«Belavia» збіраецца набыць самалёты расійскай вытворчасці
А яшчэ два гады таму гендырэктар кампаніі з гонарам вітаў у Мінску заходні «Boeing».
![Ілюстрацыйная выява. Фота "НЧ" Ілюстрацыйная выява. Фота "НЧ"](/img/v1/images/_belarus_babrujsk_habrejski_dvoryk_2023_fota_novy_czas__5__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйная выява. Фота "НЧ"
Генеральны дырэктар авіякампаніі «Belavia» Ігар Чаргінец заявіў пра неабходнасць пашырэння беларускага паветранага флоту. Праз санкцыі Еўразвязу, уведзеныя пасля захопу і пасадкі самалёта «Ryanair», кампанія не можа набываць і абслугоўваць новыя судны, вырабленыя ў заходніх краінах. Настаў час звярнуцца да «старэйшага брата»?
Што адбылося?
У пятніцу, 3 лістапада, у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, на якой было паднята пытанне магчымага абнаўлення беларускага авіяпарку.
На сённяшні дзень паветраны флот «Белавіі» налічвае 13 самалётаў. Іх сярэдні ўзрост складае 11,2 года, што з’яўляецца даволі годнай велічынёй. Чаргінец адзначае: «Гэта дастаткова нядрэнны паказчык. Самалёты заходняй вытворчасці, у прынцыпе, могуць эксплуатавацца бясконца доўга. Адзінае — ёсць такое паняцце, як лётная прыдатнасць. Самалёты могуць выконваць пасажырскія перавозкі да ўзросту 30-35 гадоў». Тым не менш абнаўленне ды мадэрнізацыя флоту патрэбныя, і ў гэтым, па словах Чаргінца, планы «Белавіі» абарваў Еўразвяз. На яго думку, калі б Захад не ўвёў санкцыі супраць Беларусі, сярэдні ўзрост авіяпарку цяпер складаў бы прыблізна 5-7 гадоў.
Які выхад?
У новых рэаліях авіякампанія вырашыла спыніцца на бортах МС-21 і Sukhoi Superjet 100, сабраных у Іркуцку ды Камсамольску-на-Амуры.
«Мы вядзем вельмі шчыльныя перамовы, рыхтуем пагадненні з Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыяй Расіі па набыцці самалётаў МС-21 і Sukhoi Superjet New. Чакаем, калі Расійская Федэрацыя вырабіць гэтыя самалёты», — паведаміў Чаргінец на прэс-канферэнцыі.
Але ёсць адзін нюанс: іх серыйнай вытворчасці не існуе праз санкцыі таго ж ЕЗ, ЗША і іншых краін. Паводле слоў Чаргінца, гэтыя самалёты ў Расіі ўжо часткова выпрабоўваюцца, з рознымі рухавікамі. «Самалёты яшчэ не гатовы, але ў 2024-2026 гадах павінны «стаць на крыло» і адправіцца ў камерцыйную эксплуатацыю», — адзначыў гендырэктар.
Што вядома пра мадэлі?
Што датычыцца МС-21, яго серыйная вытворчасць павінна была пачацца ў 2017 годзе, аднак праз уведзеныя санкцыі неаднаразова адкладалася і станам на сёння плануецца на 2024 год. Падчас праектавання самалёт быў закліканы канкурыраваць з замежнымі аналагамі на ўсіх геаграфічных рынках. У 2012 завод «Іркут» падпісаў кантракт з вядомым амерыканскім вытворцам авіяцыйных рухавікоў «Pratt&Whitney». Дзякуючы шматлікім пераносам пачатка працы кантракт быў разарваны адразу пасля ўводу санкцый ЗША супраць РФ. Цяпер рухавікі, радыёэлектроннае абсталяванне, паліўная сістэма, аздабленне і іншыя кампаненты будуць «імпартазамешчанымі». З 2017 года сабраны чатыры пробныя паветраныя судны гэтай мадэлі, ніякіх інцыдэнтаў акрамя выкату за паласу зафіксавана не было.
![Sukhoi Superjet пасля аварыі 5 траўня 2019 Sukhoi Superjet пасля аварыі 5 траўня 2019](/img/v1/images/sukhoi_superjet_paslja_avaryi_5_traunja_2019.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Sukhoi Superjet пасля аварыі 5 траўня 2019
У гісторыі Sukhoi Superjet жа тры сур’ёзныя авіякатастрофы і 86 ахвяр. Найбольш вядомая і страшная — крушэнне ў маскоўскім аэрапорце Шарамеццева. Пасля ўзлёту на борце быў зарэгістраваны збой у працы электронных блокаў, пасля чаго самалёт пачаў вяртацца назад. Пры пасадцы судна моцна нахілілася і «праехалася на бруху» з хуткасцю 185 км/г. У выніку пажару загінулі 40 пасажыраў і адзін бортправаднік.
![Авіякатастрофа Sukhoi Superjet 100 у Шарамеццева Авіякатастрофа Sukhoi Superjet 100 у Шарамеццева](/img/v1/images/vokladka_25.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Авіякатастрофа Sukhoi Superjet 100 у Шарамеццева
Авіякампанія «Якуція» адмовілася ад Sukhoi Superjet 100 праз тое, што з васьмі рухавікоў цалкам працоўнымі заставаліся два. «Ямал» у ліпені 2019 года паведаміла ў сваёй справаздачы, што палова яе самалётаў SSJ100 не эксплуатуецца з-за дэфектаў. «Руслайн» адмовілася ад перамоваў аб набыцці ў лізінг 18 самалётаў з-за рэпутацыйных рызык: у кампаніі асцерагаліся, што пасля катастрофы пасажыры не будуць лятаць на самалётах SSJ 100.
А яшчэ два гады таму, на прыняцці ў Мінскім аэрапорце заходняга самалёта Boeing 737-8, Ігар Чаргінец казаў:
«Бярэ проста гонар ад таго, што гэта ёсць у нас, ёсць у Belavia, ёсць у Беларусі. Сардэчна запрашаем на борт найлепшай авіякампаніі ў свеце».
![Ігар Чаргінец ля новага Boeing 737-8, Мінскі аэрапорт, 2021 год Ігар Чаргінец ля новага Boeing 737-8, Мінскі аэрапорт, 2021 год](/img/v1/images/ihar_czarhinec_lja_novaha_boeing_737_8__minski_aeraport__2021_hod.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ігар Чаргінец ля новага Boeing 737-8, Мінскі аэрапорт, 2021 год