Былому кіраўніку прэзідэнцкага пула АНТ пагражае да пяці гадоў зняволення

Прарэжымныя тэлеграм-каналы паведамілі: «Устаноўлена, што падазраваны ў 2020—2022 гадах у розных тэлеграм-каналах і чатах размясціў публікацыі, скіраваныя на фармаванне ў грамадскасці непрыязнасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, ваеннаслужачых і прадстаўнікоў улады».

semczanka_2.jpg


Пракуратура афіцыйна пацвердзіла ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да Дзмітрыя Семчанкі.
На яго завялі крымінальную справу за распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі), што прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
«З улікам абставін зробленага і асобы падазраванага» ў дачыненні да яго абрана мера зняволення ў выглядзе ўтрымання пад вартай.
Дзмітрыя затрымалі разам з жонкай 15 верасня, на наступны дзень яму далі 15 сутак арышту па артыкуле 19.1 КаАП аб дробным хуліганстве. Па сканчэнні гэтага тэрміну яго асудзілі яшчэ раз, прызначыўшы 13 сутак арышту за «экстрэмісцкія матэрыялы» ў ягоных сацыяльных сетках. 13 кастрычніка Семчанка адбыў чарговы арышт на Акрэсціна і мусіў выйсці на волю. Аднак яго так і не адпусцілі.


Нагадаем, Дзмітрый Семчанка сышоў з тэлеканала АНТ пасля жорсткіх разгонаў акцый у жніўні 2020 года. 10 верасня таго ж года да яго прыйшла міліцыя. На наступны дзень журналіста асудзілі: прызналі вінаватым у тым, што ён быў на пратэсным маршы 16 жніўня, яшчэ падчас працы на дзяржканале. За гэта суд прызначыў яму 15 сутак арышту. Пасля звальнення з дзяржканала Семчанка працаваў у PR-сферы, быў супрацоўнікам кампаніі «Белагра».
29 верасня ў офіс «Белагра» прыйшлі сілавікі, некаторых супрацоўнікаў затрымалі. Як напісалі праўладныя тэлеграм-каналы, візіт і арышты звязаны з «падтрымкай кіраўніцтвам і супрацоўнікамі пратэсту ў 2020 годзе». Пазней у МУС паведамілі, што затрыманы 20 супрацоўнікаў «Белагра» за «экстрэмісцкую дзейнасць». Пры гэтым ведамства пацвердзіла, што першапачаткова цікавасць да кампаніі была выклікана тым, што там працаваў Семчанка.
Пасля гэтага ў тэлеграм-каналах сілавікоў з'явілася інфармацыя, што на яго завялі крымінальную справу.