейшую эканамічную падтрымку ад Масквы. Захоўваецца і палітычны статус-кво, а «нязменны» Лукашэнка атрымлівае новы шанец на палітычную будучыню і нават на ўдзел у стварэнні новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе. 

Без сакрушальнага паражэння Масквы дэмакратызацыя Беларусі праблематычная

Калі для Лукашэнкі рэалізацыя плана Кісінджэра магла б стаць адным з найлепшых вынікаў вайны, то для дэмакратычных сіл Беларусі такі варыянт, наадварот, меў бы катастрафічныя наступствы.

Шанцы на дэмакратычныя змены ў краіне без імпульсаў звонку, без сакрушальнага паражэння Масквы ў вайне і без рашучасці Кіева, Вашынгтона і Бруселя падвесці рысу пад эпохай Лукашэнкі ўяўляюцца сёння прывіднымі. Захаванне расійскага ўплыву перакрэслівае еўрапейскую перспектыву для Беларусі.

Такім чынам, асноўным бенефіцыярам плана Кісінджэра мог бы стаць менавіта Лукашэнка, якога экс-дзяржсакратар ЗША нават не згадвае і, хутчэй за ўсё, лічыць малазначнай і несамастойнай фігурай з атачэння Уладзіміра Пуціна.

Спыненне вайны пры фактычным вяртанні да сітуацыі на 24 лютага, без палітычных і юрыдычных наступстваў для агрэсара і суагрэсара, адсоўвае дэмакратычную перспектыву Беларусі на доўгія гады. Гэта было б аптымальным вынікам для Лукашэнкі і адначасова сур'ёзным ударам па дэмакратычных сілах Беларусі.


Пераклад «НЧ»