Так працуе дэмакратыя. Міністр юстыцыі Бельгіі сышоў у адстаўку праз тэракт з забітымі заўзятарамі
Кіраўнік ведамства ўзяў палітычную адказнасць за прафесійны промах суддзі, з-за якога тэрарыста не выправадзілі з краіны. У выніку ён здзейсніў тэрарыстычны акт, у якім былі забітыя два футбольныя заўзятары са Швецыі.

Месца трагедыі ў Бруселі. Фота AP
Міністр юстыцыі Бельгіі Вінцэнт Ван Квікенборн абвясціў у пятніцу, 20 кастрычніка, аб адстаўцы. Ён растлумачыў, што бярэ палітычную адказнасць за няздольнасць прадухіліць тэракт у Бруселі, які прывёў 16 кастрычніка да гібелі двух шведскіх футбольных заўзятараў.
Нагадаем, што тэракт учыніў 45-гадовы выхадзец з Туніса. Відавочцы тэракту сцвярджаюць, што стралок крычаў «Алах акбар» і паспеў сказаць, што ён прыхільнік Ісламскай дзяржавы (ІДІЛ).
У лістападзе 2019 года ён падаў заяўку на палітычны прытулак у Бельгіі, але ў кастрычніку 2020 года яна была адхіленая. З тых часоў ён жыў у краіне незаконна. У 2021 годзе ўлады Бельгіі вырашылі экстрадаваць яго ў Туніс, але не змаглі ўстанавіць адрас, па якім яго можна было знайсці. Затое праз некалькі гадзін пасля тэракту яго месца жыхарства ўсё ж было ўстаноўлена. Там тэрарыста і ліквідавалі.
Бельгійскія СМІ паведамілі, што тэрарыст быў вядомы бельгійскай паліцыі з-за датычнасці да гандлю людзьмі, а нейкі «замежны ўрад» нібыта нядаўна папярэдзіў бельгійскія ўлады аб тым, што ён прайшоў шлях рэлігійнай радыкалізацыі і таму можа прадстаўляць небяспеку. Аднак улады Бельгіі не змаглі праверыць гэтую інфармацыю і таму не ўнеслі імя тэрарыста ў чорны спіс.
Тэрарыст таксама быў замяшаны ў нападзе на чалавека ў цэнтры, дзе бежанцы чакаюць палітычнага прытулку. 17 кастрычніка з гэтай нагоды павінна было адбыцца судовае паседжанне. У сувязі з гэтымі фактамі ў Бельгіі задаюцца пытаннем, як нелегальны мігрант, замяшаны ў крымінальных злачынствах і які выклікае рэальныя падазрэнні ў дачыненні да тэрарызму, можа свабодна перасоўвацца па краіне.
Глядзіце таксама

Нагадаем таксама, што 16 кастрычніка ў Бруселі праходзіў футбольны матч паміж зборнымі Бельгіі і Швецыі. Праз тэракт ён не быў дагуляны, што з’яўляецца надзвыачйным здарэннем для еўрапейскага футбола.
Адстаўка міністра юстыцыі Бельгіі — звычайная справа
для дэмакратычных краін, дзе ўладу абіраюць на выбарах. Гэта адна з формаў
адказнасці палітыкаў за дапушчаныя памылкі. Для аўтарытарных дзяржаў такія
паводзіны нехарактэрныя, бо там кадравыя рашэнні прымае кіраўнік і менавіта
перад кіраўніком яго стаўленнікі адказваюць. Меркаванне людзей калі і
ўлічваецца, то апасродкавана.