У Іране падчас ушанавання памяці забітай Махсы Аміні быў здзейснены тэракт

Іранскія ўлады ўсклалі адказнасць за гэты тэракт на суніцкія ісламісцкія групоўкі.

15 чалавек былі забітыя і 40 параненыя ў выніку нападу на іранскі храм

15 чалавек былі забітыя і 40 параненыя ў выніку нападу на іранскі храм


Узброеныя людзі напалі на шыіцкую мусульманскую святыню ў іранскім горадзе Шыраз.  Агенцтва «Reuters» паведамляе, што прынамсі 15 чалавек былі забітыя, яшчэ 40 чалавек атрымалі раненні.


Іранскія пратэстоўцы адзначалі 40 дзён з дня смерці Махсы Аміні ў зняволенні, яны выйшлі на вуліцы, дзе іх чакалі сілы бяспекі Ірана. Калі паліцыя адкрыла агонь па пратэстоўцах, трое ўзброеных мужчын (як мяркуецца, сунітаў) пачалі  страляць па наведніках храма Хакчарах. Паліцыя арыштавала дваіх «тэрарыстаў» і пачала пошукі трэцяга.
На мясцовых могілках ушанаваць памяць Махсы Аміні сабралася каля 10 тысяч чалавек. Пасля таго, як пачаліся сутыкненні з паліцыяй, улады адключылі інтэрнэт. Людзі скандзіравалі «Жанчына, жыццё, свабода». 


Праваабарончыя арганізацыі Ірана паведамілі, што паліцыя, якая асцерагаецца новай хвалі пратэстаў, пагражала бацькам забітай дзяўчыны, што арыштуе і сына, калі яны правядуць жалобную працэсію. Пры гэтым улады адмаўляюць, што былі якія-небудзь дзяржаўныя абмежаванні на правядзенне памінальнай службы. «Гэта было рашэнне яе сям'і — не праводзіць службу», паведамляюць дзяржаўныя СМІ Ірана.
Нагадаем, 16 верасня ў Іране ўспыхнулі масавыя пратэсты. Прычынай іх стала забойства «паліцыяй нораваў» 22-гадовай Махсы Аміні, якая «няправільна» апранула хіджаб. Вельмі хутка пратэсты ператварыліся ў антыўрадавыя выступленні, пачаў гучаць лозунг «Смерць дыктатару». Сілы бяспекі Ірана жорстка падаўляюць пратэсты, ахвярамі якіх, паводле афіцыйных звестак, сталі каля 185 чалавек, у тым ліку 19 дзяцей.
Тыдзень таму ў самай вялікай турме Тэгерана, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя пратэстоўцы, успыхнуў пажар. Загінулі 8 чалавек.