Праз месяц пасля пачатку вайны рэжым Лукашэнкі ўсё ж арганізуе эвакуацыйны рэйс з Ізраіля. За грошы
Амбасада Беларусі ў Ізраілі паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што з гэтай краіны ўсё ж будзе арганізаваны эвакуацыйны рэйс у Мінск. Яго выканае кампанія «Белавіа». Рэйс лукашэнкаўцы называюць «гуманітарным, але камерцыйным». Ён плануецца на 6 лістапада.
«Для грамадзян
Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць пакінуць тэрыторыю дзяржавы Ізраіль у сувязі
з бягучым надзвычайным становішчам, плануецца адзін прамы рэйс «Белавія» да
Мінска на 6 лістапада (рэзервовая дата – 9 лістапада)», — гаворыцца ў паведамленні.
Удакладняецца, што «гуманітарны рэйс будзе выконвацца на камерцыйнай аснове і прызначаны толькі для грамадзян Рэспублікі Беларусь (рэгістрацыя ажыццяўляецца толькі па сапраўдных беларускіх праязных дакументах)».
«У цяперашні час прадстаўніцтва «Белавія» ў Тэль-Авіве актуалізуе звесткі пра беларускіх грамадзян у Ізраілі, якія жадаюць зарэгістравацца на рэйс. Выкананне рэйса, яго дакладная дата і час будуць пацверджаны дадаткова з дапамогай індывідуальнага кантакту», — дадалі ў амбасадзе.
Раней беларускія ўлады казалі, што такі рэйс арганізаваць вельмі складана, бо вінаватыя санкцыі ў дачыненні да «Белавіа».
Кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік прызнаў, што сітуацыя ў Ізраілі «даволі няпростая». Паводле яго, міністэрства займаецца праблемай эвакуацыі грамадзян Беларусі з гэтай краіны, і Беларусь нават атрымала дазвол ад ізраільскіх улад на гуманітарны рэйс «Белавія». Аднак, як сцвярджаў Алейнік, «непераадольнай перашкодай» застаюцца ўведзеныя супраць «Белавія» санкцыі ЗША.
Цана за квітко на «гуманітарна-камерцыйны» рэйс з Тэль-Авіва ў Мінск не называецца, але, паводле некаторых звестак, пералёт абыдзецца аднаму пасажыру ў 550 долараў.
Раскрытыкаваў такі «клопат» аб суграмадзянах палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, які жыве ў Германіі.
«Улады Беларусі ўсё ж такі адправяць эвакуацыйны рэйс у Ізраіль. Паляцець змогуць толькі грамадзяне Беларусі, і заплаціць ім давядзецца за гэта 550 або 600 долараў (у інтэрнэце курсіруе розная інфармацыя). Для параўнання: ФРГ таксама рабіла «эвакуацыю за грошы» (за што ўлады крытыкавалі і крытыкуюць), а каштавала месца ў самалёце 300 еўра. Пры гэтым на борт пускалі як грамадзян краіны, так і тых, хто пражывае ў Германіі, але не мае грамадзянства гэтай краіны», — напісаў Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале.
7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС напалі на Ізраіль, забіваючы і захопліваючы ў закладнікі жыхароў паселішчаў, размешчаных каля мяжы з сектарам Газа.
Паводле ізраільскіх уладаў, загінулі 1400 жыхароў краіны, больш за 220 былі ўзятыя ў закладнікі.
У адказ на напад армія абароны Ізраіля пачала наносіць удары па сектары Газа. У ЦАХАЛ падкрэсліваюць, што мэтамі з'яўляюцца аб'екты, звязаныя з ХАМАС.
Агулам, як паведамляюць у ізраільскай арміі, ударамі ў адказ былі ўражаныя сотні аб’ектаў у сектары Газа. Адміністрацыя сектара Газа, падкантрольная ХАМАС, заяўляе, што ахвярамі авіяўдараў сталі тысячы мірных жыхароў. Пацвердзіць гэтыя даныя з незалежных крыніц немагчыма. У ЦАХАЛ сцвярджаюць, што ХАМАС выкарыстоўвае грамадзянскае насельніцтва як «жывы шчыт» і перашкаджае эвакуацыі людзей у паўднёвую частку сектара Газа.
Самым гучным фэйкам пра злачынствы «ізраільскай
ваеншчыны» стала распаўсюджаная ХАМАС інфармацыя пра авіяцыйны
ўдар Ізраіля па бальніцы ў Аль-Ахлі, праз што нібыта былі забітыя каля 800
мірных грамадзян. Пазней выявілася, што насамрэч ракета была выпушчана з палесцінскай
тэрыторыі.