Выявілася, што песні, якія ўхваляюць рэжым і сілавікоў, складае пад псеўданімам нявестка Лукашэнкі

Аналітык Сяргей Чалы распавёў, хто такая паэтка Ганна Сялук — аўтар мноства песень на дзяржаўных канцэртах.

seluk1.jpg

Як адзначыў Сяргей Чалы ў праграме на Youtube, у жанры «карпаратыў для сілавікоў» Ганнай Сялук напісаныя песні для МУС, войска, МНС, а таксама гімн Генпракуратуры, піша «Салідарнасць».

Пра саму паэтку, як сказаў аналітык, «вядома злачынна мала» — толькі імя Ганна Сялук. Пры гэтым з ёй няма ні відэа, ні фота. Адзінае інтэрв'ю паэтка дала скандальнай «Мінскай праўдзе» з ілюстрацыяй у выглядзе самотнага мікрафона.

seluk2.jpg

Чалы звярнуў увагу: нягледзячы на тое, што паэтка, па яе словах, пачала пісаць песні ўсяго два гады таму, яна змагла за гэты час дабрацца «да самай вяршыні прыдворных трубадураў».

Сярод яе апошніх песень — «Ах, Аляксандр» і «Бульба дэнс». У кліпе апошняй выкарыстана хроніка, дзе збіраюць бульбу Лукашэнкі, на што, натуральна, павінен быць дазвол з самага верху.

Больш за тое, зараз песню прасоўваюць з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу — напрыклад, паказваюць у кінатэатрах перад фільмамі.

Дык хто ж такая Ганна Сялук? Чалы звярнуў увагу на яе месца працы — ТАА «Музычная медыякампанія», дзе намеснікам дырэктара працуе Таццяна Кулакова, пастаянная спадарожніца Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. У сацсетках яна пісала пра «не публічную сястру», у якой «супермегаталент».

seluk3.jpg
seluk4.jpg

Ганна Сяргееўна Лукашэнка — скарочана і ёсць Ганна Ся-лук, адзначыў аналітык. Акрамя таго, нявестцы кіраўніка таксама 42 гады, як і паэтцы.

У інтэрв'ю Ганна Сялук згадала пра свайго дзядулю Цэханскага Віктара Іванавіча, які ў Вялікую Айчынную вайну сышоў ваяваць сямнаццацігадовым хлопцам. Ён з'яўляецца дзядулем Ганны Лукашэнкі па мацярынскай лініі, адзначыў аналітык.

— У чарговы раз мы пераконваемся, што для імітацыі любові і падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі патрабуецца ўдзел людзей з самага блізкага кола самога Лукашэнкі. Як Наталля Эйсмант і Дзмітрый Баскаў палявалі на стужачкі ў пратэсных дварах, імітуючы ўсенародны рух, так і вернападданіцкія песні складае яго ж нявестка, — сказаў на заканчэнне Чалы.