Лукашэнка ўсё ж вырашыў стварыць кішэнную партыю
Такая палітычная партыя з'явіцца пры праўладным руху «Белая Русь». Тое, чаго і варта было чакаць.
Праўладнае грамадскае аб'яднанне «Белая Русь» стварае пры сабе палітычную партыю. Пра гэта паведамляе прапагандысцкае выданне «СБ. Беларусь сегодня». Назва партыі арыгінальнасцю не будзе вызначацца, бо назавуць яе Беларуская партыя «Белая Русь». 7 лютага праходзіць сход аргкамітэта па стварэнні партыі Лукашэнкі.
Паведамляецца, што старшыня РГА «Белая Русь» Алег Раманаў заявіў, нібыта партыя будзе стварацца асобна ад аб'яднання, гэта будзе «самастойная
палітычная сіла». Відавочна — самастойная, але цалкам падначаленая Лукашэнку.
Пра тое, што «Белая Русь» можа стаць асновай праўладнай партыі, эксперты разважалі цягам многіх гадоў. Але да справы не даходзіла. Чаму гэта спатрэбілася менавіта цяпер?
Паводле слоў таго ж Раманава, «у свеце ідзе вайна, і для таго, каб Беларусь аказалася востравам стабільнасці, росквіту і поспеху, мы павінны рабіць вельмі сур'ёзныя намаганні, патрэбны арганізаваныя сілы». Як можа быць «востравам стабільнасці» краіна, якая дапамагае агрэсару ў нападзе на іншую краіну, на тэрыторыі якой няспынна праводзяцца вучэнні з удзелам замежных войскаў і дзе рыхтуюць мабілізаваных для ўдзелу ў вайне, Раманаў не ўдакладніў.
Пабудаваць новую партыю лукашэнкаўцы хочуць да канца вясны.Стратэгія тут відавочная: мяркуецца, што партыя «Белая Русь» прыме ўдзел у парламенцкіх выбарах 2024 года, дзе, імаверна, паводле даных ЦВК, набярэ прыкладна столькі ж галасоў, колькі і Лукашэнка на «выбарах» 2020 года.
Цікава, што раней Лукашэнка сапраўды не даваў зялёнае святло на стварэнне праўладнай палітычнай партыі. Меркавана, гэта рабілася таму, што сітуацыя ў Беларусі да 2020 года была больш-менш стабільнай, дый зразумелай ідэалогіі — а партыя гэтая найперш пра ідэалогію — у рэжыму проста не было. Няма яе і цяпер, але партыя з'явіцца. Верагодна, гэта робіцца для таго, каб стварыць яшчэ адзін механізм адбору лаяльных. Маеш партыйны білет — можаш будаваць кар'еру ў любой дзяржаўнай (і не толькі) галіне. Не маеш — значыць, ненадзейны, пра прасоўванне па службовай лесвіцы можаш забыцца.
Залішне казаць, што цяпер Лукашэнка вырашыў капіраваць мадэль штучнай палітычнай канфігурацыі, якая створана ў Расіі. Там у Дзяржаўнай Думе абсалютную большасць мае «Адзіная Расія», сяброўства ў якой з'яўляецца прыкметай прыналежнасці да пуцінізму. Пры гэтым у РФ ёсць і купка марыянеткавых партый, якія існуюць для імітацыі плюралізму. У Беларусі такой структурай, хутчэй за ўсё, застанецца Ліберальна-дэмакратычная партыя Гайдукевіча.
Раней мадэль «Партыя — наш рулявы» 70 гадоў існавала ў Савецкім Саюзе. Яе адэптам быў і Лукашэнка.