Карбалевіч: Рэжым выключае Беларусь з ліку еўрапейскіх краін?
Тэрмін «Еўропа» міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік выкарыстоўвае як сінонім паняцця «Захад». Такім чынам ён фактычна выключае Беларусь (як і Расію) з ліку еўрапейскіх краін. Калі кіравацца такой логікай, дык цяпер краіна належыць найперш да Еўразіі. І ўласна назва канфэрэнцыі, якая распачалася сёння ў Мінску («Еўразійская бяспека») — гэта не пра Еўропу, а пра Азію, піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч.
Міжнародная канфэрэнцыя «Эўразійская бясьпека: рэальнасьць і
пэрспэктывы ў сьвеце, які трансфармуецца», што праходзіць у Менску 26-27
кастрычніка, дэманструе амбіцыі кіраўніцтва Беларусі, імкненьне трохі падвысіць
сваю міжнародную ролю. Бо апошнім часам яна прыкметна зьмізарнела. Рэгулярныя
візыты ў Менск расейскіх губэрнатараў, пляны значна павялічыць колькасьць беларускіх
консульстваў у Расеі сьведчаць пра вельмі вузкую скіраванасьць
замежнапалітычнага курсу краіны.
Склад удзельнікаў канфэрэнцыі аказаўся даволі спэцыфічным. У Менск прыехалі кіраўнікі інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы (АДКБ, СНД, «саюзнай дзяржавы») ды арганізацый, якія аб’ядноўваюць краіны Азіі: ШАС, Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА). Вагу канфэрэнцыі дадаў візыт міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова.
З афіцыйных асобаў краін ЭЗ канфэрэнцыю наведаў толькі міністар замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта. Сёлета ён прыяжджае ў Менск другі раз. Вядома, што Вугоршчына не прытрымліваецца агульнай лініі краін ЭЗ адносна Беларусі. Варта адзначыць, што падчас візыту ў Менск у лютым міністар не сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. А цяпер сустрэўся. Лукашэнка так узрадаваўся, што назваў прэм’ера Вугоршчыны Віктара Орбана «нашым добрым сябрам» і запрасіў яго наведаць Беларусь.
А падчас сустрэчы з Лаўровым Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея дзейнічаюць «як адзінае цэлае», запэўніваў, што Беларусь зьяўляецца «надзейным саюзьнікам» РФ. Такія заявы, відавочна, маюць сэнс тады, калі хтосьці стаў сумнявацца ў саюзьніцкай вернасьці.
А на канфэрэнцыю Лукашэнка не прыйшоў, толькі прыслаў прывітаньне. Пэўна, палічыў ейны ўзровень недастатковым для сябе.
Ад імя Беларусі на канфэрэнцыі выступіў з прамовай міністар замежных спраў Сяргей Алейнік. Прамова была дастаткова канцэптуальная з гледзішча таго, як бачыць сьвет і вонкавую палітыку беларускае кіраўніцтва.
Паводле Алейніка, перад сьветам «стаіць задача ўтрымацца і не ступіць у бездань узаемнага гарантаванага зьнішчэньня». У гэтым, з гледзішча міністра, вінаваты Захад, які «цяпер не гатовы весьці размову аб агульнай бясьпецы, а толькі аб сваёй».
І тут цікавы новы погляд на, так бы мовіць, палітычную геаграфію. Тэрмін «Эўропа» Алейнік выкарыстоўвае як сынонім паняцьця «Захад». Такім чынам ён фактычна выключае Беларусь (як і Расею) зь ліку эўрапейскіх краін. Калі кіравацца такой лёгікай, дык цяпер яна належыць да Эўразіі. І ўласна назва канфэрэнцыі, якая распачалася сёньня ў Менску — «Эўразійская бясьпека» — гэта не пра Эўропу, а пра Азію.
Дзеля захаваньня бясьпекі, на думку беларускага міністра, трэба «ўмацоўваць дзейныя і фармаваць новыя міжнародныя арганізацыі, такія, як ЭАЭС, ШАС, БРІКС, АДКБ, НУМДА». Прынцып непадзельнасьці бясьпекі «ў Эўропе не спрацаваў». А «ў Эўразіі значна лепш разумеюць і ўсьведамляюць важнасьць гэтага прынцыпу». Таму прапануецца правесьці сур’ёзны саміт кіраўнікоў дзяржаў эўразійскай прасторы для абмеркаваньня будучай архітэктуры эўразійскай бясьпекі.
Таксама Алейнік выступіў з ідэяй падрыхтоўкі Хартыі разнастайнасьці для XXI стагодзьдзя, якую маглі б распрацаваць «эўразійскія краіны і нават шырэй, краіны глябальных Усходу і Поўдня». І такім чынам прымусіць Захад жыць паводле правілаў, якія будуць дыктаваць Усход і Поўдзень.
То бок афіцыйны Менск прапануе будаваць сыстэму
бясьпекі не ў Эўропе, а ў Азіі (Эўразіі). Але ж Беларусь знаходзіцца ў
геаграфічным цэнтры Эўропы, мяжуе на поўначы, захадзе і поўдні з краінамі, якія
адносяць сябе да палітычнай Эўропы. Як сыстэма бясьпекі, створаная для Азіі,
будзе ратаваць бясьпеку Беларусі, якая знаходзіцца зусім у іншым геаграфічным
рэгіёне сьвету? Усё гэта вельмі дзіўна. І нагадвае адарваныя ад рэальнасьці
фантазіі.