Амерыканская фірма пастаўляла тэхналогіі расійскім вытворцам ракет
У спецыяльным рэпартажы агентцва «Reuters» расказвае пра кантрабандныя схемы паставак тэхналогій ад амерыканскай фірмы вытворцам расійскіх ракет.
З таго часу, як Расія анексавала Крым у 2014 годзе, амерыканскім кампаніям было забаронена мець справу з Маскоўскім машынабудаўнічым заводам «Авангард», які вырабляе ракеты для аднаго з самых сучасных відаў расійскай зброі — сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400.
С-400 сталі прычынай таго, што ЗША выключылі Турцыю, сябра NATO, з супольнай праграмы па знішчальніках у 2019 годзе пасля таго, як Анкара прыняла пастаўку расійскай сістэмы.
Але нават у той час, калі Злучаныя Штаты прадпрымалі дзеянні, накіраваныя на паслабленне бізнесу ММЗ «Авангард», амерыканская тэхналагічная кампанія «Extreme Networks» (EXTR.O) пастаўляла заводу камп'ютарнае сеткавае абсталяванне для офісных ІТ-сістэм, што вынікае з электронных лістоў і іншых дакументаў, прагледжаных «Reuters», а таксама з інтэрв'ю з людзьмі, знаёмымі з гэтым пытаннем.
Кампанія «Extreme Networks» заявіла, што, грунтуючыся на інфармацыі, прадастаўленай інфармацыйным агенцтвам, яна лічыць, што абсталяванне «магло быць» прададзена ММЗ «Авангард» з выкарыстаннем сурагатнага пакупніка. У кампаніі таксама заявілі, што абсталяванне было прададзена без яе ведама: маўляў, расійскі пасрэднік пастаўляў заводу прадукцыю праз падстаўных асоб. Доказаў гэтаму прыведзена не было.
Украіна абвінаваціла Расію ва ўжыванні ракет вытворчасці ММЗ «Авангард» супраць наземных цэляў. Украінскія ўлады заявілі, што гэтыя ракеты забілі трыццаць мірных жыхароў у выніку жудаснага нападу на аўтакалону ў Запарожжы ў мінулым месяцы. Ні крамлёўскія чыноўнікі, ні ММЗ «Авангард» не адказалі на пытанні агенцтва «Reuters». Заснавальнік ММЗ «Авангард», кампанія «Алмаз-Антэй», таксама не стаў даваць каментароў.
У перыяд з 2017 па 2021 год ММЗ «Авангард» набыў абсталяванне амерыканскай фірмы «Extreme» для сваіх ІТ-сістэм на суму больш за паўмільёна долараў. Гэтыя прадукты ўключалі высакахуткасныя камутатары, найважнейшы будаўнічы блок карпаратыўных ІТ-сетак і праграмнае забеспячэнне.
Запісы таксама паказваюць, што здзелкі праходзілі праз, здавалася б, бяскрыўдную кампанію пад Масквой, і, нягледзячы на тое, што два высокапастаўленыя чыноўнікі выказвалі асцярогі, продажы працягваліся.
Тое, што расійская вайсковая кампанія, прызнаная Вашынгтонам пагрозай, працягвала набываць амерыканскае камп'ютарнае абсталяванне, з'яўляецца прыкладам таго, як заходнія краіны, магчыма, пераацанілі сваю здольнасць здушыць расійскую эканоміку забаронамі на экспарт і гандлёвымі санкцыямі. Гэта таксама падкрэслівае, наколькі вайсковая машына Расіі залежыць ад амерыканскага высокатэхналагічнага абсталявання, піша «Reuters».
У красавіку, праз шэсць тыдняў пасля расійскага ўварвання ва Украіну, супрацоўнік «Extreme» падаў ўнутраную скаргу, у якой сцвярджаў, што кампанія гандлявала з рознымі вайсковымі вытворцамі ў Расіі. «На расійскіх вайсковых караблях выкарыстоўваецца абсталяванне «Extreme», — гаварылася ў скарзе. — У сістэмах сувязі».
Расследаванне агенцтва паказала, што, хоць Злучаныя Штаты і іх саюзнікі забаранілі экспарт высокатэхналагічных тавараў у Расію, паток камп'ютарных камплектуючых заходніх брэндаў расійскім кліентам не спыніўся.
Міністэрства гандлю ЗША, якое кіруе экспартнымі абмежаваннямі, адмовілася каментаваць гэтую гісторыю.
«Неабходна было выкарыстоўваць прыкрыццё»
У расійскіх кампаній, у тым ліку ў вайсковым сектары, практычна няма выбару, акрамя як купляць замежнае абсталяванне для пабудовы камп'ютарных сетак, неабходных для сучаснага бізнесу. У Расіі вельмі абмежаваная ўнутраная вытворчасць сеткавага абсталявання.
У Расіі «Extreme» таксама абслугоўвае такіх кліентаў, як Міністэрства аховы здароўя, Федэральны пенсійны фонд і Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава.
Але, паводле дакументаў, з якімі азнаёмілася агенцтва «Reuters», сярод іншых пакупнікоў абсталявання амерыканскай кампаніі быў не толькі ММЗ «Авангард», але і буйная расійская ваенная суднабудаўнічая кампанія і вытворца высокатэхналагічнай абароннай электронікі.
Адзін з дакументаў паказвае, што за чатыры гады — да 2020 года — расійскія заказчыкі набылі абсталявання на суму 41,5 мільёна долараў. Журналісты не змаглі вызначыць агульны аб'ём продажаў «Extreme» фірмам, якія падпадаюць пад санкцыі, бо было незразумела, ці былі зарэгістраваныя падпольныя здзелкі, адрозныя ад тых, якія звязаны з «Авангардам». У амерыканскай фірме ў кожнага расійскага кліента або патэнцыйнага пакупніка быў свой менеджар па працы з кліентамі, і ён быў указаны ва ўнутраных справаздачах аб продажах. Аднак фактычныя продажы ажыццяўляліся праз упаўнаважаных пасрэднікаў.
Кампанія «Extreme» у сваім адказе агенцтву «Reuters» заявіла, што рэдка прадастаўляе паслугі прамой устаноўкі. У ім гаварылася, што ў іх не было такіх кантрактаў з расійскімі кліентамі.
Паводле слоў крыніц, знаёмых з пастаўкамі, для расійскіх ваенных кампаній абсталяванне «Extreme» мела моцныя перавагі: у адрозненне ад больш буйных канкурэнтаў, «Extreme» не патрабуе падпіскі на сэрвіс і частых абнаўленняў праграмнага забеспячэння. «Абсталяванне абсалютна аўтаномнае, — паведаміла адна з крыніц. — Яно працуе без ліцэнзіі, і вам нават не трэба падключацца да Інтэрнэту». Гэта азначае, што не трэба баяцца, што сістэма адключыцца праз тое, што нехта ў ЗША вырашыў адключыць яе.
ММЗ «Авангард» праводзіў свае закупкі праз тэндар на расійскай анлайн-платформе дзяржаўных закупак — яму патрэбны былі «запасныя часткі для наяўных у яго камп'ютарных сетак «Extreme». Як толькі абсталяванне прыбыло ў Маскву, кампанія накіравала штатнага інжынера ў офіс «Авангарда», каб дапамагчы забяспечыць бесперабойную ўстаноўку. Пры гэтым у бухгалтарскіх кнігах амерыканскай кампаніі
ўсе гэтыя здзелкі праходзілі пад выдуманымі назвамі.
«Неабходна было выкарыстоўваць прыкрыццё, таму што расійская кампанія занесена ў «чорны спіс» у ЗША», — растлумачыла журналістам адна з крыніц інфармацыі.
Агулам сума здзелак кампаніі «Extreme» з ММЗ «Авангард» склала каля 645 000 долараў.
Падрабязней можна прачытаць тут: reuters.com.