Славацкія кампаніі пастаўлялі Расіі і Ірану камплектуючыя для зброі

Украінсккія вайскоўцы знайшлі ў іранскіх дронах-камікадзэ еўрапейскія дэталі.

5dbb700df21feb1c9fc4a5d5456f2e75.jpg


Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну славацкія кампаніі пастаўлялі ў Расію і Іран дэталі, якія маглі выкарыстоўвацца для вырабу зброі. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні «Dennik N».
Так, украінскія вайскоўцы вылавілі ў моры іранскі дрон «Mohajer-6», які разабралі на часткі. У ім знайшлі аўстрыйскі рухавік «Rotax 912is». Аўстрыя адразу адпрэчыла любыя сувязі з гэтымі пастаўкамі.
Пасля 21 красавіка высветлілі, што ў Славакіі мясцовая кампанія атрымала дазвол на экспарт такіх рухавікоў у Іран.
Паводле польскага выдання, акрамя рухавікоў славацкія кампаніі забяспечвалі Іран яшчэ шэрагам прадметаў, сярод якіх — падшыпнікі, электроніка, абсталяванне для вытворчасці кампанентаў шын. Іх могуць выкарыстоўваць для вырабу зброі, якую цяпер прымяняе Расія ў вайне супраць Украіны.
На думку журналістаў, памежнікі, якія дазволілі экспарт запчастак у Іран, не падумалі, што яны могуць быць выкарыстаны ў ваенных мэтах.
Адзначаюць таксама, што многія падобныя дэталі забяспечвалі і расійскім кампаніям, што выступаюць як даччыныя прадпрыемствы па вытворчасці зброі. Гэтыя дамовы, пішуць у расследаванні, могуць парушаць санкцыі, накладзеныя Еўрапейскім Саюзам.
Міністэрства фінансаў Славакіі мяркуе, што адказнасць за экспарт запчастак у Расію і Іран ляжыць на Міністэрстве эканомікі краіны. Менавіта яно адказвае за выдачу ліцэнзій. Славацкае Мінэканомікі адпрэчвае абвінавачанні і перакладае адказнасць на мытную службу.
Улады Славакіі паабяцалі разабрацца з гэтым пытаннем.
Нядаўна ў аналагічным скандале была замяшаная амерыканская кампанія «Extreme Networks», якая пастаўляла Маскоўскаму машынабудаўнічаму заводу «Авангард» дэталі для ракет С-400.
Расследаванне агенцтва «Reuters» паказала, што, хоць Злучаныя Штаты і іх саюзнікі забаранілі экспарт высокатэхналагічных тавараў у Расію, паток камп'ютарных камплектуючых заходніх брэндаў расійскім кліентам не спыніўся.