Каму выгадная тэрарыстычная атака на поўдні Ірана?

Ці будзе гэтая трагедыя выкарыстана рэжымам аятолаў для ўзмацнення барацьбы супраць вулічных пратэстаў?

iran_protest_131__v_original.jpg

У сераду 26 кастрычніка ў паўднёва-заходнім іранскім горадзе Шыраз адбылася тэрарыстычная атака, у выніку якой загінулі 15 чалавек і яшчэ 27 атрымалі раненні. Напад адбыўся ў мячэці Шах-Чэрах увечары, калі вернікі-шыіты сабраліся на малітву. Першапачаткова паведамлялася пра некалькіх нападнікаў, але цяпер гаворка ідзе пра аднаго тэрарыста. На распаўсюджаных у СМІ здымках з камер назірання бачна, што нападнік прынёс сваю зброю (аўтамат АК) у вялікай торбе і адкрыў страляніну адразу на ўваходзе ў мячэць. Людзі спрабавалі ўцячы ад яго, але ён страляў ім у спіны, дабіваў тых, хто ўпаў, і расстрэльваў тых, хто спрабаваў ад яго схавацца. Сярод ягоных ахвяр — жанчыны і дзеці.

Іранскія ўлады амаль адразу абвясцілі, што нападнікам з’яўляецца «такфір» — так у Іране называюць замежных баевікоў-сунітаў, якія вельмі варожа ставяцца да шыітаў. І, як па замове, адказнасць на сябе ўзяла «Ісламская Дзяржава», якая пасля разгрому яе сіл на Блізкім Усходзе перайшла да тактыкі тэрарыстычных атак.

Але ў тым, што за атакай стаіць менавіта ІД, адразу ўзніклі сумненні. Што зусім не падаецца дзіўным, калі ўлічыць, што Іран ужо больш за месяц жыве ва ўмовах масавых пратэстаў, якія пачаліся пасля гібелі ад рук паліцэйскіх 22-гадовай дзяўчыны Махсы Аміні з-за «няслушнага» нашэння абавязковай хусткі — хіджаба. Атака на вернікаў у мячэці Шах-Чэрах супала з 40-м днём з моманту смерці Махсы і пачатку пратэстаў. У гэты дзень выступленні на вуліцах іранскіх гарадоў насілі асабліва масавы характар. Таму шмат у каго адразу ўзніклі сумненні адносна таго, хто стаіць за нападам.


Праціўнікі рэжыму аятолаў адразу адзначылі, што дадзены напад не патрэбен анікому, акрамя самога іранскага рэжыму. Надта зручную падставу гэтая атака дае для пераходу да больш жорсткіх метадаў задушэння бягучых іранскіх пратэстаў. Марыям Раджаві — прэзідэнтка-элект апазіцыйнай Нацыянальнай рады супраціву Ірана — у сваім твітары не назвала рэжым непасрэдным арганізатарам, але заклікала іранцаў узмацніць свае пратэсты супраць «бесчалавечнага рэжыму мулаў». Праблема нават не ў тым, ці называць наўпрост рэжым вінаватым, ці не, а ў тым, што сам рэжым настолькі згубіў давер іранцаў, што версія наўмыснай арганізацыі нападу будзе, бадай, найбольш папулярнай «народнай» версіяй. Што, канечне, аніякім чынам умацаванню рэжыму не паслужыць.

У сваю чаргу, іранскія ўлады робяць жорсткія заявы ў адрас арганізатараў нападу. Камандуючы Корпусам Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі Хусейн Саламі казаў, што «агонь помсты іранскага народа насцігне іх і пакарае за іхнія ганебныя справы». Прэзідэнт Ірана Ібрагім Раісі адзначыў, што глебу для тэрарыстычнай атакі ў мячэці ўтварылі менавіта «вулічныя пратэсты».

Вярхоўны лідар Іранскай рэвалюцыі аятала Алі Хаменеі, у сваю чаргу, указаў, што боль ад гібелі людзей можа кампенсавацца толькі вызначэннем каранёў гэтай акцыі і ажыццяўленнем «рашучых і мудрых» дзеянняў. Далей Хаменеі заклікае іранцаў яшчэ больш шчыльна аб’яднацца ў сваім супрацьстаянні «ворагам, здраднікам і неразумным агентам», якія не маюць павагі да «жыцця, бяспекі і святыняў» мірных грамадзян. У гэтых словах лёгка ўгадваецца рыторыка, накіраваная супраць удзельнікаў масавых пратэстаў.

139267_1200.webp

З-за мяжы паступаюць і іншыя версіі, часам даволі экзатычныя, хоць, варта адзначыць, іхняя экзатычнасць не надта выходзіць за рамкі звычайных абвінавачванняў тых краін, якія не з’яўляюцца «сяброўскімі» ў дачыненні да рэжыму аятолаў. Міністэрства замежных спраў Сірыі ў сваёй заяве датычна трагедыі ў Шыразе адмыслова падкрэсліла, што ІД «заявіла» пра сваю адказнасць, але тут жа выдала фразу: «Гэтая тэрарыстычная атака яшчэ раз прадэманстравала, што тэрарызм зрабіўся адным з асноўных інструментаў палітыкі ЗШ[А] па дэстабілізацыі краін і падрыву ў іх міру з мэтай падпарадкаваць іх ЗШ». Што цікава, гэтая заява сірыйскага МЗС была перадрукавана армянскім сайтам «News.am», які з’яўляецца адным з буйнейшых армянскіх медыйных рэсурсаў. Пры гэтым цытата пра «ператварэнне тэрарызму ў асноўны інструмент ЗША» была вынесена ў якасці загалоўка. Гэта, імаверна, сведчыць аб памкненні Арменіі да далейшага збліжэння з Іранам, які, адзін з нешматлікіх, адназначна падтрымлівае яе ў апошні час у яе процістаянні з Азербайджанам.

Такім чынам, трагедыя ў Шыразе, без усялякіх сумненняў, узмацніць рыторыку процістаяння ў Іране, якое пачалося з пратэстаў супраць абавязковага нашэння жанчынамі хіджабаў, але вельмі хутка перарасло ў рух супраць радыкальнага ісламскага кіраўніцтва краіны. Магчыма, улады Ірана выкарыстаюць гэтую падзею для прыняцця больш жорсткіх мер супраць пратэстоўцаў. Хоць і да гэтага процістаянне было досыць «гарачым»: на дадзены момант ёсць інфармацыя пра 252 загінулых пратэстоўцаў (у іншых крыніцах можна сустрэць лічбу 400), з якіх 36 — непаўнагадовыя, 30 — забітыя байцы службаў бяспекі. На 26 кастрычніка было вядома пра 13800 арыштаваных, хоць, зноў жа, у публікацыях можна знайсці лічбу ў 20 тысяч.

Назіральнікі адзначаюць, што ўлады Ірана яшчэ не выкарысталі супраць пратэстоўцаў свой асноўны рэсурс — Корпус Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі. Але ўчарашнія падзеі ў мячэці Шах-Чэрах могуць змяніць сітуацыю. Акрамя таго, паступаюць паведамленні, што іранскі рэжым атрымлівае дапамогу ў справе барацьбы супраць вулічных пратэстаў ад іншых краін, якія маюць у гэтым добры досвед. Каардынатар стратэгічных камунікацый пры Савеце па нацыянальнай бяспецы ЗША Джон Кірбі з даволі высокай ступенню ўпэўненасці казаў, што дапамогу ў справе задушэння пратэстаў Тэгерану можа аказваць Масква.


Тым часам пратэсты ў Іране не спыняюцца. Яны ахапілі ўжо 122 гарады і каля 109 універсітэтаў краіны. У іранскім Курдыстане многія бізнесоўцы далучаюцца да страйку. З’яўляюцца паведамленні, што работнікі некаторых прадпрыемстваў Тэгерана таксама абвяшчаюць страйк. Але, хоць некаторыя каментатары і называюць бягучыя дні «момантам незвароту» пратэстаў, тым не менш, пакуль нельга казаць з вялікай упэўненасцю, што гэтыя пратэсты прывядуць да змены палітычнага рэжыму.