Ці будзе Славакія «адвакатам Лукашэнкі ў ЕС»?

Перамоглую на парламенцкіх выбарах у Славакіі партыю былога прэм'ера Роберта Фіцы «Smer» называюць «прарасійскай». Палітычны аналітык Ігар Тышкевіч звярнуў увагу: «Падобна, што ў Лукашэнкі можа з’явіцца яшчэ адзін «адвакат» у ЕС — Славакія». Ці адбудзецца такое?

Фота з bfm.ru

Фота з bfm.ru


Палітолаг Валерый Карбалевіч тлумачыць: хутчэй «не», чым «так». І прыгадвае таксама асаблівую пазіцыю Венгрыі. 

— Партыя «Smer» набрала адносную большасць, а не абсалютную. Увайшло шмат партый, хутчэй за ўсё ўрад будзе складацца з кааліцый, таму зусім не факт, што «Smer» узначаліць урад.

У выніку камбінацыі яна можа аказацца і ў апазіцыі. Заявы пра тое, што ў Славакіі да ўлады прыйшла прарасійская партыя, не адпавядаюць рэчаіснасці, — сказаў Валерый Карбалевіч у экспрэс-каментарыі «Салідарнасці»

— Адна справа — перадвыбарная рыторыка, другая — рэальная палітыка. Гэтыя рэчы вельмі моцна адрозніваюцца, зусім не факт, што партыя, якая аб’яўляла сябе прарасійскай, увайшоўшы ва ўрад, будзе абараняць Расію, процідзейнічаць агульнай палітыцы ў Еўрасаюзе.

Я б паасцярогся выдаваць рыторыку за рэальную палітыку. Шмат было прыкладаў, калі партыі падчас выбарчай кампаніі дэкларуюць нейкія пазіцыі, а потым ва ўладзе мяняюць іх. Увогуле пакуль бы не разглядаў пытанне лабіравання нейкіх інтарэсаў Лукашэнкі Славакіяй, да гэтага далёка.

Глядзіце таксама

«На агульную пазіцыю Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі Венгрыя ніяк не паўплывае»

Венгрыя стала адзінай краінай ЕС, чыя абмасадар уручыла даверчыя граматы Лукашэнку пасля выбараў 2020 года, якія Захад адмовіўся прызнаць. Якія дывідэнды з гэтага могуць атрымаць беларускія ўлады?

— Венгрыя займае асаблівую пазіцыю сярод краін Еўрасаюза адносна Расіі, Беларусі і падтрымкі Украіны. Сапраўды, амбасадар Венгрыі ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку. Гэта пазіцыя пакуль не дае ніякіх практычных дывідэндаў афіцыйнаму Мінску, хіба што чыста прапагандысцкія.

На агульную пазіцыю Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі Венгрыя ніяк не паўплывае. Тут больш важна, ці паўплывае гэта на пазіцыю ЕС адносна Расіі. Венгрыя тармозіць прыняццё жорсткіх санкцый, купляе расійскі газ. Тым не менш казаць, што яна блакуе ўсе спробы санкцыйнага ціску на Расію з боку Еўрасаюза, так меркаваць не выпадае. Тым больш на Беларусь. Няма рэальных звестак, што Венгрыя лабіруе нейкае зняцце санкцый.

Партыя, якая цяпер знаходзіцца пры ўладзе ў Венгрыі, атрымлівае найбольш падтрымкі сярод насельніцтва, шмат гадоў трымае ўладу. Грунтуючыся на гэтым, прэм’ер Віктар Орбан лічыць, што такая палітыка забяспечыць яму ўладу, плюс, канечне, эканамічны інтарэс, у іх важны гандаль з Расіяй.

Ціск з боку ЕС на Венгрыю аказваецца, менавіта па гэтым пытанні знаходзіцца ў ізаляцыі. Але пакуль бачу, што для Еўрапейскага саюза такая пазіцыя Венгрыі не з’яўляецца праблемай, яна не блакуе ўсю палітыку ЕС адносна Беларусі і Расіі.

Глядзіце таксама