ISW: Расіі няма сэнсу ўжываць ядзерную зброю

Калі Расія прыменіць ядзерную зброю, то, хутчэй за ўсё, нанясе ўдар па месцы вялікага збору людзей, то-бок па гарадах Украіны. Аднак верагоднасць такога кроку Крамля вельмі нізкая. Так лічыць Мэйсан Кларк — аналітык Амерыканскага інстытута па вывучэнні вайны (ISW).

1022380_download_watchmen_nuclear_wallpapers_1280x960_1280x960_h.jpg


Як адзначыў Кларк у інтэрв’ю ўкраінскай службе Радыё Св*бода, цяпер сапраўды ўзровень ядзернай пагрозы вышэйшы, чым у любы іншы перыяд гэтай вайны. Гэтыя пагрозы гучаць ад Крамля, у прыватнасці, ад Дзмітрыя Мядзведзева. Аднак, як мяркуюць у ISW, яны хутчэй накіраваныя на тое, каб запалохаць Украіну і прымусіць яе адступіць, а таксама запалохаць заходніх партнёраў, каб тыя спынілі дапамогу.

— Аднак мы не думаем, што ён [Пуцін] сапраўды хоча ўжыць ядзерную зброю. Гэтаму ёсць некалькі прычын.

Па-першае, ён, відавочна, разумее, што гэта прывядзе да сур'ёзнага адказу з боку NATO і ЗША. Мы чулі даволі выразныя мэсэджы ад Белага дома і іншых партнёраў NATO. Яны заявілі, што ўжыванне ядзернай зброі справакуе маштабны канвенцыйны неядзерны адказ з боку ЗША і NATO, мэтай якога стануць расійскія войскі на тэрыторыі Украіны.

Па-другое, ён, хутчэй за ўсё, не зможа эфектыўна прымяніць ядзерную зброю на полі бою, бо расійскія сілы не ў лепшай форме. Яны не змогуць выкарыстоўваць страты, якія, верагодна, панясе ўкраінская армія, у сваю карысць. Да таго ж, баявы дух і воля Украіны настолькі моцныя ў гэты момант вайны, што малаверагодна, што Украіна здасца, — адзначыў Кларк.

Па словах аналітыка, калі ўсё ж разглядаць такі варыянт, то хутчэй за ўсё ядзерную зброю Пуцін бы выкарыстаў як «зброю тэрору».

Гэта было б месца з вялікім скопішчам людзей: Кіеў, Львоў, магчыма, Адэса. Як бы жудасна гэта ні гучала, малаверагодна, што магчымы ядзерны ўдар будзе нанесены па ваенных пазіцыях.

З пункту гледжання ядзернай тактычнай дактрыны Расіі, спачатку трэба нанесці ядзерны ўдар па ключавых пазіцыях украінскай арміі, а далей карыстацца яго наступствамі і атакаваць. Аднак расійскія войскі знаходзяцца ў такім дрэнным стане, што тое, што яны змогуць ваяваць на заражаным радыяцыйнымі выкідамі ад ядзернага выбуху поле бою, малаверагодна. Гэта павінна быць частка краіны ў тыле.

Але зноў жа, я не думаю, што гэта прывядзе да капітуляцыі Украіны. Таму для Пуціна ў гэтым няма сэнсу, таму што гэта толькі прывядзе да сур'ёзнага адказу, — мяркуе Кларк.

Па прагнозах эксперта, вайна працягнецца ў наступным і, магчыма, у 2024 годзе.

Напярэдадні The Times са спасылкай на сваёй высокапастаўленай крыніцы паведаміла, што Расія можа правесці ядзерныя выпрабаванні на межах з Украінай і тым самым «прадэманстраваць гатоўнасць прымяніць зброю масавага паражэння».