Мір на Каўказе — блізкі ці далёкі?

У мінулы чацвер у Празе падчас саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці — нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў еўрапейскіх краін — адбылася падзея, якая можа паставіць кропку ў армяна-азербайджанскім канфлікце.  

moshed_2022_10_10_18_24_48.jpg

Узброеныя сутыкненні на армяна-азербайджанскай мяжы ў верасні сёлета былі больш падобнымі на акцыю прымушэння да міру, чым элементам працяглай і бясконцай вайны.
Канфлікт цягнуўся доўга і меў два варыянты выйсця. Першы — безумоўная перамога аднаго з бакоў з поўнай паразай і немагчымасцю да супраціву іншага боку. Другі — дасягненне кампрамісу з узаемным прызнаннем інтарэсаў кожнага з удзельнікаў. Другі варыянт ад пачатку быў нерэальным, бо патрабаваў і ад армянаў, і ад азербайджанцаў ахвяраваць сваімі прынцыпамі, уяўленнямі пра гістарычную справядлівасць, памяццю дзядоў і бацькоў, «якія ж ваявалі», і г.д. Таму заставалася чакаць, калі ў рамках першага варыянту адзін з бакоў назапасіць дастатковую моц, каб не пакінуць свайму праціўніку аніякіх шанцаў. Гэтай задачы Азербайджан даў рады куды лепш за Арменію.
Можна знайсці розныя аргументы, чаму адбылося менавіта так. З вайны пачатку 90-х Арменія выйшла пераможцам, што, магчыма, супакоіла яе і пазбавіла моцнага стымулу да актыўнага развіцця, у тым ліку — у ваеннай сферы. У Азербайджана, які пацярпеў паразу і страціў кантроль над часткай сваіх тэрыторыяў, такі стымул быў. Ды яшчэ й падмацаваны ўласнымі крыніцамі вуглевадародаў, што давала магчымасць адчуваць сябе пажаданым пакупніком на сусветным рынку зброі. Але больш істотным выглядае той выбар, які гэтыя краіны зрабілі на міжнароднай арэне. Арменія шчыльна прыляпілася да «братняй» Расіі, у залежнасць ад якой патрапіла яшчэ 200 год таму.


Канечне, выбар гэты быў шмат у чым абумоўлены асяроддзем, у якім існуе гэтая краіна, заціснутая з двух бакоў відавочна не сяброўскімі ісламскімі суседзямі. Разлік на дапамогу з боку блізкай па рэлігіі Расіі ў такой сітуацыі выглядаў надзейным аргументам. Плюс, канечне, спадчына СССР у выглядзе шматлікіх эканамічных, палітычных, індывідуальных сувязяў. Ну і вера ва ўсемагутнасць Расіі і ейную здольнасць разруліць любыя праблемы на постсавецкай прасторы.
Нават змена кіраўніцтва Арменіі ў выніку масавых пратэстаў (што ў свой час натхняла некаторых беларускіх назіральнікаў на веру ў хуткія пазітыўныя перамены ў гэтай краіне) і наступнае ператварэнне яе з прэзідэнцкай рэспублікі ў парламенцкую (што залішні раз падкрэслівае: змена дзяржаўнага ладу зусім не з’яўляецца панацэяй ад праблемаў) не змянілі гэтай цвёрдай прарасійскай арыентацыі. У выніку яна, спакусіўшыся на чужыя тэрыторыі, асуджаная была паўтарыць лёс свайго «старэйшага брата», які таксама прагне «прырастаць» чужымі землямі.
Тое, што Арменія, па сутнасці, зрабілася агрэсарам, які акупаваў частку чужой тэрыторыі, таксама адыграла сваю ролю ў гісторыі. Першапачаткова шмат хто меў сімпатыі менавіта да яе: маленькая хрысціянская краіна адстойвае гістарычную праўду ў супрацьстаянні з краінай ісламскай, і гэта ўсё — на фоне папулярнасці ідэяў Хантынгтана пра «сутыкненне цывілізацый», калі ісламскі свет быў абвешчаны галоўным ворагам і крыніцай праблемаў для свету заходняга. Тэма генацыду армянаў у Асманскай імперыі таксама спрыяла пашырэнню праармянскіх настрояў. Ну і, канечне, шырокая і актыўная армянская дыяспара, у тым ліку — сусветныя зоркі з армянскімі каранямі, плённа працавала на прасоўванне армянскай павесткі.


Тым не менш, той факт, што Арменія захапіла частку азербайджанскай зямлі, заставаўся моцным аргументам праціўнікаў армянскай пазіцыі. З цягам часу лагер тых, хто выказваў спачуванні Азербайджану, павялічваўся. Прычым, у яго патрапілі досыць магутныя і ўплывовыя дзяржавы, у тым ліку — Кітай. Ініцыятыва «Пояс-Шлях», а таксама зацікаўленасць еўрапейскіх краін у дадатковых крыніцах энерганосьбітаў зрабілі Азербайджан больш прывабным партнёрам па міжнародных стасунках, чым ягонага суперніка. Не на карысць Арменіі адыгрывала і тое, што ЗША дэманстратыўна адмаўляліся прымаць чыйсьці канкрэтны бок у гэтым канфлікце.
Па выніку, калі ў мінулы чацвер у Празе адбылася чатырохбаковая сустрэча па армяна-азербайджанскім канфлікце, у якой прынялі ўдзел прэзідэнт Азербайджана Аліеў, прэм’ер Арменіі Пашынян, прэзідэнт Францыі Макрон і старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, пазіцыя Азербайджана была наймацнейшай. Нават Макрон, нягледзячы на традыцыйную праармянскую пазіцыю Францыі, не здолеў ёй процістаяць. У дасягнутым удзельнікамі сустрэчы пагадненні была, перш за ўсё, адзначана цвёрдая прыязнасць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў у межах на 1991 год. Фактычна гэта значыць, што Арменія дапушчае вырашэнне нагорна-карабахскага пытання па азербайджанскім сцэнары. Акрамя таго, пагадненне прадугледжвае стварэнне цывільнай міжнароднай місіі пад сцягам ЕС, мэта якой — падтрыманне мірнага працэсу дэмаркацыі армяна-азербайджанскай мяжы. Пры гэтым першапачаткова прадугледжвалася, што місія мусіць дзейнічаць па абодва бакі мяжы. Супраць гэтага выступіў прэзідэнт Аліеў. У выніку, было вырашана, што місія будзе дзейнічаць толькі з армянскага боку. У СМІ гэта было прыпаднесена як відавочная перамога Азербайджана.


Пасля сустрэчы ў Празе пачалі з’яўляцца прагнозы наконт магчымасці заключэння мірнай дамовы паміж дзвюма краінамі ўжо да канца 2022 года. Мала сумненняў, што трыумфатарам, па выніку, будзе Азербайджан. Армянам застаецца мала на каго спадзявацца. Расію, якая за апошнія гады згубіла большую частку сваіх зубоў і абламвае апошнія аб Украіну, можна браць у разлік толькі з гіганцкімі агаворкамі.
З моцных гульцоў, хто можа, тэарэтычна, пакінуць уплыў на сітуацыю на Паўднёвым Каўказе, застаецца Іран. Ён без асаблівага замілавання глядзіць на тую сітуацыю, якая складаецца на ягонай паўночна-заходняй мяжы.
Іран бачыць у Азербайджане не толькі турэцкі фарпост на Паўднёвым Каўказе, але таксама небяспечную для сябе пляцоўку прасоўвання ізраільскіх інтарэсаў. Ужо пасля апошняй «гарачай» фазы армяна-азербайджанскага канфлікту ў Баку здзейсніў візіт міністр абароны Ізраіля Бені Ганц, які сустрэўся там з прэзідэнтам Азербайджана Аліевым і міністрам абароны Закірам Хасанавым. Іранскія медыя, якія каментуюць гэты візіт, акцэнтуюць увагу на тым, што Азербайджан даўно з’яўляецца актыўным пакупніком узбраення ізраільскай вытворчасці, у тым ліку — супрацьтанкавых ракетных сістэмаў і буйнакаліберных гаўбіц. Ізраільскае ўзбраенне пастаўляецца Азербайджану яшчэ з 2010-га, і з таго часу яно выкарыстоўвалася супраць армянскіх войскаў. Але, адзначаюць іранцы, нават не гэта было асноўнай мэтай візіту Бені Ганца. Яны лічаць, што галоўнае — гэта пабудова новай сістэмы ўзаемаадносінаў на Блізкім Усходзе і Паўднёвым Каўказе. Гэтая сістэма прадугледжвае ўзмацненне Азербайджана з ізаляцыяй Арменіі і Расіі. Ірану гэта не патрэбна ад слова «зусім», і ён можа паспрабаваць «папсаваць маліну» Турэччыне і Азербайджану ў іхніх планах па паўднёвакаўказскім уладкаванні.
Яшчэ адзін патэнцыйны саюзнік — ЗША. Яны ў апошнія некалькі тыдняў парушылі сваю традыцыйную пазіцыю: «і вы маеце рацыю, і вы маеце рацыю, і я маю рацыю», і зрабілі некалькі дэманстрацыйных крокаў у падтрымку Арменіі. У тым ліку — нечаканы візіт Нэнсі Пэлосі ў Арменію пад час апошняй гарачай фазы канфлікту. Але тут прысутнічае істотны момант. Падтрымка ЗША актуалізуецца толькі ў тым выпадку, калі Азербайджан парушыць мяжу і пачне ўварванне на армянскую тэрыторыю. Ці, магчыма, у выпадку ціску на Арменію з мэтай атрымаць транспартны калідор да Нахічэвані (азербайджанскі эксклаў) з правам экстэрытарыяльнасці, дзеля чаго Азербайджан таксама можа выкарыстоўваць вайсковую сілу. Ва ўсіх іншых сітуацыях ЗША, хутчэй за ўсё, будуць трымацца пазіцыі заключэння міру на прынцыпах міжнароднага права, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту (трымаючы ў галаве непазбежнае процістаянне з Кітаем і ў гэтым рэгіёне).
Але нават дзеля таго, каб атрымаць ад ЗША гарантыі недатыкальнасці сваіх межаў, Арменіі трэба істотна перагледзець свае знешнепалітычныя прыярытэты. Пра гэта недвухсэнсоўна казала ў Ерэване Пэлосі. Арменіі варта адцурацца ад традыцыйнай арыентацыі на Маскву і шукаць іншых саюзнікаў. І гэта, у сваю чаргу, не можа быць пошукамі тых сілаў, якія дапамогуць Арменіі адстаяць свае прэтэнзіі на Нагорны Карабах. Іначай канфлікт не скончыцца ніколі. Для Арменіі было б больш слушным знайсці сваю карысць у тых канфігурацыях, якія складаюцца ў рэгіёне ў бягучы момант. Карысць, у тым ліку, эканамічную, якую мог бы абяцаць удзел у міжнародным транзіце з доступам да рынкаў тавараў, тэхналогій і інвестыцый. Зразумела, што ў жыцці гэта можа выглядаць не так прыгожа, як у прагнозах. Але пакуль гэта бачыцца найбольш прымальным варыянтам недапушчэння працягу крывавай патавай сітуацыі.
Беларусам тут таксама ёсць на што паглядзець і зрабіць праз гэта пэўныя высновы. Як паказвае досвед Азербайджана і Арменіі, трэба карэнным чынам перагледзець свае падыходы да знешняй палітыкі і шукаць тых саюзнікаў, якія могуць забяспечыць раўнапраўны доступ да знешняй арэны, сусветных рынкаў і тэхналогій, без умяшальніцтва ва ўнутраныя справы і парушэння суверэнітэту. Тады з’явяцца перспектывы і развіцця, і росту міжнароднага аўтарытэту дзяржавы — з чым у нас цяпер назіраецца катастрафічны дэфіцыт, што нараджае як актуальныя праблемы, з якімі ўжо пачалі сутыкацца беларусы, як «прадстаўнікі» дзяржавы-суагрэсара, так і вялікія патэнцыяльныя праблемы. Каб гэтага пазбегнуць, варта, у першую чаргу, перастаць рабіць выгляд, што асноўная місія беларусаў у гэтым свеце — трымацца за нейкі чужы «мір». У тым ліку — языком.