Пра які напад на Украіну з Беларусі можна казаць, калі расійцы нават не могуць узяць Бахмут?
Колькі тыдняў ужо ў грамадстве віруе наратыў: рыхтуецца напад на Украіну з боку Беларусі. Пуцін хоча адкрыць паўночны фронт. Армія Лукашэнкі пойдзе на Кіеў. Кароткае меркаванне пра тое, чаму такія размовы не маюць дачынення да рэчаіснасці.
У лістападзе УСУ дэакупавалі Херсон. Яшчэ раней здзейснілі імклівае вызваленне Харкаўскай вобласці. Цяпер памалу прасоўваюцца ў бок Мелітопаля, дзе расійцы ліхаманкава рыюць акопы і будуюць усялякія фартыфікацыі. «Бавоўна» ўжо ледзь не штодзённа фіксуецца ў прылеглых да Украіны расійскіх рэгіёнах. Непакой у Крыме, дзе «ўсё так па-хатняму».
Адзінае месца, дзе расійцы яшчэ намагаюцца весці наступ — раён невялікага горада Бахмут, што на Данеччыне. Але і там ужо колькі часу ўкраінскія войскі адбіваюць атакі і сведчаць пра неймаверную колькасць ахвяр з боку РФ.
Пуціну хочацца прадэманстраваць хоць якія поспехі, каб прыпыніць незадаволенасць у грамадстве, якая ўзрастае. Каб з яго менш кпілі на міжнароднай арэне колішнія партнёры і саюзнікі. Для гэтага ён праводзіць мабілізацыю, адпраўляючы на фронт сотні тысяч учорашніх мірных жыхароў. Яго эмісары абіваюць парогі ў Іране, каб выпрасіць дронаў. Ён спусташае беларускія вайсковыя склады, адкуль забірае боекамплекты яшчэ савецкай вытворчасці. На вайну адпраўляюць ужо зэкаў з сібірскіх калоній — усё для фронта, усё для перамогі. Ідзе хаатычнае бамбаванне ўкраінскай інфраструктуры, каб хоць неяк парадавацца праблемам у праціўніка.
І якія вынікі? Ды ўсё такія ж. Украінцаў бамбардзіроўкі робяць толькі больш злымі, пры тым што адпаведныя службы аператыўна аднаўляюць электра- і цепласеткі. Украінцы рыхтуюцца сустракаць Новы год — хай з дапамогай генератараў і печак-буржуек, але на сваёй зямлі.
А фронт фактычна стаіць. І Бахмут, хай ушчэнт разбураны, застаецца ўкраінскім. Ужо відавочна: «мобікі» не дапамаглі, іранскія дроны УСУ навучыліся збіваць, а ўзбраенняў як не хапала, так і дагэтуль не хапае. Што рабіць далей, незразумела.
І вось якраз на такім фоне гучаць размовы пра другі фронт. Пра тое, што вось-вось ужо Крэмль уцягне беларускія войскі ў вайну, і яны сумеснымі высілкамі з расійцамі пойдуць у наступ на Кіеў. Дзе логіка ў такіх развагах, не зусім зразумела.
Яшчэ некалькі фактаў. Даўжыня беларуска-ўкраінскай мяжы больш за тысячу кіламетраў. Усю гэтую лінію УСУ дбайна мацуюць ужо колькі месяцаў — інжынернымі збудаваннямі, міннымі палямі, добра ўзброеным наяўным складам. Цалкам верагодна, што на гэтым кірунку размешчана і пара «Хімарсаў», якіх так баяцца расійцы. Украінцы калі і не чакаюць нападу, то падрыхтаваныя для паспяховай абароны на ўсе сто.
Не трэба мець прозвішча Залужны, каб разумець: для эфектыўнага нападу з боку Беларусі расійскай арміі трэба не менш рэсурсаў, чым у лютым, а лепей нашмат болей. Дастаткова ведаць, колькі будзе два плюс два, каб бачыць: Пуціну цяпер абсалютна не патрэбны другі фронт. Яго проста няма чым адкрываць, і патэнцыйныя 15-20 тысяч нематываваных, ненавучаных, недасведчаных беларускіх вайскоўцаў тут анічога не вырашаць. Няма людзей для нападу з Поўначы, няма зброі, няма тэхнікі. Нічога няма.
Дзіўна, пагадзіцеся, ісці на Кіеў у той час, калі тваё войска ўжо колькі дзён беспаспяхова корпаецца ў раёне Саледара, Мар’інкі ды Белагораўкі. Дзіўна адкаркоўваць 1000-кіламятровую мяжу, калі ты не можаш узяць пад кантроль невялічкія кавалкі Луганскай і Данецкай абласцей.
Дык навошта тады ўвесь гармідар? Усе гэтыя вучэнні, пагрозы калектыўнаму Захаду, сумесная рэгіянальная групоўка, бясконцыя зверкі ў ваенкаматах… Ну, па-першае, каб ствараць бачнасць нейкай актыўнасці, нейкай падрыхтоўкі. Каб адцягваць сілы і ўвагу Кіева, які ўжо даўно трымае на мяжы з Беларуссю значныя чалавечыя і тэхнічныя рэсурсы. То-бок менавіта тая рацыя, якую часцяком згадваюць эксперты.
Па-другое — а вось пра гэта амаль не кажуць — беларускія вайскоўцы могуць сапраўды рыхтавацца да нападу на Украіну. Толькі не са сваёй тэрыторыі. Іх разам з назапашанымі ў Беларусі «мобікамі» ў адзін не надта цудоўны момант могуць перакінуць якраз туды, дзе расійцам вельмі не хапае сіл. Пад Бахмут, пад Саледар, пад Сватава. Туды, дзе ідуць цяжкія баі і любая дапамога можа быць карысная.
Калі такая версія мае права на існаванне, то лёгка сабе ўявіць і дыялогі на гэты конт паміж Лукашэнкам і Пуціным. Першы, імаверна, настойвае на тым, каб беларускія часткі не былі ўцягнутыя ў баявыя дзеянні наўпрост — а засяродзіліся на тылавых справах, як тое было ў студзені ў Казахстане, куды адправіўся сумесны кантынгент АДКБ. Ахоўвалі склады, важныя аб’екты і гэтак далей. Праўда, у тыя расійскія склады зараз спраўна патрапляюць «Хімарсы», руйнуючы іх разам з ахоўнікамі. Аднак усё роўна гэта не «перадок», дзе салдаты «другой арміі свету» выконваюць ролю гарматнага мяса.
Калі такая версія слушная, то ў ёй ёсць відавочная зручнасць для Лукашэнкі. Прынамсі на беларускую зямлю вайна не прыйдзе. Украінцы не хаваюць: калі, маўляў, будзе здзейснены яшчэ адзін напад з Беларусі, нам ёсць чым адказаць. І сумневаў няма: «бавоўна» ў адказ будзе такая, што якой-небудзь Зябраўцы мала не падасца.
Захавае такі падыход і люфт паміж Пуціным і Лукашэнкам, праз які на Беларусь накладзена менш санцый, чым на Расію. Можна будзе наплесці Захаду што-небудзь пра вельмі абмежаваны кантынгент выключна для гаспадарчых мэтаў. Альбо наогул сказаць, што «іх там нет», а калі нехта і ёсць, то гэта ўсё яны самі, а форму купілі ў ваенгандлі.
Карацей, перакід беларускіх падраздзяленняў на паўднёвы ўсход Украіны падаецца нашмат больш рэалістычным, чым адкрыццё другога фронту. І Лукашэнка тут, зразумела, гандлюецца, дабіваючыся найбольшых зніжак на газ ды нафту. А на беларускіх палігонах так званая сумесная групоўка працягвае пракачваць ваенныя скілы.
Пакуль групоўка на месцы, але заўтра сітуацыя можа змяніцца. Бо справы на першым і адзіным фронце ў гора-акупантаў з кожным днём пагаршаюцца.