У беларусаў рэзка саслаблі прарасійскія настроі

Пра гэта сведчаць дадзеныя Беларускай аналітычнай майстэрні (BAW). Яны былі прадстаўлены ў ходзе першай сустрэчы Экспертна-аналітычнага клуба, якая прайшла на днях у Мінску. Мерапрыемства арганізавалі Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) і беларускі Прэс-клуб. 



rosbel.jpg

Перад рэспандэнтамі 15 снежня 2015 года і 16 студзеня 2016 года было пастаўлена пытанне: у якой дзяржаве было б лепш жыць народу Беларусі? Пры гэтым апытваным прапаноўвалася два варыянты адказу: у саюзе з Расіяй і ў Еўрасаюзе, піша «Ежедневник».

У снежні мінулага года 69,8% беларусаў выказаліся за саюз з РФ, тады як у студзені бягучага года за гэты ж саюз аддалі свае галасы ўжо 57,7% апытаных жыхароў Беларусі. Раней такіх рэзкіх месячных спадаў за гісторыю апытанняў не фіксавалася.

Характэрна, што жаданне жыць у Еўрасаюзе ў снежні выказала 15,1% рэспандэнтаў, а ў студзені —16,8%. На думку экспертаў, рост праеўрапейскіх настрояў у Беларусі выкліканы, перш за ўсё, досыць агрэсіўнай знешняй палітыкай Расіі. Таксама на спад прарасійскіх настрояў магло паўплываць пазіцыя РФ пры размовах аб выдзяленні Мінску новага крэдыту.

Па дадзеных BAW, за ўваходжанне Беларусі ў Расію на правах аўтаноміі сёння выказаліся толькі 4,9% апытаных беларусаў, што сведчыць аб іх не надта вялікіх інтэграцыйных парывах.