Саюз між аятоламі і Пашынянам: перспектывы?
На Паўднёвым Каўказе ідзе працэс, які можна было б пазначыць як «распад СССР 2.0». Старыя сувязі, якія трымаліся на старажытнай масквацэнтрычнай ідэалогіі, распадаюцца. На іхняе месца прыходзяць новыя, якія ўжо не звяртаюць увагі на рамкі аджылай імперыі. Некаторыя з гэтых новых сувязяў абяцаюць быць трывалымі, некаторых, хутчэй за ўсё, чакае не надта доўгае жыццё.
Нягледзячы на відавочны правал расійскай каўказскай палітыкі, Масква ўсё яшчэ спрабуе чапляцца за… Яна сама, падобна, не ведае, за што ёй там чапляцца. Мо, толькі за карцінкі з нейкіх старых савецкіх лемантароў, дзе над ёй — сталіцай агромністай радзімы — заўжды свеціць сонца. А там — у астатніх месцах — ідзе дождж. Таму там кепска. А ў Маскве — добра. Прыкладна ў такіх вобразах апісвала сітуацыю ў Сочы расійскае выданне «Коммерсантъ», калі 31 кастрычніка адбывалася трохбаковая сустрэча (у алфавітным парадку) прэзідэнта Азербайджана Ільхана Аліева, прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Напярэдадні, 28 кастрычніка, па ініцыятыве Пашыняна ў фармаце відэаканферэнцыі адбылася сустрэча лідараў краін АДКБ. Той самай АДКБ, якая з усёй адданасцю саюзніцкаму абавязку падчас апошняга абвастрэння сітуацыі на армяна-азербайджанскай мяжы «паслала» Арменію з ейнымі просьбамі аб дапамозе куды падалей. Таму цяжка казаць, на што разлічваў Пашынян, калі выступіў з ініцыятывай гэтай сустрэчы. Цяперашнія патрэбы Арменіі цалкам зразумелыя: каб захаваць хоць нейкі кантроль над Нагорным Карабахам, трэба, каб там заставаліся расійскія «міратворцы». Гарантый гэтага Пашынян і жадаў дамагчыся ад удзельнікаў сустрэчы. Аднак наляцеў на нечаканага апанента — Лукашэнку. Той у даволі рэзкай форме параіў Пашыняну «сесці з Аліевым», калі трэба — «паклікаць Пуціна» і «прыняць рашэнне».
Гэта адразу выклікала канфлікт паміж МЗС Арменіі і прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. У размове паміж генеральным сакратаром АДКБ Засем і Лукашэнкам пасля канферэнцыі лідараў АДКБ, апошні абурана казаў, што армяне ў свой канфлікт з Азербайджанам «цягнуць» Еўразвяз, АБСЕ, а цяпер, маўляў, яшчэ і АДКБ спрабуюць пад гэта падпісаць. Але гэта — зусім залішняе, паколькі Расія там і так, маўляў, дастаткова ўсяго робіць. Больш за тое, Лукашэнка казаў, што вайна скончылася, і далей — за стол перамоваў, дзе ўсё і вырашаць. А гэта якраз азербайджанскі наратыў. Бо баявыя дзеянні завяршыліся паразай Арменіі. І казаць, што гэта факт — значыць прызнаць, што Азербайджан цяпер у праве дыктаваць свае ўмовы.
Але самае злое тут для армян не выказванні гэтага чалавека. А тое, што ён за апошнім часам абраў для сябе ролю гукаўзмацняльніка Пуціна. Пра што маўчыць прэзідэнт Расіі, пра тое крычыць Лукашэнка. Маўчанне Пуціна на гэтую тэму таксама зразумелае. Азербайджан мае за сабой моцную падтрымку ў асобе Эрдагана. А з ім, як добра ведае Пуцін, жартаваць не варта. Таму можна дэманстраваць істэрыку наконт выхаду са «збожжавай здзелкі», але калі Эрдаган скажа, што здзелка застаецца ў сіле, трэба разумець, што іншых опцый у расійскага кіраўніцтва няма.
У Сочы Пашыняну маскоўскае сонейка зусім не абяцала свяціць. Ён гэта разумеў. Таму прывёз с сабой толькі аднаго журналіста (і ў дадатак да яго — відэа- і гукааператара). А вось медыйны корпус азербайджанцаў быў настолькі вялікі, што давялося з гаспадарамі мерапрыемства дадаткова вызначаць ягоны склад. Усё ўказвала на тое, што і Пашынян, і Аліеў чакалі ад сустрэчы ў Сочы аднаго і таго ж: трыумфу азербайджанскай пазіцыі. Што, уласна, і адбылося. Хоць і не надта гучна, але досыць відавочна.
Канечне, можна прыняць у якасці тлумачэння такой пазіцыі АДКБ у армянскім пытанні тую версію, што сама арганізацыя «навострана» не на вырашэнне інтэрнацыянальных канфліктаў (падобных канфлікту паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам), а на абарону ад унутраных пертурбацый аўтарытарных рэжымаў у краінах-чальцах. І спаслацца на ўвод кантынгенту войскаў АДКБ у Казахстан у студзені гэтага года. Магчыма, гэты кантынгент і адыграў значную ролю ў тых падзеях. Напрыклад, паўплываў на кансалідацыю эліт вакол Такаева.
Але варта памятаць, што ні ў Кыргызстане, ні ў той жа Арменіі АДКБ не здолела (калі ўвогуле збіралася) даць рады гэтай задачы. Ды і падзеі ў Казахстане адбыліся ў крыху адрозных ад цяперашніх умовах — пакуль слабасць Расіі яшчэ не была настолькі відавочнай, а яна сама не зрабілася настолькі таксічнай. Цяпер паліцэйскія сілы Расіі можна ўявіць сабе толькі ў Беларусі. А вось уявіць у Беларусі казахскіх сілавікоў досыць праблематычна. Асабліва калі ўлічыць, што амбасадар Казахстана ў Эстоніі прыняў не так даўно ўдзел у сустрэчы прадстаўнікоў дыпкорпусу з Ціханоўскай. Дарэчы, на саміце ШАС Кітай прапанаваў краінам-удзельніцам дапамогу ў падрыхтоўцы нацыянальных паліцэйскіх сілаў. Вось гэта выглядае больш падобным на нейкую рэальную падтрымку аўтарытарным рэжымам постсавецкай прасторы.
У любым выпадку, Арменія шукала ў АДКБ падтрымкі, спасылаючыся на статут Арганізацыі і саюзніцкі абавязак. І не знайшла. Таму калі пасля канферэнцыі АДКБ і сустрэчы ў Сочы ў размове з Засем гучалі абураныя словы пра нахабства армянскага боку, самі армяне ўжо актыўна шукалі новых саюзнікаў, якія б маглі ў цяжкі час падставіць ім «плячо», а не «ножку». І вось хто, калі кіравацца логікай, мог бы дапамагчы Пашыняну і Арменіі? Падавалася б, Нэнсі Пэлосі падчас свайго вераснёўскага візіту ў Ерэван на гэта празрыста намякала: вы ж, маўляў, толькі зрабіце выбар… Выбар быў зроблены. Але не той, на які, мусіць, спадзявалася Пэлосі. 1 лістапада Пашынян выправіўся з візітам у Тэгеран.
Візіт Пашыняна ў Іран адбыўся на фоне масавых пратэстаў супраць тэакратычнай улады аятолаў; пратэстаў, якія іранскія сілавыя структуры спрабуюць задушыць з асаблівай жорсткасцю, што ўжо прывяло да гібелі сотняў чалавек. У дадатак Іран абвінавачваюць у пастаўках дронаў Расіі, якія яна выкарыстоўвае для нанясення ўдараў па ўкраінскай інфраструктуры, пакідаючы людзей без святла, цяпла і вады. Гэтага ўжо дастаткова, каб лічыць візіт Пашыняна даволі моцнай аплявухай міжнароднаму грамадскаму меркаванню. Дык мала таго, напярэдадні візіту, пасля расстрэлу вернікаў у мячэці ў паўднёваіранскім горадзе Шыраз, некаторыя армянскія СМІ распаўсюдзілі заяву міністра замежных спраў Сірыі, у якой ён абвінавачваў у трагедыі Злучаныя Штаты, якія, маўляў, зрабілі тэрарызм «галоўным інструментам сваёй палітыкі».
Такі, мякка кажучы, дзіўнаваты геапалітычны выбар дэмакратычнай Арменіі выглядае цалкам лагічна, калі ўзяць у разлік нежаданне армянаў даць Азербайджану доступ да Зангезурскага калідору. Яшчэ ў верасні гэтага года, падчас абвастрэння сітуацыі на мяжы і заяваў Арменіі аб уварванні азербайджанскіх войскаў на армянскую тэрыторыю, Іран жорстка выказаўся наконт неабходнасці захавання тэрытарыяльнай недатыкальнасці. Тады ж ён прапанаваў наладзіць пастаўкі ў Арменію энерганосьбітаў. Больш за тое, за апошнім часам тавараабарот паміж дзвюма краінамі вырас на 43% (што было агучана на сустрэчы ў Тэгеране), а ў Арменіі будуецца шаша «Поўдзень — Поўнач», якая мусіць звязаць Іран з Грузіяй праз Арменію. Што, у сваю чаргу, дае Ірану перспектыву транспартнага калідору з Расіяй.
Таму Іран, гэтак жа, як і Арменія, зацікаўлены ў тым, каб Зангезурскі калідор, які ідзе непасрэдна ўздоўж армяна-іранскай мяжы, не ператвараўся ў бар’ер. А такое можа адбыцца, калі Азербайджан-такі даможацца свайго і атрымае магчымасць сувязі з Нахічэванню (азербайджанскі анклаў на тэрыторыі Арменіі) без кантролю з армянскага боку. У якасці жэсту падтрымкі Арменіі, а таксама як спроба калі не прадухіліць, дык абцяжарыць дасягненне Азербайджанам сваёй мэты, у кастрычніку гэтага года Іран адкрыў сваё консульства ў армянскай правінцыі Сюнік, па тэрыторыі якой і праходзіць той самы Зангезурскі калідор.
Яшчэ адзін момант, які напружвае Іран у дадзенай сітуацыі і прымушае абраць саюзніцкія адносіны з Арменіяй, — гэта ўзрастанне ў Паўднёва-Каўказскім рэгіёне ролі даўняга гістарычнага ворага Ірана — Турэччыны. Эрдаган, як і Аліеў, адчувае сябе трыумфатарам ва ўсёй гэтай гісторыі, і старанна пераконвае Іран (праўда, не называючы яго наўпрост), што прысутнасць Турэччыны ў паўднёва-каўказскіх справах анікому не замінае і не нясе пагрозы.
Праўда, Іран гэтаму не асабліва верыць. Прэзідэнт Ірана Раісі на днях заявіў, што не пацерпіць на Паўднёвым Каўказе прыхадняў (не назваўшы, у сваю чаргу, канкрэтна Турэччыну). Акрамя стасункаў паміж Азербайджанам і Турэччынай, раздражненне ў іранскага кіраўніцтва выклікае і рост актыўнасці зносінаў паміж Азербайджанам і Ізраілем, які з’яўляецца зацятым ворагам Ірана. З гэтай нагоды іранскі бок выдаў ужо шэраг заяваў. Больш за тое, у канцы кастрычніка непадалёк ад мяжы з Азербайджанам адбыліся маштабныя вучэнні Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі, што мусіла прадэманстраваць сур’ёзнасць іранскай пазіцыі датычна паўднёва-каўказскіх спраў.
Іншая справа, што абраны Арменіяй саюзнік выглядае досыць сумнеўна з пункту гледжання перспектывы. Мала таго, што сам Іран можа ў любы момант трапіць пад больш сур’ёзныя санкцыі, чым цяпер, і шчыльныя стасункі з ім будуць не менш таксічнымі, чым з Расіяй (што, канечне, не можа не адбіцца негатыўна на стане Арменіі як краіны, арыентаванай на Іран), дык і сітуацыя ў гэтай краіне выглядае не тое каб вельмі стабільнай. Канечне, пратэсты, якія цягнуцца ўжо паўтары месяцы, не выглядаюць вельмі масавымі і скаардынаванымі. Але пратэстоўцы могуць узяць упартасцю, і калі цяперашні іранскі рэжым не дасць ім рады у бліжэйшыя тыдні, гэта можа ўсур’ёз пахіснуць ягоныя пазіцыі. Ужо цяпер з’яўляецца інфармацыя, што сярод іранскай эліты гучаць ноткі незадаволенасці палітыкай вярхоўных кіраўнікоў. Калі сітуацыя не палепшыцца, пагрозу па меншай меры «палацавага перавароту» можна будзе лічыць рэальнай.
Улічваючы гэта, цяперашні фактычны саюз паміж Арменіяй і Іранам не выглядае чымсьці перспектыўным. Нават калі для Ірана захаваецца статус-кво ва ўнутранай і знешняй сітуацыі, у яго можа не хапіць рэсурсаў, каб процістаяць саюзу Турэччыны і Азербайджана. І аказаць істотную дапамогу Арменіі ён усё роўна не здолее. Таму Арменіі, імаверна, варта было б пашукаць іншыя варыянты саюзаў. Лепш за ўсё тыя, якія б дазволілі завяршыць гульню з вынікам win-win, калі перамагаюць абодва бакі. Для гэтага ёй трэба будзе радыкальна мяняць наратывы, як унутраныя, так і знешнія. Пакуль не выглядае, каб Арменія была да гэтага гатовай. Але ўсё можа быць, і інтэлектуалы і палітыкі Паўднёвага Каўказу знойдуць прымальныя варыянты завяршэння працяглага крызісу.