«Прывабная Гейропа». Як наратывы прапаганды б’юць міма беларусаў
Лядоўня пакуль не перамагае тэлевізар. Але высілкі прапаганды працуюць несувымерна яе вынікам. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць з даследавання Chatham House наконт стаўлення беларусаў да Расіі і Захаду.
![dtwau3hx0aao3r4.jpg dtwau3hx0aao3r4.jpg](/img/v1/images/dtwau3hx0aao3r4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Раней даследаванні медыя ў Беларусі паказвалі надзвычай высокую долю ў краіне расійскага кантэнту. Гэта нават выклікала занепакоенасць у адмыслоўцаў, бо прапаганда «рускага міру», на іх думку, ішла не толькі ў звычайных прапагандысцкіх шоу кшталту Салаўёва — нават расійскія серыялы і гульнявыя праграмы разглядаліся як спосаб уцягнуць беларусаў у рускацэнтрычнае ўспрыняцце свету.
Канечне, такія думкі маюць права на існаванне, і яны сапраўды слушныя. Аднак, як высвятляецца, беларусы насамрэч больш устойлівыя да прапаганды, чым гэта падавалася.
Засілле ў Беларусі «прарасійскай» інфармацыі з пачаткам вайны ва Украіне, а таксама высілкі айчынных прапагандыстаў па наданні Захаду «дэманічнага вобразу», падавалася, павінны мець нейкі плён. Як вядома, расійская машына прамыўкі мазгоў усяляк робіць з украінцаў — «фашыстаў», і сцвярджае, што Расія ваюе не з Украінай, а са злавесным NATO. Беларуская «зомбаскрыня» не адстае, транслюючы фобіі Лукашэнкі наконт Захаду, Літвы, Польшчы, Украіны, і — куды ж без яго — таго ж NATO. «Вакол ворагі», і больш за паўгода гэтых «локшынаў на вушы» ледзь не з кожнага дзяржаўнага праса павінны былі б адбіцца на светаўспрыманні грамадзян краіны. Але…
Клуб вандроўнікаў, а не тэлевандроўнікаў
Напрыканцы жніўня Chatham House правёў «непалітызаванае» апытанне наконт таго, як беларусы бачаць Расію і Захад, і ў чым яны бачаць перавагу і першай, і другога. Апытанне праводзілася, як звычайна, праз інтэрнэт, сярод гарадскога насельніцтва, статыстычная памылка выбаркі не перавышае 3,6%.
Найперш сацыёлагі задалі пытанне, якое было жахлівае для кожнага грамадзяніна СССР: «Ці ёсць у вас родзічы за мяжою?». Высветлілася, што амаль у двух трацінаў беларусаў — 62% — выявіліся такія сваякі. З гэтых двух трацінаў у Расіі ёсць родзічы ў 69%, ва Украіне — 29%, у ЗША — 20%, у Польшчы — 18%.
За апошнія пяць гадоў 46% апытаных наведвалі Расію, 26% — Украіну, 15% — Польшчу, 11% — Літву, 12% — іншыя краіны ЕС. У сярэднім беларус за апошнія 5 гадоў наведаў 1,8 краін. Праўда, гэта акрамя тых, хто краіну не пакідаў увогуле. А такіх набралося не так ужо і мала — 37%, больш за траціну беларусаў.
![opera_snimok_2022_10_07_174247_vyezdzahranicu.png opera_snimok_2022_10_07_174247_vyezdzahranicu.png](/img/v1/images/opera_snimok_2022_10_07_174247_vyezdzahranicu.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларусы аказаліся даволі мабільнай нацыяй. У тым жа жніўні прайшло апытанне расійскага фонду «Грамадскае меркаванне», якое высветліла, што 69% расіян за мяжой не былі ніколі, а яшчэ 9% не выязджалі нікуды на працягу 10 гадоў. То-бок, праклінаючы ўслед за сваёй прапагандай «падступны Захад», 78% расіянаў (чатыры з пяці) бачылі той самы Захад выключна па тэлевізары.
Пры гэтым на сёння 95% беларусаў кажуць, што не маюць шэнгенскай візы. Маюць такую 5% апытаных. Плануюць атрымаць «шэнген» 17%, не плануюць рабіць візу 65% апытаных, а 18% сказалі, што ім цяжка адказаць на гэтае пытанне.
І тут вельмі цікавая разбежка паміж наяўнымі ды планаванымі візамі, і з канстатацыяй «цяжка адказаць». Працэнт апошніх надзіва высокі. Хутчэй за ўсё, гэтае «непалітычнае» апытанне ўсё ж не пазбегла пасткі «фактару страху», бо ў афіцыйных сродках масавай прапаганды Захад, як мы ўжо казалі, дэманізуецца. А «шэнген» амаль роўны «Еўрасаюзу», які, згодна з афіцыйным пунктам гледжання, «бразгае зброяй ля беларускіх межаў». І казаць пра тое, што ты плануеш атрымаць «варожую візу», некаторыя, зразумела, палохаюцца.
Таксама высокі працэнт «цяжкаадказнікаў» можна патлумачыць і прагматычным момантам. Гэта раней «шэнген» было атрымаць даволі проста. А цяпер афіцыйны Мінск, пасварыўшыся з заходнімі краінамі, павыганяў з Беларусі супрацоўнікаў шмат якіх амбасадаў, пакінуўшы ў іх толькі «тэхнічны персанал». З-за гэтага атрыманне візаў значна ўскладнілася, на іх атрыманне — вялікія чэргі. Верагодна, з-за гэтых складанасцяў беларусы вагаюцца, ці вартая апуха кажуха.
Дзе знаходзіцца «краіна для жыцця»?
У КВЗ быў такі жарт: «Мы ўсе хочам прачнуцца ў моцнай, прыгожай, і квітнеючай краіне! У Канадзе!». Сацыёлагі паспрабавалі высветліць, дзе б беларусы хацелі жыць і працаваць: на Захадзе ці ў Расіі.
«Дакладна на Захадзе» і «хутчэй на Захадзе» адказалі 38% апытаных. «Дакладна ў Расіі» і «хутчэй ў Расіі» — 33%. «Цяжка адказаць» — 29%.
Такім чынам, нягледзячы на ўсю антызаходнюю прапаганду і «дэманізацыю заходняга ладу жыцця», шмат беларусаў абірае менавіта Захад. Хоць і ненашмат больш, чым Расію, — усяго на 5%, — але нават гэтыя 5% знаходзяцца па-за межамі статыстычнай хібнасці.
Прэзентуючы гэтыя лічбы, кіраўнік «Беларускай ініцыятывы» ў Каралеўскім інстытуце па міжнародных справах Chatham house Рыгор Астапеня адзначыў, што гэтае пытанне на побытавым узроўні адпавядае пытанню пра геапалітычны выбар Беларусі: з кім павінна быць краіна, з Захадам ці Расіяй.
У чэрвені ў адказах на наўпроставае палітычнае пытанне пра геапалітычны выбар за саюз з ЕС выказалася 18%, а за саюз з Расіяй — 37%, за пазаблокавы статус 21% і за «саюз вужа і вожыка» (то-бок, «і ў саюзе з Расіяй, і ў саюзе з ЕС») — 25%.
Вось і думай цяпер — калі беларусы былі больш шчырымі? Альбо 4% (таксама больш за статыстычную памылку) беларусаў выступаюць за саюз з Расіяй, а жыць хочуць на Захадзе?
Чаму беларусы абіраюць Расію альбо Захад у якасці «краіны для жыцця»? Захад пераважае ў прагматызме — там большыя заробкі («фінансавы аспект») і больш прывабны ўзровень жыцця. Расію ж абіраюць сэрцам: таму што падобны менталітэт і гэта для некаторых «радзіма». Прагматычны аспект у дачыненні да Расіі — зразумелая мова — знаходзіцца толькі на другім месцы, паміж менталітэтам і «радзімай».
![opera_snimok_2022_10_07_173926_rabota_zap_rossi.png opera_snimok_2022_10_07_173926_rabota_zap_rossi.png](/img/v1/images/opera_snimok_2022_10_07_173926_rabota_zap_rossi.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цікава, што ў перавагах Захаду трэцяе месца заняў пункт «свабода, дэмакратыя», які адзначылі (Рыгор Астапеня падкрэсліў, што гэта было адкрытае пытанне, то-бок кожны апытаны сам упісваў у анкету свае адказы) 17% рэспандэнтаў. Свабода і дэмакратыя шмат для каго перастаюць быць нейкімі абстрактнымі паняццямі і ператвараюцца ў каштоўнасць.
Зыходзячы з гэтых вынікаў можна канстатаваць, што высілкі беларускай (найперш) прапаганды змарнаваныя. Мала хто верыць, што ў Літве і Польшчы стаяць чэргі па харчы, што заходнікі ездзяць у Беларусь «па соль і грэчку», што яны замярзаюць зімою і гэтак далей. Прапаганда трапляе «ў малако», — людзі проста ведаюць, што гэта не так.
Дарэчы, наконт выбару ў якасці «краіны для жыцця» Расіі такія адказы, як фінансы і ўзровень жыцця… Адсутнічаюць увогуле!
«Добрая разбэшчаная Гейропа»
Можна было б казаць, што беларусы — не прагматычны, а рамантычны народ. Маўляў, для іх маральныя каштоўнасці адыгрываюць большую ролю, чым матэрыяльныя. Але і тут прапаганда, якая ўвесь час выстаўляе Расію «краінай сямейных каштоўнасцяў», а Захад — «разбэшчанай Гейропай», ізноў садзіцца ў лужыну.
Канечне, толькі 4,3% апытаных беларусаў адчуваюць сябе «чалавекам заходняй культуры». Аднак заходні лад жыцця зусім не выклікае ў іх адпрэчвання. Прынамсі, 53% рэспандэнтаў прыязна ставяцца да «заходняга ладу жыцця». А сярод тых, хто за апошнія пяць гадоў наведваў краіны Еўрасаюза, такіх ажно 70%.
Гэта, між іншым, вельмі яскравы адказ на прапанову некаторых заходніх палітыкаў абмежаваць выдачу візаў беларусам як «саўдзельнікам» вайны ва Украіне. Відавочна, што такія прапановы прынясуць значна больш шкоды, чым верагоднай карысці.
![opera_snimok_2022_10_07_174017_zapadobrzizn.png opera_snimok_2022_10_07_174017_zapadobrzizn.png](/img/v1/images/opera_snimok_2022_10_07_174017_zapadobrzizn.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
56% беларусаў не лічаць, што заходняя культура аказвае негатыўны ўплыў на беларускае жыццё. Падтрымліваюць тэзу пра «негатыўны ўплыў» толькі 23% апытаных.
26% лічаць, што пад уплывам заходняй культуры беларусы становяцца лепш, 25% — што становяцца горш. 38% лічаць, што беларусы жывуць сваім розумам, і змены з Захадам не звязаныя.
Палова альбо больш за палову рэспандэнтаў станоўча ацанілі ўплыў заходняй культуры на ўсе зададзеныя сацыёлагамі аспекты жыцця: адносіны да працы, мастацкі густ, адносіны да ведаў і навучання, стасункі паміж людзьмі, вобраз думак сяброў і знаёмых, прававую свядомасць. Не дзіва, што толькі 13% апытаных выступілі за скарачэнне сувязяў з Захадам (хаця, шчыра кажучы, куды ўжо менш), а 64% рэспандэнтаў лічаць, што Беларусі трэба пашырэнне эканамічных, палітычных, культурных сувязяў і збліжэнне з краінамі Захаду.
![opera_snimok_2022_10_07_174116_vlijanzapadnojkult.png opera_snimok_2022_10_07_174116_vlijanzapadnojkult.png](/img/v1/images/opera_snimok_2022_10_07_174116_vlijanzapadnojkult.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Такім чынам, як бы расійская, а ўслед за ёю і беларуская, прапаганда не спрабавала «дэманізаваць» Захад і зрабіць з яго «вобраз ворага» — у адносінах да беларусаў гэтыя тэзы б’юць міма мішэні. Таму што беларусы на ўласныя вочы бачылі Захад і разумеюць, што там да чаго. Беларусы выявіліся «мабільнай нацыяй», якая паспытала той захад на смак і памацала рукамі. І пераканаць іх у тым, што вочы іх падманваюць, вельмі цяжка.
Антызаходняя прапаганда не апраўдвае выдаткаваных на яе грошай. А дзве траціны беларусаў чакаюць паляпшэння адносін з Захадам.