Іран прызнаў пастаўкі дронаў у Расію. Але кажа, што гэта было да ўварвання ва Украіну

Міністр замежных спраў Ірана Хасейн Амір-Аабдалахіян заявіў, што «невялікая колькасць» беспілотнікаў была пастаўлена ў Расію за некалькі месяцаў да таго, як расійскія войскі ўварваліся ва Украіну 24 лютага.

fhemmrswubmzi3w.jfif


У найбольш падрабязным на сённяшні дзень адказе Ірана па беспілотніках Амір-Абдалахіян адмаўляе, што Тэгеран працягвае пастаўляць беспілотнікі ў Маскву, піша АФН.

«Гэтая шуміха, паднятая некаторымі заходнімі краінамі, што Іран падаў Расіі ракеты і беспілотнікі для дапамогі ў вайне ва Украіне — ракетная частка абсалютна няправільная», — сказаў ён.

«Адносна беспілотнікаў — гэта праўда, і мы далі Расіі невялікую колькасць беспілотнікаў за некалькі месяцаў да вайны ва Украіне», — сказаў ён.

У мінулым месяцы два высокапастаўленых іранскіх чыноўніка і два іранскіх дыпламата паведамілі Reuters, што Іран паабяцаў даць Расіі ракеты класа «зямля-зямля» ў дадатак да большай колькасці беспілотнікаў.


Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва IRNA цытуе Амір-Абдалахіяна, які заявіў, што Тэгеран і Кіеў дамовіліся абмеркаваць абвінавачванні аб выкарыстанні іранскіх беспілотнікаў ва Украіне два тыдні таму, але ўкраінцы не з'явіліся на ўзгодненую сустрэчу.

«Мы дамовіліся з міністрам замежных спраў Украіны даць нам дакументы, якія яны маюць, аб тым, што Расія выкарыстоўвала іранскія беспілотнікі ва Украіне», — сказаў Амір-Аабдалахіян, але ўкраінская дэлегацыя ў апошнюю хвіліну адмовілася ад запланаванай сустрэчы.

Міністр замежных спраў Ірана паўтарыў, што Тэгеран «не застанецца абыякавым», калі будзе даказана, што Расія выкарыстала Іранскія беспілотнікі ў вайне супраць Украіны.

Як вядома, Расія ў апошні час масава прымяняе для ўдараў па Украіне беспілотнікі-камікадзэ, якія спецыялісты ідэнтыфікуюць як іранскія «Шахед-136», а расійскія сілы выкарыстоўваюць іх пад назвай «Герань». Тэгеран неаднаразова адмаўляў перадачу беспілотнікаў Расіі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Іран хлусіць, калі кажа, што паставіў Расіі толькі невялікую колькасць беспілотнікаў. Ён адзначыў, што ўкраінскія вайскоўцы штодня збіваюць як найменей дзесяць іранскіх беспілотнікаў. «Мы дакладна ведаем, што іранскія інструктары вучылі расійскіх тэрарыстаў карыстацца дронамі, а ў Тэгеране аб гэтым наогул маўчаць», — цытуе ўкраінскага прэзідэнта Радыё Св*бода.