За блакіроўку дарог падчас пратэстаў канфіскавалі аўто
У мінчука канфіскавалі аўтамабіль — як «сродак здзяйснення злачынства» на акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года, паведамляюць праваабаронцы. І гэта ўжо не першы выпадак.
У судзе Савецкага раёна 22 ліпеня за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі двух мінчукоў Сяргея Жоглу і Віталя Рыбакова. Суддзя Аляксандр Волк прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначыў два гады і адзін год і восем месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму адпаведна.
Нядаўна па апеляцыйнаму пратэсту пракурора ў аднаго з іх канфіскавалі аўтамабіль як «сродак здзяйснення злачынства» — ён выкарыстоўваўся для блакіроўкі праезнай часткі падчас акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года.
Згодна з версіяй абвінавачвання, двое жыхароў сталіцы 10 жніўня 2020 года ў вячэрні час, «натхніўшыся заклікамі з дэструктыўных Telegram-каналаў блакаваць транспартныя камунікацыі для цяжкасці перамяшчэння службовых аўтамабіляў органаў унутраных спраў, прыбылі на машыне да скрыжавання праспекта Машэрава і вуліцы Максіма Багдановіча ў Мінску, дзе заблакавалі сваім транспартным сродкам праезную частку».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра 53-гадовага Сяргея Жоглу і 35-гадовага Віталя Рыбакова, якіх затрымалі 15 лютага 2022 года. Мінчукі падалі апеляцыйныя скаргі на прысуды ў Мінскі гарадскі суд, дзе адзначылі строгасць пакарання. Але прадстаўнік Генеральнай пракуратуры таксама падаў апеляцыйны пратэст, у якім прасіў канфіскаваць аўтамабіль у аднаго з іх як «сродак здзяйснення злачынства». Судовая калегія не задаволіла апеляцыйную скаргу Жоглы і Рыбакова, але задаволіла пракурорскі пратэст і прымяніла спецыяльную канфіскацыю.
Гэта не першы выпадак з канфіскацыяй аўтамабіля ў пратэстоўца. Так, 5 красавіка 2021 года ў судзе Першамайскага раёна Мінска па прысуду суддзі Максіма Трусевіча аўтамабіль канфіскавалі ў 50-гадовага палітзняволенага Яраслава Збароўскага. Яго асудзілі да трох гадоў «хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 КК за блакаванне дарогі і ўзвядзенне барыкадаў у ноч з 10 на 11 жніўня каля ТЦ «Рыга». Палітзняволены віну не прызнаў, казаў, што трапіў на месца мітынгу выпадкова — ехаў павячэраць з жонкай, апынуўся ў заторы, рухаўся марудна праз гэта, пры першай магчымасці развярнуўся ў адваротным кірунку і паехаў дадому.