Пытанне прыярытэтаў: «Белавія» ці беларускі Кулібін — што важнейшае?

Шмат чаго адбылося на гэтым тыдні. Багата нагаварыў Лукашэнка, Ціханоўская заявіла пра выраб «пілотных узораў» дэмакратычнага беларускага пашпарта, спявачка Ларыса Грыбалёва спачатку знікла, потым знайшлася, і медыкаў абавяжуць адпрацоўваць 5 гадоў. Аднак мяне ўразіла адна маленькая і незаўважная навіна.

Ілюстрацыйнае фота з ursa-tm.ru

Ілюстрацыйнае фота з ursa-tm.ru

У вёсцы Подзітва Воранаўскага раёна (Гродзенская вобласць) памежнікі выявілі саматужную вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), паведаміў 31 кастрычніка Дзяржпагранкамітэт.

Паведамляецца, што «беспілотнікі з камплектуючымі» былі знойдзеныя 28 кастрычніка ў выніку агляду дома 30-гадовага мясцовага жыхара. Мужчына наладзіў зборку БПЛА «з мэтай іх далейшага продажу асобам, якія плануюць парушэнне заканадаўства».

«У жылым будынку, размешчаным за некалькі кіламетраў ад беларуска-літоўскай мяжы, выяўленыя два беспілотныя лятальныя апараты, 10 пультаў кіравання да іх, чатыры рамы для самастойнага вырабу БПЛА, шэсць акумулятарных батарэй і іншыя складовыя часткі», — гаворыцца ў заяве Дзяржпагранкамітэта.

«Па гэтым факце», зразумела, «праводзіцца далейшае разбіральніцтва».

Таварышы, гэта поўны трындзец, які ў чарговы раз падымае пытанне, куды ідуць дзяржаўныя (гэта азначае — нашы) грошы з падаткаў. Столькі білася Акадэмія навук з тым, каб наладзіць вытворчасць айчынных БПЛА (і нават дасягнула пэўнага поспеху), столькі высілкаў для гэтай вытворчасці (амаль безвынікова) прыкладала Міністэрства абароны, ваенна-прамысловы комплекс (дарэчы, сённяшні прэм’ер-міністр менавіта ім і кіраваў), Дзяржваенпром. На нядаўняй выставе ваеннай тэхнікі «MILEX» з рызыкай падпасці пад санкцыі і амаль патаемна нашыя высокія чыноўнікі з захапленнем аглядалі іранскія дроны, і нават дамаўляліся (напэўна) пра абмен досведам…

Пакуль цэлая дзяржаўная машына працавала над распрацоўкай і вытворчасцю беларускіх дронаў, адзін чалавек у сябе ў гаражы саматужна збірае ўсё, на што выдаткоўваліся вялікія дзяржаўныя сродкі. Прычым, збірае ледзь не ў прамысловых маштабах — інакш адкуль бы ўзяліся «чатыры рамы для самастойнага вырабу БПЛА».

Пагадзіцеся, тут ёсць пра што падумаць. Па-першае, канешне, гонар бярэ за беларускага Кулібіна. Ён жа, пэўна, сам усё зрабіў, сам распрацаваў, сам намаляваў схемы і парадак зборкі… Адзін чалавек падмяніў сабою шмат навукова-даследчых інстытутаў!

Па-другое, ізноў мы бачым перавагу здаровай прадпрымальніцкай ініцыятывы над планавай і рэгулюемай эканомікай. Падавалася б, ад часоў бальшавіцкага НЭПу і да савецкіх «кааператываў» жыццё пастаянна даказвае гэтую перавагу. Аднак нашыя ўлады ўсё роўна чапляюцца за цэнтралізаваныя і дзяржаўныя прадпрыемствы, не зважаючы на тое, што такая цэнтралізаваная эканоміка неэфектыўная і не ў стане прадбачыць попыт, які ўзнікае ў грамадзян. Бо калі наш Кулібін ствараў дроны ў сваім гаражы, значыць, на іх быў попыт? Чаму гэты попыт не задавольваў той жа шматпакутны «Гарызонт»? І чаму не менш шматпакутны Мінскі велазавод не займаецца вытворчасцю БПЛА?

Змаглі ж у Іране стварыць «мапеды» ды «газонакасілкі»? Нагадаю, што так называюць дроны «Шахед», якія лятуць менавіта з гукам мапедаў…

Але ёсць, ёсць у беларускай улады і пэўныя дасягненні! На 6 лістапада (рэзервовая дата — 9 лістапада), праз месяц пасля пачатку вайны ў Ізраілі, «Белавія» запланавала «гуманітарны рэйс на камерцыйнай аснове» для эвакуацыі «грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць пакінуць тэрыторыю Дзяржавы Ізраіль у сувязі з бягучым надзвычайным становішчам».

«Эваакуацыйны квіток», як мяркуецца, будзе каштаваць блізу 500 долараў. Але не ў грашах справа. Высветлілася, што гэты рэйс мог быць зроблены і значна раней. Канешне, усе мы памятаем, што кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік скардзіўся на санкцыі супраць «Белавія», якія, па яго словах, зрабілі немагчымымі такія рэйсы. Аднак дыпламат, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка патлумачыў, што санкцыі не прымяняюцца, калі неабходна выкарыстоўваць авіязносіны ў гуманітарных мэтах.

У прынцыпе, нешта падобнае мы і падазравалі, раней пісаўшы, што насамрэч Алейнік выкарыстоўвае жыцці і бяспеку нашых грамадзян у Ізраілі, каб паспрабаваць скасаваць тыя самыя санкцыі. А вось калі гэта «не праканала» — адразу ж з’явілася магчымасць эвакуацыі грамадзян Беларусі з зоны канфлікту.

Што тут можна сказаць? Мы ўжо даўно ведаем, што жыццё і бяспека нашых грамадзян для нашай жа ўлады каштуе вельмі мала, калі не сказаць «нічога». І мы ў чарговы раз атрымалі гэтаму пацвярджэнне — калі Алейнік у сітуацыі з вайной у Ізраілі паставіў наперадзе палітычныя мэты, а не гуманітарныя. Карацей кажучы: выгаду, а не людзей.

А ўвогуле айчынная замежная палітыка ў які ўжо раз паказвае, што нашыя «заклятыя сябры» знаходзяцца не з таго боку, куды глядзіць улада. Надоечы генерал Муравейка пагражаў Літве «прасяканнем калідору ўзброеным шляхам» для таго, каб беларускі калій і нафтапрадукты маглі, як і раней, перавозіцца праз Клайпеду. Аднак «нож у спіну» нечакана (і, заўважым, не ў першы раз) усадзіў наш «старэйшы брат і саюзнік».

Сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў раптам засумняваўся ў неабходнасці захавання паралельнага імпарту. Таму што, па яго словах, расійскія кампаніі аддаюць перавагу закупляць гатовыя тавары за мяжой замест таго, каб вырабляць уласныя і займацца інавацыямі.

На яго думку, механізм паралельнага імпарту ўжо «выканаў сваю ролю па стабілізацыі сітуацыі на рынку тавараў», але расійскія кампаніі «часцяком працягваюць арыентавацца на куплю ўжо гатовых замежных прадуктаў, не выкарыстоўваюць існуючы ў краіне навукова-тэхнічны патэнцыял для правядзення перспектыўных распрацовак».

А Патрушаву трэба, каб расійскія кампаніі гэты патэнцыял выкарыстоўвалі, і самі стваралі прадукцыю, «перш за ўсё крытычна неабходную для дасягнення тэхналагічнага суверэнітэту, у тым ліку ў рэгіянальным разрэзе».

Што такое «механізм паралельнага імпарту»? Гэта калі з-за санкцый расійскія кампаніі імпартавалі тавары ў краіну без дазволу праваўладальнікаў, закупляючы іх у трэціх краінах. Вы здагадваецеся, якая краіна была адной з гэтых «трэціх», і чаму наш Мінфін пастаянна рапартаваў пра «новы экспартны цуд»? Памятаеце яшчэ «беларускія крэветкі» ў маскоўскіх крамах?

Па хадзе, Патрушаў — не апошні чалавек у расійскай уладзе — задумаў прыкрыць гэтую лавачку.

Усе гэтыя тры падзеі мінулага тыдня аб’ядноўвае адно — пытанне прыярытэтаў. Відавочна ж, што беларускія ўлады глядзяць не туды, куды трэба. Варта было б задумацца, хто ў нас саюзнік, які ў Беларусі творчы чалавечы патэнцыял, і, нарэшце, па-чалавечы ставіцца да грамадзян краіны… І тады б было нам шчасце, але…

Напэўна, не з гэтай уладай.