Ці магчымае паўтарэнне махачкалінскага сцэнара ў Беларусі?

У Махачкале адбыліся яўрэйскія пагромы. Заходняя прэса называе гэтыя падзеі «паляваннем на яўрэяў». А Расія ў вачах усяго свету стала краінай антысеміцкіх пагромшчыкаў. Лукашэнка, які рэтранслюе ўсе расійскія наратывы, паводзіць сябе больш стрымана, аддаўшы антысеміцкую рыторыку на водкуп дзяржаўнай прапагандзе.

Аэрапорт у Махачкале. Ілюстрацыйная выява

Аэрапорт у Махачкале. Ілюстрацыйная выява

Ці можна пазіцыю Лукашэнкі і ягонага рэжыму называць антысеміцкай? Ці магчымае паўтарэнне махачкалінскага сцэнара ў Беларусі?

«Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— У цэлым яе (пазіцыю Лукашэнкі) можна характарызаваць як антыізраільскую, я б нават выказаўся больш асцярожна — вельмі крытычную ў адносінах да Ізраіля. То-бок, лукашэнкаўская Беларусь стаіць на выразна антыізраільскім баку і падтрымлівае палесцінцаў, але сам Лукашэнка выказваецца досыць асцярожна. Прамых антысеміцкіх выказванняў у яго гэтым разам не было. У Лукашэнкі такая асаблівасць — замест слоў «Ізраіль», «ізраільцяне» выкарыстоўваць слова «яўрэі». На гэтую акалічнасць звяртаў увагу першы беларускі пасол у Ізраілі Міхаіл Фафель, пішучы пра тое, што Лукашэнка глядзіць на Блізкі Усход праз прызму сваёй савецкай палітычнай адукацыі. А ў савецкай прапагандзе працавалі антыізраільскія наратывы, магчыма, Лукашэнка і сам іх распаўсюджваў, калі працаваў агітатарам аб’яднання «Веды». 

Глядзіце таксама

Лукашэнка запомніўся ранейшымі антысеміцкімі выказваннямі: у 2021 годзе — пра тое, што яўрэі сваім Халакостам прымусілі ўвесь свет ім пакланяцца, або яшчэ раней — пра свінушнікі ў Бабруйску. Апошнім часам ён адзначыўся антыізраільскай рыторыкай, але не антысеміцкай. Лукашэнка займаўся капіраваннем расійскіх наратываў, але ў параўнанні з Расіяй (там гучала куды больш жорсткая рыторыка, прынамсі, ад Пуціна) уважліва сачыў, каб не перакрочыць чырвоныя рысы.

А калі мы возьмем беларускую дзяржаўную прапаганду і звернем асаблівую ўвагу на прадзяржаўныя тэлеграм-каналы, то гэта звычайны антысемітызм, нават асаблівы кірунак — антыізраільскі антысемітызм. То-бок, антысемітызм, звязаны з канфліктам на Блізкім Усходзе: калі ізраільскіх палітыкаў параўноўваюць з нацыстамі, калі ідзе пералік нібыта злачынстваў, якія здзяйсняе ізраільская армія, чытай, злачынствы, якія здзяйсняюць яўрэі. Гаворка ідзе пра тое, што злачынствы ўчыняе не проста дзяржава Ізраіль, але і яўрэйская дзяржава. 

Глядзіце таксама

Але зноў жа, у беларускім выпадку прапаганда не змешвае ўсё ў адно: яна нападае на Ізраіль, крытыкуе Ізраіль, Лукашэнка яшчэ больш мацёры прапагандыст, але там няма прамых нападаў на яўрэйскую супольнасць у Беларусі. Пакуль я не бачу, каб нейкіх беларускіх яўрэйскіх функцыянераў, альбо прадстаўнікоў яўрэйскага паходжання сярод прадстаўнікоў рэжыму, або прадстаўнікоў яўрэйскай грамады прымушалі выбачацца за паводзіны Ізраіля, дыстанцыявацца ад пазіцыі Ізраіля, што назіраецца ў тым жа Іране, — гэтага ўсяго няма. Наадварот, пастаянна падкрэсліваецца, што ўсё, што адбываецца ў Ізраілі, Беларусі не датычыцца. І Лукашэнка гэта фактычна сам зрабіў, калі ў сваёй апошняй прамове прааналізаваў (вельмі спецыфічна, але прааналізаваў) бліжнеўсходні канфлікт, але нейкага дачынення Беларусі да ўсяго гэтага не было. Ён нават не згадаў выхадцаў з Беларусі, грамадзян з Беларусі, якія знаходзяцца ў зоне канфлікту, пра нейкае спачуванне і гаворкі не ішло. Лукашэнка пры любой нагодзе падкрэслівае, што гэта справы зусім чужыя, яны нас зусім не датычацца: «Мы людзі мірныя, мы па-чалавечы спачуваем, Іран наш сябра, таму яго мы абараняем, з арабскімі краінамі ў нас адносіны вельмі добрыя». Але правакаваць Ізраіль, атакаваць Ізраіль — не, гэта робіць дзяржаўная прапаганда, а сам Лукашэнка гэтага не рабіў.

— Антысеміцкую сутнасць лукашэнкаўскага рэжыму не схаваеш, прапаганда капіруе расійскія наратывы. Але лукашэнкаўскі антысемітызм выходзіць больш мяккім, чым у той жа Расіі. Чым гэта можна патлумачыць?

— У Беларусі антысемітызм традыцыйна больш мяккі. Калі паглядзець на ўсходнееўрапейскі кантэкст праблемы, то ў Беларусі прысутнічаюць усе спецыфічныя формы антысемітызму — пачынаючы ад рэлігійнай і заканчваючы антыізраільскай. Але тыя антыізраільскія, антысеміцкія настроі, якія сёння пануюць у Еўропе і ў Злучаных Штатах як самая моцная форма антысемітызму, у Беларусі выражаны больш слаба па той прычыне, што выхадцаў з Блізкага Усходу ў Беларусі амаль няма, мусульман у Беларусі таксама няшмат. Груповак, якія б на гэтай глебе маглі радыкалізавацца, у Беларусі проста няма. Так, Лукашэнка сустракаўся з першым віцэ-прэзідэнтам Ірана, але ж ён не паехаў у Іран, гэта была, відаць, планавая сустрэча, і ХАМАСаўцаў да сябе таксама не запрашае і перамовы з імі не праводзіць. З аднаго боку, у яго няма расійскіх магчымасцяў, а з другога боку — ягоная прапаганда так моцна не ўплывае на насельніцтва, у адрозненне ад Расіі. У Расіі значная колькасць мусульманскага насельніцтва, і тое ж апытанне Левада-цэнтра паказвае, што сярод расійскіх мусульманаў вельмі моцныя прапалесцінскія настроі. Гэта сведчыць пра тое, што ісламізацыя мусульманаў у Расіі ідзе вельмі хуткімі тэмпамі, і падзеі ў Махачкале гэта відавочна паказалі. А ў Беларусі ўсіх гэтых складнікаў няма: няма такой колькасці мусульман, няма радыкалізацыі. А тыя беларусы, якія маюць прапалесцінскія ці праізральскія пазіцыі, не жадаюць выходзіць на нейкія акцыі салідарнасці. Іх проста няма. І рэжым не жадае іх арганізоўваць. Нават у беларускіх сацыяльных сетках усё досыць сціпла і спакойна. Гэта звязана з панаваннем дыктатуры, людзі ўжо прызвычаіліся, што лепш увогуле не выказвацца, чым трапіць пад рэпрэсіі. Таму беларусы наўпрост увогуле не выказваюцца на палітычныя тэмы. 

Глядзіце таксама

А сам Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб ніякага палітычнага жыцця ў краіне не існавала. Таму ў Беларусі і няма ніякіх публічных рэакцый на гэтую вайну. Раней, калі трэба было, самі лукашэнкаўцы выходзілі і да польскай амбасады, і да літоўскай амбасады, да амерыканскай амбасады, а зараз па ўсёй Еўропе праходзяць акцыі салідарнасці то з Ізраілем, то з Палесцінай, а ў Беларусі — цішыня і спакой. Ёсць пазіцыя Лукашэнкі, ёсць дзяржаўная прапаганда, але ў публічнай прасторы гэты канфлікт не перакінуўся на беларускую глебу. 

Глядзіце таксама

Думаю, Лукашэнка ўважліва назіраў за падзеямі ў Махачкале, але яго не цікавіла, на каго зладзілі паляванне мясцовыя — яўрэяў ці палесцінцаў. Яго найперш цікавіла іншае: як расійскія ўлады такое дапусцілі? Ідзе натоўп, а хвалёная расійская паліцыя нічога не можа зрабіць. Вось гэтыя сцэны для Лукашэнкі былі самыя шчаслівыя; магчыма, недзе сам сабе ў вусы і ўсміхнуўся: ну вось, Уладзімір Уладзіміравіч, не пабудаваў ты нармальную дыктатуру, а вось у мяне такое немагчыма. Напэўна, ён мае рацыю: калі б нешта падобнае пачалося ў Беларусі, дык АМАП з міліцыяй дзейнічалі б вельмі жорстка, прынамсі, штурму аэрапорта не дапусцілі. Лукашэнкаўская аўтакратыя кантралюе працэсы ў Беларусі лепш, чым пуцінская ў Расіі.

— Ці магчымае паўтарэнне сцэнару Махачкалы ў Беларусі? 

— Яўрэйскія пагромы ў Беларусі магчымыя толькі ў адным выпадку: калі рэжым санкцыянуе іх. Па-першае, няма каму рабіць пагромы, а па-другое, несанкцыянаваны дзяржавай гвалт не выглядае магчымым. 

— А запытаў з боку рэжыму на такі гвалт пакуль няма?

— Яму гэта абсалютна непатрэбна. Больш за тое, рэжым Лукашэнкі цяпер можа гэта прадаваць і Захаду, і Ізраілю: глядзіце, у Расіі ўсё дрэнна, а ў нас ўсё пад кантролем.