Лукашэнка губляе саюзнікаў сярод калег па постсавецкай прасторы
Рэзкія выказванні кіраўніка Беларусі ў дачыненні сваіх калегаў падкрэслілі страту ім ранейшай самастойнасці. Між тым кіраўнікі былых рэспублік СССР, наадварот, пачынаюць гэтую самастойнасць здабываць.
![4a65136d293b7bb198e4caff920d4328.jpg 4a65136d293b7bb198e4caff920d4328.jpg](/img/v1/images/4a65136d293b7bb198e4caff920d4328.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
28 кастрычніка на пазачарговай сесіі Рады калектыўнай бяспекі гэтай арганізацыі кіраўнік Беларусі павысіў голас на Нікола Пашыняна, патрабуючы ад яго хутчэй урэгуляваць канфлікт з Азербайджанам і пагадзіцца на ролю Расіі як адзінага пасярэдніка, адмовіўшыся ад звароту да заходніх краін (ЕС і АБСЕ), нагадвае «Салідарнасць».
1 лістапада рушыў працяг. На сустрэчы з Генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем кіраўнік Беларусі падтрымаў прэзідэнта Азербайджана, сказаўшы, што ў яго «не заставалася іншага рашэння, як сілавое рашэнне».
Таксама Лукашэнка заклікаў не ўцягваць АДКБ у армяна-азербайджанскі канфлікт (раней Ерэван звярнуўся ў арганізацыю па дапамогу ў аднаўленні тэрытарыяльнай цэласнасці краіны).
У той жа дзень у МЗС Арменіі назвалі словы Лукашэнкі «неабгрунтаванымі» і таксама адзначылі, што яны «не з'яўляюцца саюзніцкімі і партнёрскімі, ставяць пад сумнеў абавязацельствы дзяржавы-ўдзельніка, падпісаныя ім у рамках АДКБ».
І гэта была адна з самых мяккіх рэакцый у Арменіі, многія выказваюцца ў дачыненні да «саюзніка» Лукашэнкі нашмат больш рэзка.
А спікер Нацыянальнага сходу Арменіі Ален Сіманян пракаментаваў заявы кіраўніка Беларусі кароткай, але ёмістай фразай: «У мяне ёсць асцярогі, што выказаныя думкі былі не яго».
Гэта намёк на Расію, «галоўнага члена АДКБ», пазіцыя якой расчаравала армянскіх саюзнікаў. Думка пра тое, што Лукашэнка, які трапіў у залежнасць ад Пуціна пасля падзей 2020 года, ператварыўся ў ягонага ланцуговага сабаку – не новая.
Нагадаем, у студзені гэтага года кіраўнік Беларусі нечакана заявіў, што «перш за ўсё» ўлады Узбекістана павінны вынесці ўрокі з пратэстаў у Казахстане — у гэтым убачылі прагаворванне жаданне Расіі дамагчыся далучэння гэтай краіны да АДКБ.
У лютым Лукашэнка і зусім дазволіў сабе заявіць, што ў найбліжэйшыя 15 гадоў да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі можа далучыцца шэраг постсавецкіх краін (Украіна, Туркменістан, Узбекістан і Таджыкістан). Чым, натуральна, выклікаў там негатыўную рэакцыю.
Да 2020 года Лукашэнка падобных выказванняў у дачыненні да калегаў сабе не дазваляў — ні па змесце, ні па тоне. Наадварот, беларускія ўлады стараліся наводзіць масты з усімі, пазіцыянуючы сябе як нейтральная дзяржава і патэнцыйная перамоўная пляцоўка.
Цяпер жа ад ранейшых паводзінаў кіраўніка Беларусі амаль нічога не засталося. Яго лінія рэзка кантрастуе нават з дзеяннямі калегаў-аўтакратаў на постсавецкай прасторы. Успомніць хоць бы, што ў твар Пуціну прэзідэнт Казахстана сказаў, што не будзе прызнаваць незалежнасць самаабвешчаных рэспублік. А кіраўнік Таджыкістана літаральна запатрабаваў ад прэзідэнта Расіі не ставіцца да краін Цэнтральнай Азіі як да рэспублік СССР.
Сёння немагчыма ўявіць, каб Лукашэнка праявіў па адносінах да Масквы такую ж незалежную пазіцыю. А яго дубляванне жаданняў Крамля ў выглядзе рэзкіх і эмацыйных выказванняў падрывае аўтарытэт кіраўніка Беларусі яшчэ больш.
У Лукашэнкі даўно не засталося саюзнікаў на Захадзе, але цяпер ён рызыкуе згубіць іх і на постсавецкай прасторы.