«Трызненне ў квадраце». Навошта Лукашэнка зноў кажа, што яго хочуць забіць
Заявы Лукашэнкі пра тое, што Захад нібыта мае планы забіць яго, не новыя. Калонка аглядальніка Юрыя Дракахруста на «Св*бодзе».
6 лютага падчас
сустрэчы з генэральным пракурорам Андрэем Шведам Аляксандар Лукашэнка паведаміў,
што Захад нібыта рыхтуецца забіць яго, Лукашэнку, і іншых кіраўнікоў
дзяржапарату (са Шведам уключна), піша Юрый Дракахруст.
«Захад будзе
фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы. Пажадана такога радыкальнага
пляну, і нават ужо не ўзроўню 2020 году. Зьвяржэньне, забойствы прэзыдэнта,
службовых асоб. І ты там не ў апошніх шэрагах (гэта не для таго, каб цябе
напалохаць, ты сам гэта ведаеш). Гэта значыць, усіх, хто стаў упоперак горла, —
усіх прыбраць. Гэта будзе фінансаваць Захад», — паведаміў Лукашэнка.
Падобныя
«выкрыцьці» гучаць зь ягоных вуснаў не ўпершыню. Найбольш маляўнічымі яны былі
ў 2021 годзе, калі раскручвалася справа аб «змове» Шчыгельскага — Фядуты —
Зянковіча. Тады Лукашэнка таксама расказваў пра пляны свайго забойства, за
якімі нібыта стаялі самыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Захаду.
На падставе тых
перасьцярог быў прыняты дэкрэт аб перадачы ўлады Савету бясьпекі ў выпадку
гвалтоўнай сьмерці кіраўніка дзяржавы. Потым гэтае палажэньне ўвайшло і ў новую
Канстытуцыю.
Цяпер, паводле
Лукашэнкі, Захад пачаў ізноў выношваць пляны забойства, нават больш крыважэрныя
— ужо ня толькі Лукашэнкі, але і іншых прадстаўнікоў рэжыму: «усіх прыбраць».
Аб’ектыўна
кажучы, размовы пра падобныя пляны Захаду і раней былі суцэльным трызьненьнем.
У цяперашняй сытуацыі гэта, так бы мовіць, трызьненьне ў квадраце.
Эўразьвяз з
чэрвеня мінулага году ня ўводзіў новых санкцый адносна Беларусі. Анансаваныя ў
студзені новыя санкцыі пакуль тонуць у абмеркаваньнях. Ня выключана, што ў
выніку будуць нават крыху аслабленыя папярэднія абмежавальныя меры, пра што
напісаў дасьведчаны ў палітычнай «кухні» ЭЗ журналіст Рыкард Юзьвяк.
Калі нават
санкцыйная палітыка такая асьцярожная і ўзважаная, то куды ўжо рыхтаваць значна
больш рызыкоўныя забойствы з абсалютна непрадказальнымі наступствамі?
Калі гіпатэтычна
ўявіць такі замах, то куды больш яго імаверным наступствам выглядае не
вызвольнае паўстаньне і выгнаньне зь Беларусі расейскай арміі, а клясычная,
паўнавартасная, немэтафарычная акупацыя Беларусі расейцамі.
Ставіць «на зэро»
і спадзявацца сарваць банк — гэта дакладна не пра цяперашніх заходніх
палітыкаў.
Лукашэнка павінен
гэта ведаць і ўсьведамляць. Ён, можа, у пэўнай ступені і ўсьведамляе. Але
кансьпіралягічны склад мысьленьня скажае оптыку. Ён і падзеі 2020 году дагэтуль
успрымае як спэцапэрацыю заходніх спэцслужбаў.
Адсюль і першае,
кансьпіралягічнае тлумачэньне «анонсу замаху на забойства». Паклаў на стол КДБ
зьвесткі, зь якіх вынікае, што крывавая рука ЦРУ ўжо цягнецца да горла
Лукашэнкі. Ня скажа ж ён: «Ды лухта гэта ўсё, хлопцы». За стараннасьць
заахвоціць, а думка засядзе ў галаве: а можа, і праўда цягнецца?
Маглі так
зманіпуляваць ня толькі свае. Я ўжо пісаў, што заявы міністра замежных справаў
РФ Сяргея Лаўрова пра «пакт аб ненападзе» паміж Беларусьсю і Ўкраінай былі
насамрэч спробай асадзіць Лукашэнку. Гэтыя заявы Лаўрова маглі быць спалучаныя
з перададзенай расейскімі спэцслужбамі «самай надзейнай інфармацыяй» пра пляны
Захаду выразаць усю беларускую кіроўную эліту. Маўляў, не забывайце, Аляксандар
Рыгоравіч, хто ваш вораг, а хто сябра, і думайце, з кім можна ладзіць шашні, а
з кім ня варта.
У выпадку чаго
заходнія спэцслужбы, а тым больш войскі, далёка, а расейскія — пад бокам, у
Беларусі. Гэта, праўда, пераважна мабілізаваныя, якіх вучаць, але ж могуць
сярод іх апынуцца і некалькі сотняў, а тое і тысяч чалавек, добра падрыхтаваных
для розных далікатных апэрацыяў.
Гэтая трактоўка
не адзіная і нават ня самая імаверная.
Больш імавернай
здаецца вэрсія, паводле якой «анонс замаху на забойства» — проста сродак
забесьпячэньня кансалідаванасьці і ляяльнасьці беларускай намэнклятуры.
Тут трэба
ўлічыць, зь якой нагоды, у якім кантэксьце гэтыя «выкрыцьці» былі зробленыя —
пры дабраславеньні працы камісіі ў справе вяртаньня палітуцекачоў. Для
беларусаў дэмакратычных поглядаў гэтыя прапановы — падступная пастка.
Але ня выключана,
што ўнутры сыстэмы гэта выглядае вельмі рызыкоўным крокам і вынікам
супярэчнасьцяў паміж рознымі групоўкамі ва ўладзе.
І ў гэтай сытуацыі
Лукашэнку важна забясьпечыць маналітнасьць апарату. Пасьля таго, як пратэсты
спыніліся, грамадзтва змоўкла і затаілася, галоўная небясьпека для ўлады
зыходзіць ад яе самой, ад «ножак трона».
Ну а калі паміж
імі ўзьнікаюць пэўныя супярэчнасьці, то небясьпека ўзрастае.
І ў байцы пра
«разьню беларускай намэнклятуры», якую нібыта рыхтуе Захад, галоўнае пасланьне:
сёньня — мяне, а заўтра — усіх вас; безь мяне, бяз вашага гуртаваньня вакол
мяне не ўратуецеся і не адседзіцеся.
А ад каго, ад
чаго будзе ісьці гэтая пагроза — ад Захаду, ад апазыцыі, ад палка Каліноўскага,
ад Украіны, ад Расеі... А ад каго б ні зыходзіла. Ворагі паўсюль, папраўдзе.
Толькі ня ўсіх можна назваць. Часам можна называць адных, маючы на ўвазе зусім
іншых.
Наколькі гэтыя
страшылкі забясьпечаць ляяльнасьць пракурора Шведа ў крытычнай сытуацыі,
невядома.
Але сама
неабходнасьць такіх дзіўных «анонсаў замаху на забойства» сьведчыць хутчэй пра
тое, што поўнай маналітнасьці ў беларускай кіроўнай клясе няма.