Збіраюцца пакараць смерцю 14 тысяч затрыманых пратэстоўцаў
Іранскія заканадаўцы хочуць даць «жорсткі ўрок» удзельнікам пратэстаў, якіх прыраўноўваюць да тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».

У Іране большасць дэпутатаў падтрымала рэзалюцыю, якой дазволяць
пакараць смерцю затрыманых пратэстоўцаў. Пра гэта паведамляе агенцтва «IOL».
227 з 290 дэпутатаў выступілі за «жорсткі ўрок» для
ўдзельнікаў пратэстаў. Рэзалюцыя дазволіць пакараць смерцю затрыманых
пратэстоўцаў. Антыўрадавыя пратэсты доўжацца ў Іране ўжо трэці месяц пасля
смерці маладой курдскай іранскай жанчыны Махсы Аміні.
«Мы просім судовую сістэму рашуча змагацца з асобамі,
якія ўчынілі гэтыя злачынствы, і з усімі тымі, хто дапамагаў у злачынствах і
справакаваў бунтаўнікоў», — заявілі заканадаўцы.

Дэпутаты прыраўноўваюць дзеянні пратэстоўцаў да дзейнасці тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», якія пазбаўляюць людзей жыцця і
маёмасці. Вядома, што на гэты момант пад вартай знаходзіцца да 14 тысяч
чалавек, усім ім будзе пагражаць смяротнае пакаранне.
Паводле даных СМІ, па стане на суботу ў ходзе пратэстаў было
забіта 318 чалавек, з якіх 49 не дасягнулі паўналецця. Таксама паведамляецца
пра смерць 38 сілавікоў.
Раней іранскія ўлады абвінавацілі ЗША ў арганізацыі пратэсных акцый.