Беларусь пачала экспарт беспілотнікаў, якія насамрэч расійскія?

Мінібеспілотнікі распрацоўкі расійскай карпарацыі «Іркут» прапануюцца цяпер на экспарт Беларуссю пад мясцовым брэндам «Беркут», сцвярджае расійскае РІА «Навіны» са спасылкай на крыніцу ў абаронна-прамысловым комплексе Расіі.



bierkut_x3uqw.jpg

Кіраўніцтва «Беларускага 558 авіярамонтнага завода» заявіла яшчэ ў 2015 годзе, што на прадпрыемстве асвоена серыйная вытворчасць комплексаў з беспілотнымі лятальнымі апаратамі «Беркут-1» і «Беркут-2» і разглядаецца магчымасць паставак іх для Мінабароны і іншых сілавых структур Беларусі.

«Цяпер, акрамя ўнутранага рынку, беларускі бок пачаў актыўна прапаноўваць дадзеныя комплексы замежным заказчыкам», — паведамляе расійскае агенцтва.

Яно сцвярджае, што насамрэч дадзеныя комплексы былі распрацаваны расійскай навукова-вытворчай карпарацыяй «Іркут», у лінейцы якой насілі назвы «Іркут-3» і «Іркут-10».

Пагадненне з беларускім бокам па продажы дзвюх беспілотных сістэм малога класа заключала кампанія «Іркут-Інжынірынг». Расійцы чакалі, што беспілотнікі будуць выпускацца на ўмовах ліцэнзіі і выкарыстоўвацца толькі для ўнутранага беларускага рынку.

Беларусы заяўляюць, што мінібеспілотнікі «Беркут» былі распрацаваны ААТ «АГАТ — Сістэмы кіравання» (Мінск) і ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод» (Баранавічы).

«Беркут-1» — тактычны БАК блізкага дзеяння, прызначаны для вядзення оптыка-электроннай выведкі мясцовасці і выдачы звестак цэлеўказання агнявым сродках мотастралковых падраздзяленняў і падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый. У рэальным маштабе часу ён забяспечвае маніторынг мясцовасці, выяўленне і апазнаванне наземных (надводных) аб'ектаў і выдачу іх каардынат.

«Беркут-2» вырашае аналагічныя задачы ў інтарэсах мотастралковых падраздзяленняў і падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі.

Узлётная маса «Беркута-1» — 15 кг, далёкасць палёту з карыснай нагрузкай у аўтаматычным рэжыме — да 15 км. Беспілотнік можа набіраць вышыню да 1000 м. Яго крэйсерская хуткасць — 50—80 км/г, працягласць палёту — да 90 хвілін. Узлёт — «з рукі», пасадка — на парашуце.

У «Беркута-2» узлётная маса — да 50 кг, далёкасць палёту з карыснай нагрузкай у аўтаматычным рэжыме — да 35 км, вышыня — да 3000 м, крэйсерская хуткасць — 80—100 км/г, працягласць палёту — да 120 хвіл. Для ўзлёту гэтага БЛА выкарыстоўваецца катапульта, для пасадкі — парашут.

Карыснай нагрузкай для абодвух апаратаў могуць быць модулі трох тыпаў: фатаграфічнай, інфрачырвонай або тэлевізійнай выведкі. Дакладнасць вызначэння каардынатаў мішэні складае не менш за 50 м, адрознівальная здольнасць — 0,5 м.

“Наша Ніва”