Арганізатарамі нелегальнай міграцыі з Беларусі ў ЕС часцей за ўсё з'яўляюцца чачэнцы і в'етнамцы — ДПК
Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі заяўляе аб тым, што ў 2015-м і ў гэтым годзе актывізаваліся працэсы, звязаныя з арганізацыяй незаконнай міграцыі замежных грамадзян.
Арганізатарамі каналаў незаконнай міграцыі часцей за ўсё выступаюць прадстаўнікі чачэнскай і в'етнамскай дыяспары, якія жывуць як на тэрыторыі Расіі, так і ў краінах ЕС. У якасці памагатых супрацьпраўнай дзейнасці прыцягваюцца, як правіла, грамадзяне Кыргызстана і Малдовы, паведамляе БелаПАН.
Асноўным кірункам незаконнай міграцыі ў краіны Еўрасаюза застаецца прыбалтыйскі ўчастак мяжы, дзе адзначаецца істотны рост міграцыйнай актыўнасці, а колькасць затрыманых мігрантаў перавысіла 700 чалавек. Гэта ў некалькі разоў перавышае аналагічны паказчык 2014 года.
Негатыўная тэндэнцыя працягвае захоўвацца і цяпер. З пачатку года затрымана 28 незаконных мігрантаў. Сярод тых, хто ў пошуках лепшага жыцця спрабаваў выехаць у краіны Еўрасаюза, ужо больш за 10 грамадзян В'етнама.
Чарговая група в'етнамцаў была затрымана ў ноч з 14 на 15 сакавіка ў выніку ўзаемадзеяння полацкіх пагранічнікаў і пагранічнікаў Даўгаўпілскага ўпраўлення Дзяржаўнай пагранічнай аховы Латвіі.
Для выяўлення ўсіх магчымых акалічнасцяў і асоб, якія маюць дачыненне да незаконнага перамяшчэння мігрантаў праз дзяржаўную мяжу, праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы. У выпадку ўстанаўлення іх віны яны будуць прыцягнутыя да адказнасці, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
У мінулым годзе за арганізацыю незаконнай міграцыі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (арт. 371-1 КК) да розных тэрмінаў пазбаўлення волі (ад года да чатырох з паловай гадоў) былi прыгавораны 25 чалавек.