«Тыран мёртвы». Расійскі прафесар-канспіролаг зноў «хавае» Пуціна, але прычым тут Лукашэнка?

Ніколі такога не было, і вось зноў: расійскі прафесар Валерый Салавей чарговы раз абвясціў, што Уладзімір Пуцін — усё. Медыя, за выключэннем некалькіх маргінальных сайтаў, праігнаравалі «сенсацыйны інсайд». Але навошта ўвогуле маецца канспіралагічнай дурасцю гэты 63-гадовы доктар гістарычных навук і былы загадчык кафедры МГІМА?

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Пра тое, што «тыран мёртвы», Салавей напісаў у сваім тэлеграм-канале пасля поўначы 27 кастрычніка. Крыху раней пра гэта паведаміў ТГ-канал «Генерал СВР», які нібыта ананімна вядзе былы генерал Службы знешняй выведкі РФ.

«Генеральскі» канал таксама звязваюць з Салаўём, таму казаць пра «дзве незалежныя крыніцы» тут не даводзіцца.

Інфармацыя ад службоўца «СВР» гучыць маляўніча. Нібыта Пуцін сканаў у рэзідэнцыі на Валдаі 26 кастрычніка ў 20.42. Прыехаўшыя медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але няўдала. Цяпер у Крамлі ствараюць кіруючую кааліцыю на чале з дырэктарам ФСБ Мікалаем Патрушавым, якая плануе засакрэціць смерць прэзідэнта, а замест яго надалей выкарыстоўваць аднаго з пуцінскіх двайнікоў.

Бяспройгрышны варыянт для салаўёўскіх песень: калі нехта скажа, што вось жа ён, нябожчык, жывы-здаровы ў тэлевізары, заўсёды можна запярэчыць — гэта яго копія, сапраўдны Пуцін ляжыць у лядоўні з біркай на назе.

Глядзіце таксама

Паведамленне пра сыход з жыцця расійскага дыктатара і ваеннага злачынцы не выклікала амаль ніякага розгаласу. Яго перадрукавалі на «сур’ёзных шчах» усяго некалькі мала вядомых расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў. Буйныя медыя «інфармацыю» праігнаравалі, а тэлеграм-каналы хіба толькі пакпілі з чарговай «смерці» гаспадара Крамля.

Нават ва Украіне пасмяяліся, дзе, бадай, больш за ўсё жадаюць пуцінскай смерці.

Прычына тут простая: прафесар Валерый Салавей «хавае» Пуціна ўжо не першы год. Распавядае ў ютуб-эфірах пра цяжкія хваробы, невылечны стан, кажа, «не жылец» ужо наш Уладзімір Уладзіміравіч, здымайце капелюшы, дарагія расійцы. Ён так рэгулярна крычыць «Ваўкі, ваўкі!», што ніхто на гэта ўжо не звяртае ўвагі.

Зрэшты, аўдыторыя якая-ніякая ў Салаўя ёсць. Яго стрымы ў ютубе збіраюць сотні тысяч праглядаў, яго тэлеграм-канал і канал «Генерала СВР» у суме маюць больш за паўмільёна падпісчыкаў. Няшмат для вялікай Расіі, але і нямала ў абсалютным вымярэнні.

У першым набліжэнні гэтая медыягісторыя выглядае досыць проста. Ёсць канспіролаг-інфлюэнсер, ёсць яго прыхільнікі — звычайныя адэпты разнастайных тэорый змоў. У любым грамадстве хапае людзей, якім лягчэй паверыць, што, умоўна, Гітлер у 1945-м не скончыў жыццё самагубствам, а паспяхова збег у жаночай сукенцы ў Паўднёвую Амерыку, дзе яшчэ доўга і шчасліва жыў.

Дарэчы, той жа Салавей прыкладна тое ж самае заявіў пра Яўгена Прыгожына — маўляў, кіраўнік вагнераўцаў не загінуў у самалёце, як думаюць дурненькія абывацелі. Ён жывы, грэецца зараз на сонейку ў Венесуэле. І шмат хто яму паверыў, бо авіякатастрофа — неяк вельмі трывіяльна.

Але ёсць у гэтай з’явы і адваротны бок — у пэўным сэнсе таксама канспіралагічны.

Справа ў тым, што прафесар Салавей жыве ў Расіі, прынамсі, аб яго эміграцыі ніякіх звестак няма. Жыве — і скрозь кажа пра кепскае здароўе Пуціна, што ён ужо адной нагой у магіле, і хутка ў Крамлі будзе гучаць адпаведная музыка.

У сённяшняй Расіі і за меншае кідаюць у турму, але вось гэтага гучнага ютубера ніхто не чапае. Адно што замежным агентам прызналі, дык што з таго? Адсюль пачынаецца версія, што Салавей, кажучы словамі Зянона Пазняка, ёсць звычайная агентура. І заявы свае ён робіць па ўказцы і пад кантролем ФСБ.

Уладзімір Пуцін ужо даўно не выстаўляе сябе тэрмінатарам, які перамагае на хакейных пляцоўках і татамі, ды скача з голым торсам на кані. Узрост бярэ сваё, і гэта цяжка схаваць. Адно тое, што 71-гадовы расійскі прэзідэнт праводзіць сустрэчы за даўжэзнымі сталамі, а яго суразмоўцы перад тым сядзяць на каранціне, шмат пра што сведчыць. Таму лінію жалезнага здароўя лідара ў Крамлі адкінулі.

Што ж да «сакрэтных звестак» пра хранічныя хваробы, то тут можа быць іншы разлік. Запускаючы ў публічную прастору такія «інсайды» расійскія ўлады разлічваюць на супакаенне пратэснай часткі грамадства. Навошта планаваць нейкую актыўнасць, рызыкаваць свабодай, калі дыктатар хворы і неўзабаве сам сыдзе ў апошні шлях? Лепш проста пачакаць, і з берага ўбачыць, як праплывае яго нерухомае цела.

Канешне, пратэсная частка ў Расіі невялікая, і сабекошт менавіта такой піяраўскай стратэгіі можа здацца завышаным. Але нельга забываць, што Расія вядзе вайну (і не выйграе яе), а ў наступным годзе там пройдуць прэзідэнцкія выбары. Ці мала што яшчэ можа здарыцца ў РФ і ў свеце за гэты час.

Адметна, што датычна Лукашэнкі такая стратэгія пакуль не выкарыстоўваецца. Ён дагэтуль імкнецца выглядаць волатам, хаця атрымліваецца не надта. Поркаецца з клюшкай, але ўжо неяк зусім па-старэчаму. Апранаецца ў спартыўныя строі, але яны не хаваюць ні цяжкай хады, ні агульнай азызласці. А як у траўні сапраўды моцна захварэў, то яго колькі дзён хавалі ад тэлекамер. А як давялося на Дзень Перамогі ехаць у Маскву і потым прысутнічаць на святкаваннях у Мінску, то маўклівага правадыра прапаганда паказвала вельмі абмежавана.

Глядзіце таксама

У тыя дні ролю прафесара Салаўя спрабаваў выконваць палітык-эмігрант Валерый Цапкала, які распавядаў пра «крытычны стан» Лукашэнкі і яго шпіталізацыю ў крамлёўскую лякарню. Беларусы ў сацсетках тады таксама шмат жартавалі на гэтую тэму і збіраліся закупляць доўгачаканае шампанскае. Але што было далей — вядома. Ігрыстае так і не стрэліла.

Выглядае, што не стрэліць яно і зараз у Расіі. Высмактаны з пальца прагноз Салаўя зноў акажацца дачасным. Хаця агульны настрой пратэсных беларусаў і расійцаў тут супадае: Лукашэнка і Пуцін у сваім шматгадовым кіраванні дайшлі да той кропкі, калі іх сыходу з «натуральных прычын» чакаюць мільёны.

Як пажартаваў у сацсетках расійскі пісьменнік Віктар Шэндэровіч, «калі на 118-ты раз Пуцін усё-ткі памрэ, прафесар Салавей скажа: ну, я ж вам казаў!». Мусіць, так і будзе.