Ці трэба баяцца славацкага Орбана?

Сёння славакі выбіраюць парламент — Нацыянальную раду Славакіі. На думку некаторых экспертаў, ад вынікаў выбараў залежыць працяг падтрымкі Кіева краінамі Захаду і лёс дэмакратыі ў краіне.

Сёння ў Славакіі праходзяць выбары ў парламент. Ілюстрацыя: globsec.org

Сёння ў Славакіі праходзяць выбары ў парламент. Ілюстрацыя: globsec.org

Спачатку тэхнічная інфармацыя: жыхарам краіны трэба выбраць 150 дэпутатаў, якія будуць працаваць у парламенце да 2027 года. Выбарчыя ўчасткі ў Славакіі будуць працаваць з 7-й да 22-й гадзіны. Галасаваць маюць усе грамадзяне Славакіі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту да дня галасавання. Агульная колькасць жыхароў краіны, якія маюць права голасу, перавышае 4 млн. чалавек. 

Выбары праходзяць па партыйных спісах: кожны выбаршчык можа прагаласаваць за адну з 25 партый і кааліцый. Для праходу ў парламент трэба набраць мінімум 5% галасоў.

Партыйная палітра ахоплівае ўвесь ідэалагічны спектр: ад камуністаў да правых радыкалаў (цікава, што гэтыя быццам палярныя палітычныя сілы маюць шмат агульнага — напрыклад выступаюць супраць ЕС і NATO).

Зрэшты, фаварытамі яны не з'яўляюцца. З вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што фармальную перамогу на выбарах атрымае партыя былога прэм'ера Роберта Фіцы «Smer». Папярэднія выбары яна прайграла выбары праз шматлікія карупцыйныя скандалы. Аднак, будучы ў апазіцыі, за мінулыя тры з паловай гады здолела кансалідаваць сваіх прыхільнікаў. На пачатку восені сацыялагічныя прагнозы давалі ёй да 25% галасоў на маючых адбыцца выбарах.

Збольшага сваім высокім рэйтынгам «Smer» абавязаны хаосам усярэдзіне ўрадавых партый. Практычна адразу пасля стварэння кааліцыі абазначыліся рэзкія супярэчнасці сярод яе лідараў. Канфлікты некалькі разоў ставілі пад пагрозу існаванне кіруючай кааліцыі. У выніку гэта прывяло да перафарматавання. Але нават новы кабінет не змог скончыць сваю працу спакойна: 15 чэрвеня 2023 года яму таксама быў аб'яўлены вотум недаверу. 

Глядзіце таксама

Не дзіўна, што структуры, якія ўваходзілі ва ўрад, балансуюць на мяжы трапляння ў парламент, што ў выніку робіць перамогу непазбежнай.

Перспектыва новага прэм'ерства Роберта Фіцы выклікае вельмі шмат трывожных каментароў у заходняй прэсе. У кіраўніцтве партыі гавораць пра тое, што краіна павінна скарачаць сваю залежнасць ад еўрапейскіх інстытутаў і рашэнняў, што прымаюцца ў Бруселі, а таксама стаць больш незалежнай у прыняцці рашэнняў у знешняй палітыцы. У гэтым сэнсе Фіцу часта параўноўваюць з прэм'ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам.

Аднак куды больш палохае пазіцыя  Фіцы адносна ўкраінскага пытання. Палітык не раз заяўляў пра тое, што далейшае ўзбраенне Украіны толькі падаўжае канфлікт, а не спрыяе яго вырашэнню. Фіца падкрэсліваў, што новы ўрад Славакіі, які мае быць сфармаваны пасля выбараў, павінен перагледзець падыход да расійска-ўкраінскай вайны. Такі сцэнар відавочна аслабіць кансэнсус па Украіне ў Еўропе.

Некаторыя эксперты ідуць яшчэ далей у сваіх прагнозах. Так, на думку «Financial Times», Славакія пасля парламенцкіх выбараў у верасні «адным махам» можа стаць новым саюзнікам Расіі.

Аднак, наўрад ці ад будучага ўрада варта чакаць такіх рашучых крокаў. Па-першае, партыя Фіцы не атрымае большасць мандатаў. Ёй давядзецца шукаць саюзнікаў для фармавання кааліцыі. Найбольш відавочным партнёрам Фіцы па новай кааліцыі ўяўляецца рух «Голас — сацыяльная дэмакратыя» («Hlas»). Гэтая партыя адкалолася ад «Smer» летам 2020 года, яе ўзначальвае былы паплечнік Фіцы, яшчэ адзін экс-прэм'ер Петэр Пелягрыні. Абодва палітыкі вельмі туманна адказвалі на пытанні пра магчымае партнёрства ў новай кааліцыі, аднак гэты саюз выглядае вельмі верагодным. Да гэтай кампаніі могуць патэнцыйна далучыцца і дэпутаты партыі «Sme Rodina» з Барысам Каларам.

Дапускаюць уваходжанне ў альянс яшчэ некалькіх партый, сярод якіх — самая экзатычная «Славацкая народная партыя», адкрытыя правыя радыкалы.

Глядзіце таксама

Пакуль магчымы фармат кааперацыі згаданых структур незразумелы. Таксама не ясна, на базе якіх кампрамісаў будзе фармавацца міжнародная лінія. Таму гаварыць пра сыход Браціславы пад крыло Масквы абсалютна недарэчна. У Расіі, дарэчы, нават пра гэта не мараць, згадваючы, што ўсё той жа Фіца ніколі не заяўляў пра неабходнасць выхаду Славакіі з ЕС і NATO або пагаджаўся прызнаваць Крым расійскім.

Нарэшце не будзем выключаць магчымага з'яўлення празаходняга ўрада. Вядучая ліберальная партыя «Прагрэсіўная Славакія» мае 15% падтрымкі. Яшчэ тры падобныя сілы напэўна набяруць свае 5-7% і таксама пройдуць у парламент. Такі расклад пакідае шанец на стварэнне кабінета пад кіраўніцтвам Міхала Шымечкі — правадыра «Прагрэсіўнай Славакіі».

Так, што хутчэй можна адназначна сказаць не пра разварот Браціславы ў бок Масквы, а пра відавочны запыт шматлікіх славакаў на папулісцкага палітыка ў асобе Роберта Фіцы. Што, у сваю чаргу, нагадвае падобныя трэнды ў іншых усходнееўрапейскіх краінах, і найперш у Венгрыі.

Глядзіце таксама

Дарэчы, паміж Робертам Фіцам і Віктарам Орбанам сапраўды ёсць нешта агульнае. Фіца схільны да аўтарытарнай формы кіравання — ён неаднаразова крытыкаваў грамадскія інстытуты і некамерцыйныя арганізацыі, асабліва якія займаюцца антыкарупцыйнай дзейнасцю. Былы прэм'ер бывае вельмі грубым у зносінах з журналістамі і рэдка выбірае словы, каментуючы дзейнасць сваіх палітычных апанентаў. 

Зрэшты, шматлікім славакам менавіта такі стыль і падабаецца.