301-шы дзень вайны. Зяленскі — у Вашынгтоне, Пуцін стварае «савет па мабілізацыі»

Ноч ва Украіне прайшла адносна спакойна. Але навіны з Расіі і Украіны паказваюць, што гэтае «зацішша» не працягнецца доўга. Што адбывалася на фронце напярэдадні і раніцай 21 снежня?

1033469132_0_0_0_0_1920x0_80_0_0_647acd410b3cdba0f27b8d974f30ddd8.jpg


Генеральны штаб УСУ апублікаваў зварот адносна ваеннага ўварвання РФ ва Украіну па стане на раніцу серады, 21 снежня. У ім зазначаецца, што за мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах дваццаці пяці населеных пунктаў. «Праціўнік нанёс 5 ракетных і 16 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніў 61 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню. З прычыны гэтага вялікія пашкоджанні атрымала грамадзянская інфраструктура і пацярпела мірнае насельніцтва гарадоў Херсон, Канстанцінаўка і Ваўчанск», — гаворыцца ў зводцы.

Пры гэтым у зводцы адзначаецца, што расійскія войскі рыхтуюцца да «перагрупоўкі» ў Запарожскай вобласці. «З 12 снежня расійскія акупацыйныя войскі праводзяць падрыхтоўку да прымусовай эвакуацыі грамадзян Украіны, якія пражываюць на тэрыторыі горада Васільеўка і найбліжэйшых населеных пунктаў Васільеўскага раёна Запарожскай вобласці», — паведамляе Генштаб УСУ.

* * *

Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) аналізуюць візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Бахмут. На іх думку гэтая падзея падарвала «сталую інфармацыйную аперацыю Крамля, накіраваную на тое, каб прадставіць Уладзіміра Пуціна ўдзельнікам вайны».

Аналітыкі паказалі, што 20 снежня Зяленскі наведаў украінскіх вайскоўцаў, якія трымаюць абарону на напружаным Бахмуцкім кірунку, і ўручыў ім узнагароды. Пуцін, у сваю чаргу, правёў цырымонію ўзнагароджання, дзе адзначыў крамлёўскіх чыноўнікаў і прапагандыстаў. «Пуцін актывізаваў намаганні, каб пазбавіць сябе і Міністэрства абароны РФ ад пастаяннай крытыкі. Цырымонія ўзнагароджання дадаткова паказвае на жаданне Пуціна прадставіць сябе ўдзельнікам вайны», — адзначылі ў ISW.


У справаздачы падкрэслілі, што рашэнне Пуціна ўзнагародзіць членаў свайго атачэння, якія нават не прымалі непасрэднага ўдзелу ў баях, у адрозненне ад візіту Зяленскага ў лініі фронту у Бахмуце, выклікала крытыку сярод расійцаў.

«Акрамя гэтага, у РФ адзначылі, што Пуцін узнагароджвае "сваіх герояў у Крамлі", а не жаўнераў, якія бяруць удзел у баявых дзеяннях на перадавой, а таксама дадалі, што ён не наведваў акупаваныя тэрыторыі», — заключаюць спецыялісты.

* * *

Апроч таго, працягваецца аналіз візіту Пуціна ў Беларусь. ISW піша, што расійскі кіраўнік узмацніў ціск Лукашэнку і пазбавіў апошняга магчымасці манеўраваць. Расія працягвае перакідваць у суседнюю краіну вайсковую тэхніку.

Расія пры гэтым перадала Беларусі неўстаноўленую колькасць сістэм СПА С-400, што пацвердзіў сам Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным. Але Лукашэнка, верагодна, адкладае выкананне больш буйных патрабаванняў Пуціна, такіх як прыцягненне беларускіх войскаў для ўдзелу ва ўварванні ва Украіну, робячы невялікія саступкі.

Сістэмы С-400, якія базуюцца ў Беларусі, верагодна, будуць эксплуатаваць расійскія вайскоўцы, адзначае ISW. Расійскі персанал можа кіраваць імі з так званага сумеснага расійска-беларускага вучэбнага цэнтра ВПС і войскаў СПА ў Гродна.

Эксперты адзначылі: ёсць прыкметы таго, што ўварванне ва Украіну з Беларусі можа зноў адбыцца, бо незалежныя беларускія крыніцы працягваюць паведамляць аб павелічэнні расійскіх механізаваных сіл у Беларусі. Аднак такі сцэнар у цяперашні час застаецца малаверагодным, і расійскае ўварванне на поўнач Украіны з Беларусі не з'яўляецца непазбежным.


* * *

Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў заявіў, што Расія разглядае магчымасць абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі. Пасля гэтага ўлады РФ могуць закрыць межы для ваеннаабавязаных. Гаворка ідзе аб забароне выезду для расійцаў ва ўзросце да 65 гадоў.

Увечары 20 снежня з’явілася інфармацыя, што Уладзімір Пуцін стварыў савет па мабілізацыі. У склад групы ўвойдзе 31 чалавек набліжаных да Крамля. Адметна, што раней расійскія ўлады ўжо паспелі абвясціць «частковую мабілізацыю» завершанай.

* * *

21 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адправіўся ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Гэта першы замежны візіт кіраўніка Украіны з моманту ўварвання Расіі 24 лютага 2022 года. Пра гэта паведаміў сам Зяленскі ў Twitter. Ён сустрэнецца з лідарам ЗША Джо Байдэнам, а таксама выступіць перад амерыканскім Кангрэсам.

Паводле BBC, Obozrevatel, Korrespondent