«Калі і ехаць, то не ў Беларусь!» Ці скарыстаюцца беларусы Ізраіля эвакуацыйным рэйсам «Белавія»?

Праз месяц пасля нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль улады Беларусі абвясцілі пра «гуманітарна-камерцыйны рэйс» для сваіх грамадзян, якія жадаюць пакінуць краіну. «DW» паразмаўляла з беларусамі, што жывуць у Ізраілі, што яны збіраюцца рабіць. Ці паляціць хтосьці з іх 6 лістапада на першым «гуманітарным рэйсе на камерцыйнай аснове» ў Беларусь?

Фота з bangkokbook.ru

Фота з bangkokbook.ru

7 кастрычніка Ізраіль прачнуўся ў іншай рэальнасці. Баевікі радыкальнага руху ХАМАС напалі на памежныя ізраільскія паселішчы, забіўшы 1400 чалавек, каля 250 былі ўзяты ў закладнікі і вывезены ў Сектар Газа. Ужо месяц Ізраіль вядзе вайну супраць ХАМАС, амаль штодня падвяргаючыся ракетным абстрэлам.

У першыя дні з Ізраіля было складана з'ехаць. Але першая паніка прайшла, хто хацеў — паляцеў. Астатнія ізраільцяне, у тым ліку выхадцы з Беларусі, многія ўсё яшчэ з пашпартамі РБ, жывуць у ваюючай краіне, спадзяваючыся на лепшае.

Ізраіль вяртаецца да жыцця

Ганна жыве ў прадмесці Іерусаліма. Паводле яе слоў, жыццё яшчэ не зусім вяртаецца ў нармальнае рэчышча, але краіна зноў функцыянуе. «У апошні тыдзень (канец кастрычніка) амаль ва ўсёй краіне вучоба ў школах пачалася не анлайн, у нас заняткі зноў з 8 да 16. Гэты тыдзень быў падобны на даваенны. У снежні запрацуюць універсітэты».

Паніка была ў першыя дні пасля 7 кастрычніка. «Жонка таксама запанікавала, мы купілі на другі дзень вайны квіткі на Кіпр — і яны згарэлі. Цяпер ужо ўсе супакоіліся. Дзеці ў школу ходзяць, жонка на працу», — кажа музыка з Мінска Вадзім Касалапаў, які з сям'ёй жыве ў Нетаніі.

Ізраільцяне кажуць, што сітуацыя зацягнецца надоўга. «Грамадства рыхтуецца мінімум да паўгода (ваенных дзеянняў. — Рэд.). Мяне гэта зусім не радуе! Я працаваў у гасцінічным бізнесе, цяпер працы няма. Будуць плаціць дапамогу — 70% ад заробку, але ў мяне 60% заробку — чаявыя. Пакуль знайшоў падпрацоўку», — распавядае Вадзім.

Ён не выключае варыянта пакінуць краіну на час вайны. «Дапамагчы я нічым не магу, працы няма, мы пакуль дрэнна інтэграваны — рэпатрыянты з 2020 года. Але кватэра, крэдыт за машыну, дзеці вучацца — няпроста адарвацца... Калі і ехаць, то не ў Беларусь! Не ведаю, што рабіць. У мяне дзеці. Яшчэ ў Беларусі бабуля і дзядуля ўвесь час казалі, што вайна — самае страшнае. І вось яна».

Глядзіце таксама

«Мы маглі адправіць маму ў Беларусь праз Махачкалу»

Амбасада Беларусі арганізавала на 6 лістапада «гуманітарны рэйс на камерцыйнай аснове», гэта значыць за грошы. Кошт квітка — 550 долараў, на борт бяруць толькі грамадзян РБ з «сапраўдным беларускім праязным дакументам».

З апытаных «DW» выхадцаў з Беларусі ніхто не збіраецца ляцець назад і не ведае такіх людзей. «Нават пра гэты рэйс жонцы маці з Беларусі распавяла. Я не ведаю нікога, хто паляцеў бы, і сам нікуды не збіраюся. Ты сюды прыязджаеш, і гэтая краіна цябе абдымае. Быццам усё жыццё тут жыў!», — кажа Андрэй «Ангус» Піпко, экс-вакаліст беларускага гурта «Tornado».

Прадзюсар Генадзь Шульман кажа, што ні сам з жонкай, ні сын з сям'ёй у Беларусь не збіраюцца: «Нават у такой сітуацыі ў Ізраілі больш бяспечна. Тут такі ўзровень любові да краіны, што на гэты рэйс чаргі не будзе. Людзі за 60, нават калі «лукашысты», прыраслі каранямі і не крануцца з месца, а моладзь у такую Беларусь не рвецца», — лічыць ён.

Вылецець з Ізраіля ў асноўным змаглі ўсе, хто палічыў сітуацыю занадта небяспечнай. Беларусы дабіраліся і праз ЕС, і праз Расію.

«Напрыклад, самалёт на Маскву праз Махачкалу, Мінводы або Сочы, а адтуль двое сутак у цягніку да Мінска. Квіток каштуе каля 500 долараў. Мы так у 20-х чыслах кастрычніка адправілі маму праз Сочы. А думалі і пра Махачкалу», — распавядае журналістка Дар'я.

На рэйс «Белавія» могуць трапіць толькі беларусы. «Я думаў, хто ж паляціць? Маё меркаванне, што будуць выбірацца тыя, хто тут працаваў нелегальна або паўлегальна. У іх толькі беларускія пашпарты, з краінай нічога не звязвае. Я з імі сутыкаўся на будоўлях, на зборы сонечных панэляў, на ўборцы кватэр. Ну, і чуў пра нелегальныя працы», — кажа Вадзім.

Глядзіце таксама

«Некаторыя лічаць, што ім у Ізраілі больш бяспечна, чым «звонку»

Рэпатрыянты атрымліваюць пашпарты Ізраіля, і ім адкрыта значна больш дарог, чым з пашпартам РБ. У Еўрасаюз ці на Кіпр можна паляцець на тэрмін да 90 дзён за паўгода, ЗША ўвялі бязвіз з 30 лістапада. «Тыя, хто з пашпартам Ізраіля, наўрад ці паедзе ў РБ. Ужо хутчэй у ЗША, як адна мая знаёмая сям'я, пераседзець пару месяцаў», — лічыць Вадзім.

Многія перамясціліся ўнутры краіны. «З Ашкелона, Ашдода з'язджаюць, таму што іх проста прасуюць бамбёжкамі. Але ёсць унутраныя варыянты: гасцініцы прадастаўляюць жыллё, прапануюць кватэры бясплатна або за невялікія грошы», — кажа Ганна.

Па словах суразмоўцаў, цяпер у Ізраіль усё больш людзей прыязджае — абараняць краіну, валанцёрыць. Прыбываюць рэпатрыянты з Расіі. «Некаторыя лічаць, што ў Ізраілі цяпер больш бяспечна, калі ў цябе габрэйская знешнасць, прозвішча, чым «звонку». Я гаварыла з дзяўчынкай, якая трапіла ў той пагром у Махачкале. Яна расіянка, але збіраецца назад у Ізраіль. У РФ многія задумаліся, але чарга на рэпатрыяцыю была на некалькі месяцаў наперад. У Беларусі, наколькі ведаю, такіх чэргаў не было», — кажа Дар'я.

Сама яна пакідаць Ізраіль не збіраецца. «Я з'ехала з Беларусі ў Расію праз рэжым Лукашэнкі. Пасля 2014 года, калі РФ напала на Украіну, з'ехала ў Ізраіль. Ёсць адчуванне, думаю, як у многіх беларусаў: ты бяжыш, а зло цябе ўсё роўна наганяе. І мяне дастала бегаць. Час павярнуцца да зла тварам і рабіць на сваім месцы тое, што можаш».

Глядзіце таксама

«Грамадства аб'яднала вайна, але потым будзе нялёгка»

Большасць суразмоўцаў кажа, што ў грамадстве ёсць велізарныя прэтэнзіі да ўрада і яго кіраўніка Біньяміна Нетаньяху. Але ўсе спрэчкі пакуль адкладзены. «Бібі добры палітык, шмат зрабіў для Ізраіля, але трэба сыходзіць своечасова! Усе «сінія пальцы» прыводзяць да дрэннага выніку», — іранізуе Вадзім.

У Ізраілі спадзяюцца на перамогу, але ў гэтае слова ўкладаюць розны сэнс. Часам гэта хоць бы бяспека: «Ёсць пажаданне ўраду і арміі здзейсніць такія дзеянні, пасля якіх хоць бы яшчэ гадоў 50 над Ізраілем не лёталі ракеты. Жадаць такога на больш працяглы тэрмін здаецца нерэальным», — лічыць Генадзь Шульман.

Варыянты рашэнняў часта апісваюць як «паміж дрэнным і вельмі дрэнным». «Ніхто не разлічвае, што ўсё хутка скончыцца, дапускаюць вайну ва ўсім рэгіёне», — апісвае настроі Ганна.

Усе суразмоўцы ўпэўнены, што краіну чакаюць складаныя часы. «Трэба ўсё асэнсаваць, чаму так здарылася і хто вінаваты. І гэта не год, а дзесяцігоддзе, — лічыць Ганна. — У нас быў крызіс, грамадства падзелена. Вайна аб'яднала, але будзе нялёгка. Хоць я параўноўвала з тым, што адчувала пасля 2020 года ў Беларусі... У нейкай ступені беларускі жах — невыносны. Там ты супраць чагосьці вялізнага, супраць сістэмы. Тут мы ўсе разам. Людзі сталі дабрэйшымі адзін да аднаго, беражліва, нават за рулём ветлівейшыя! Гэта вельмі дапамагае».