Альфрэд Кох: Расія хворая, хворая нейкай вельмі цяжкай і небяспечнай хваробай
Палітык і пісьменнік у сваім тэлеграм-канале выказвае думку, што Кадыраў і Прыгожын насамрэч проста водзяць Пуціна за нос, паралельна «распілоўваючы» вялікія грошы. І дапускае, што расійскага кіраўніка, які страціў сувязь з рэальнасцю, не падманвае толькі лянівы.
Вось і падышоў да канца дзвесце пяцьдзясят трэці дзень вайны. Асаблівых змяненняў на фронце, мяркуючы па картах ISW, я не ўбачыў. Адзінае што кідаецца ў вочы, дык гэта выцясненне вагнераўцаў (і хто там яшчэ з імі) з-пад Бахмута. Пасля двух месяцаў інтэнсіўнага наступу прыгожынска-кадыраўская «эліта» далей ад Бахмута, чым была ў яго пачатку.
У сувязі з гэтым я працягваю здзіўляцца: чаму такія крыварукія палкаводцы як Прыгожын і Кадыраў з такім апломбам дазваляюць сабе крытыкаваць вайсковых генералаў, — як быццам у іх ёсць чым пахваліцца, у адрозненне ад няўдачлівых герояў Алепа і Пальміры.
І калі ўжо Пуцін зразумее, што яго проста водзяць за нос гэтыя ягоныя верныя слугі? Уся іх палкасць і паказушная вернасць трону мае тлумачэннем страх перад сапраўднай рэвізіяй іх бурнай дзейнасці. Зрэшты, я б на іх месцы не вельмі турбаваўся: Пуцін баязлівец, і хутчэй дасць каманду бамбіць Варонеж, чым асмеліцца праверыць, куды патрацілі выдаткаваныя ім мільярды Кадыраў або Прыгожын.
Як і меркавалася, Пуцін зноў схлусіў: сёння ўкраінскі МЗС афіцыйна паведаміў, што ніякіх новых абавязацельстваў і гарантый, акрамя тых, што Украіна брала на сябе першапачаткова ў рамках збожжавай здзелкі, яна не давала.
Гэта тым больш немагчыма, што Украіна цалкам выключыла любыя кантакты з Масквой. Сёння Зяленскі зноў заявіў, што не будзе браць удзел у саміце G20, калі ў ім у любой форме возьме ўдзел Пуцін.
Як у гэтых умовах Украіна магла даць нейкія гарантыі наўпрост Маскве, я не ўяўляю. Такога роду гарантыі — гэта вільготныя мары Пуціна. Падобна яго фантазіям пра ўзяцце Кіева за тры дні і адсоўванне НАТА на межы 1995 года.
Зрэшты, я не выключаю варыянту, што гэта яго абслуга зноў тлуміць яму галаву. Найбольш кемлівыя з іх ужо зразумелі, што дэмарш з выхадам са збожжавай здзелкі не атрымаўся, і трэба вяртацца назад. А каб не параніць самалюбства шэфа (які, мабыць і быў ініцыятарам гэтага блефу з выхадам) паведамілі яму, што ад Украіны атрыманыя гарантыі, якія задавальняюць Крэмль.
Сёння Пуціна яшчэ раз злавілі на хлусні. Абвяшчаючы мабілізацыю, ён наабяцаў мабілізаваным з тры вазы. Ён нават абяцаў ім заробак на ўзроўні кантрактнікаў і аднаразовыя выплаты 300 тысяч рублёў. Зразумела, ніхто гэтыя яго абяцанні выконваць не збіраўся: і без іх загонім салдацікаў на фронт. А плаціць будзем толькі тым, хто не здохне праз месяц. Дый тое яшчэ паглядзім.
Але добрыя рускія мужычкі хутка сцямілі, што да чаго, і пагадзіліся ехаць на вайну і забіваць незнаёмых ім людзей толькі пасля таго, як ім заплацяць аднаразовую дапамогу. Бясплатна забіваць яны не згодныя. А за грошы — з найвялікшым задавальненнем.
Дзесьці ва Ульянаўску мобікі зладзілі страйк і праз тры дні — вуаля: Пуцін падпісаў указ аб адначасовых выплатах мабілізаваным. Вось такая, разумееш, «народная вайна» ідзе. Якімі новымі гранямі зайграў рускі народны патрыятызм, ці не праўда? Як шмат мы даведаемся аб «глыбінным народзе»!
Глядзіце: аказваецца нясмелы і бязмоўны рускі мужык можа тры дні страйкаваць і патрабаваць ад уладаў грошай! І не баіцца ён ні паліцыі, ні Бога, ні чорта. Аказваецца, ён можа быць цвёрдым і паслядоўным у адстойванні сваіх правоў. І ўлада ставіцца да гэтага з павагай і ідзе яму насустрач!
Зразумелая справа: грошай патрабуюць! Гэта сур'ёзны і паважлівы «інтырэс». А вось усё гэта талстоўства «не пайду на фронт таму, што я супраць вайны і забойстваў» — гэта дзяцінства, гэта мы ў разлік не бярэм. І, у выпадку чаго, можам і ў турму пасадзіць. А трэба будзе, дык і паставім да сценкі.
Усё ж такі ёсць нешта ў ідэі аб тым, што Расія — гэта асобная цывілізацыя. Ніяк мне яе розумам не зразумець. Здаецца, ужо ўчапіўся за нітачку, а яна раз, і новае каленца выкіне…
Расія хворая. Хворая цяжка, хворая нейкай вельмі цяжкай і небяспечнай хваробай. Дурная кроў ударыла ёй у галаву і яна, не тое каб вельмі моцная краіна, уявіла сябе касмічным волатам, якому пад сілу біцца супраць амаль усяго свету... Яна пераканала сябе ў тым, што цяпер ідзе пытанне аб яе выжыванні і што на кон пастаўлена ўсё.
І тады ён заплача і разарве на сабе кашулю. «Калі праўда яно, ну, хоць бы на траціну — застаецца адно: толькі легчы і памерці!» І пачне крычаць: «Прабачце, праваслаўныя! Не са зла я! Нячысцік паблытаў! Вазьміце, што хочаце! Толькі прабачце!»
І я веру, што так яно і будзе. І гэта, як не дзіўна, яшчэ дае мне надзею. Але спачатку трэба яму набіць морду. Без гэтага — ніяк!