«Cёй-той са сваімі дыпламатычнымі манеўрамі зноў павярнуў не туды. Абраў бок лузераў»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» дачакаўся таго, чаго доўга чакаў — прапаноў «галоўнага міратворца і геастратэга» па ўрэгуляванні крызісу на Блізкім Усходзе. Але гэтыя прапановы не ўразілі — найперш, з-за сваёй прадказальнасці.
Вось усё-такі сёй-той не вытрымаў. Не, ну і так доўга трываў. А ў пятніцу ўжо не дацярпеў. Ну, таму што там жа на цэлым Блізкім Усходзе трэба ўрэгуляванне рабіць, а міратворац і геастратэг не пры справах. Як гэта — каб мірнае ўрэгуляванне і без міратворца? Яму хоць дзе-небудзь трэба мірнае ўрэгуляванне зрабіць. Ва Украіне мірна ўрэгуляваць не пускаюць, так вырашыў на Блізкім Усходзе паспрабаваць. Ну, а раптам пусцяць?
Ну і рэцэпт мірнага ўрэгулявання ў міратворца заўсёды адзін. Па-першае, тыя, на каго напалі, павінны спыніць супраціўляцца. Таму што супраціў павялічвае бессэнсоўныя ахвяры сярод тых, хто нападаў. А калі ахвяра не супраціўляецца, то ахвяры будуць толькі сярод яе. А сярод тых, хто нападаў, ахвяр будзе значна менш.
А па-другое, тыя, на каго напалі, павінны пагадзіцца зрабіць тое, чаго ад іх хочуць тыя, хто нападаў. Асабліва калі ў тых, хто нападаў, справы з нападам не задаліся. Ну там Кіеў не атрымалася ўзяць за тры дні. Да Ерусаліма трошкі не дайшлі.
Вось паколькі ў ХАМАС з нападам справы трошкі не пайшлі, то Ізраіль павінен стварыць ХАМАС незалежную палестынскую дзяржаву. Лагічна ж, так? Калі ХАМАС прайграў, значыць Ізраіль павінен капітуляваць.
І калі на месцы Ізраіля стварыць ХАМАСу незалежную палестынскую дзяржаву, то адразу наступіць блізкаўсходняе ўрэгуляванне. Таму што ХАМАС пачне ўрэгуляваць габрэйскае пытанне так, як ён заўсёды марыў гэта зрабіць.
Такое ж прыкладна ўрэгуляванне, якое ўчора рэпетавалі ў аэрапорце Махачкалы. Вось барацьбу з нацызмам Расія пачала з Бучы і разбурэння Марыупаля, а цяпер лагічна пераходзіць да вырашэння габрэйскага пытання. Таму што змагарам супраць ліберальнага фашызму габрэйскае пытанне вельмі, вядома, перашкаджае жыць. Таму без пагромаў ім не абысціся.
Але гэта я так. Адцягнуў увагу. Ведаеш, што я думаю? Я думаю, што вось гэтыя прапановы пра мірнае ўрэгуляванне шляхам капітуляцыі Ізраіля сёй-той зрабіў не проста каб што-небудзь сказаць. Не толькі каб спадабацца сябру Валодзю ці там сябру Рэджэпу. Тут ідэя была не столькі ў тым, каб дагадзіць старым сябрам, колькі ў тым, каб завесці сабе новых.
Таму што ж на самай справе карысныя ідыёты на Захадзе прапануюць прыкладна тое ж самае, што прапанаваў у пятніцу вялікі міратворац. Што Ізраіль павінен перастаць страляць, то-бок капітуляваць, і паважаць правы палестынскага народа на суверэнную дзяржаву. Такі геапалітычны манеўр у духу вялікага геастратэга. Каб калі ўжо падманваць — дык адразу ўсіх. Ну, а раптам і яму ад карысных ідыётаў выйдзе якая-небудзь карысць?
Але вось мне здаецца, што ў гэтага плана ёсць невялікая загана. Таму што чым далей, тым больш карысныя ідыёты становяцца бескарыснымі. Таму што карыснымі ідыётамі добра было змагацца супраць глабальнага пацяплення. А супраць расстрэлаў людзей у Бучы і разні ў кібуцах карысныя ідыёты не дапамагаюць. Там карысныя ідыёты, вядома, такія ж гучныя, як заўсёды, але рашэнні прымаюць людзі больш практычнага ладу думак.
Карацей, я што хачу табе сказаць? Што вось сёй-той са сваімі тонкімі дыпламатычнымі манеўрамі зноў павярнуў не туды. Абраў бок лузераў.
P.S. Хоць ён павярнуў не туды, яшчэ калі сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.