Калі «Белавія» набудзе расійскія самалёты? Падобна, што ніколі

Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч нядаўна распавёў пра планы Беларусі закупляць расійскія самалёты пасля 2026 года. Па незразумелых прычынах ён лічыць, што да таго часу яны з'явяцца ў неабходных колькасцях.

_aeraport___samalet__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

«Мы разглядаем магчымасць куплі расійскага самалёта. На жаль, пакуль мы не можам яго набыць па зразумелых прычынах — на рынку няма чыста расійскага самалёта. Таму працуем з расійскім бокам, каб нас трохі пасунулі па тэрмінах, калі з'явіцца гэты самалёт», — паведаміў Ляхновіч у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь 1».

«Хутчэй за ўсё, гэта будзе пасля 2026 года», — цытуюць чыноўніка «Белнавіны».

Раней пра намер беларускага боку закупляць расійскія самалёты паведамляў гендырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

«Рыхтуем пагадненні з Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй Расіі па набыцці самалётаў МС-21 і Sukhoi Superjet New. Чакаем, калі Расійская Федэрацыя вырабіць гэтыя самалёты», — распавёў Чаргінец на прэс-канферэнцыі ў пачатку лістапада.

Але справа ў тым, што ўся расійская авіяцыйная прамысловасць у першым паўгоддзі 2023 года змагла выпусціць толькі два самалёты Sukhoi Superjet New і ніводнага МС-21. Пры гэтым пастаўка нават гэтых двух першых імпартазамешчаных SJ100 для «Аэрафлота» канчаткова перанесена на 2024 год.

У «Растэху» патлумачылі, што фінальныя даты вызначыць ход выпрабаванняў рухавіка ПД-8, першы палёт якога намечаны на снежань. Для параўнання: у 2022 годзе расійскі авіяпрам пабудаваў усяго 12 самалётаў (10 SuperJet-100 і 2 ІЛ-76), ніводнага новага МС-21.

Пры гэтым «Коммерсантъ» ацэньвае кошт новага расійскага самалёта МС–21 з пастаўкай у 2028-2030 гадах у 4,3-4,6 млрд расійскіх рублёў. Гэта даражэй, чым аналагі ад Airbus і Boeing, хоць у кошце ўлічаны субсідыі з ФНБ. Некаторыя суразмоўцы выдання заключаюць, што Расія пабудавала ледзь ці не самы дарагі самалёт у гэтым класе.

Цяпер парк беларускай авіякампаніі налічвае 13 паветраных суднаў, сярэдні ўзрост якіх складае 11,2 года.

Глядзіце таксама