Памёр экс-кіраўнік «Масада» Меір Даган, якому ў Беларусі была перасаджана печань

Раніцай 17 сакавіка ва ўзросце 71 года памёр былы кіраўнік службы ізраільскай знешняй разведкі «Масад» Меір Даган, паведамляе Newsru.co.il са спасылкай на прэс-службу «Масада».



61b056a7822701898d050549d2cc94b1.jpg

Нагадаем, у кастрычніку 2012 года ў Мінску Дагану была праведзена трансплантацыя печані. Аперацыю правёў французскі хірург на беларускім абсталяванні. Як паведамлялі раней ізраільскія СМІ, беларуская клініка была выбрана яшчэ і таму, што ў Германіі і ЗША прыйшлося б доўга чакаць чаргі на аперацыю, а аперыраваць Дагана на радзіме ўрачы не ўзяліся, бо дзейныя правілы забараняюць праводзіць трансплантацыю печані пацыентам, якім больш за 65 гадоў.

Паведамлялася таксама, што першапачаткова Дагана планавалі аперыраваць у Індыі, але ўлады гэтай краіны адмовіліся прыняць яго на лячэнне з-за таго, што ў мінулым ён кіраваў палітычнай разведкай.

Знаходжанне ў Беларусі Дагана рассакрэціў сам Аляксандр Лукашэнка, калі пахваліўся ўзроўнем беларускай медыцыны на прэс-канферэнцыі расійскім СМІ 16 кастрычніка 2012 года. Лукашэнка тады сказаў, што Дагана не ўзяліся аперыраваць ні ў Германіі, ні ў ЗША — толькі ў Беларусі.

«Рэзанансная ж аперацыя. Я кажу: перадайце генералу, што мы нічога не гарантуем, як і любы лекар, але зробім усё для таго, каб зрабіць усё па сучасных тэхналогіях. Калі хочаце, вазьміце з сабой кансультанта. Прывезлі нейкага свяцілу, які шмат зрабіў аперацый. Ён глядзеў, як робяць, у канцы сказаў: хлопцы, я тут не патрэбны», — заявіў Лукашэнка.

Як потым пісалі ізраільскія СМІ, насамрэч усё было не зусім так. За тры тыдні да аперацыі міністар замежных спраў Авігдор Ліберман звярнуўся да аднаго з афіцыйных прадстаўнікоў Ізраіля ў Мінску. Ён патлумачыў крытычную сітуацыю, у якой знаходзіцца Меір Даган. Ліберман і папрасіў ізраільскага прадстаўніка неадкладна звязацца з Аляксандрам Лукашэнкам. Просьба да прэзідэнта — аказаць садзейнічанне ў арганізацыі тэрміновай аперацыі па перасадцы печані Дагану.

Ізраільцянін звязаўся з віцэ-прэм'ерам Беларусі Анатолем Тозікам, які тут жа звярнуўся да Лукашэнкі. Праз дзве з паловай гадзіны прыйшло паведамленне з Мінска: Даган першы ў чарзе на перасадку печані.

Праз дзень Даган прыляцеў у Беларусь у суправаджэнні членаў сям’і і аховы. Ізраільскага чыноўніка сустракалі з так, як звычайна сустракаюць кіраўнікоў дзяржаў.

Пяць дзён Даган праходзіў праверкі і аналізы. Пасля вяртання ў Ізраіль ён павінен быў пачакаць з’яўлення донара. Праз дзень яму патэлефанавалі і сказалі, што донар ёсць. Даган вярнуўся ў Мінск разам з французскім хірургам Даніэлем Азулаем, які спецыялізуецца на падобных аперацыях. Стан здароўя Дагана быў крытычным, ён з цяжкасцю дыхаў, быў чорнага колеру.

З аэрапорта Дагана прывезлі наўпрост у бальніцу, дзе ён адразу быў накіраваны ў аперацыйную. Дзевяць гадзін Азулай праводзіў перасадку печані. Яму дапамагала група беларускіх лекараў, якія ўдастоіліся найвышэйшых хвал ад хірурга за высокі прафесіяналізм.

Перад аперацыяй Мэір Дага папрасіў суправаджальніка перадаць Ліберману падзяку. «Скажы Івету, што я вельмі і вельмі ўдзячны яму за ўсё», — сказаў Даган.

У канцы кастрычніка Мэір Дага быў выпісаны з мінскай клінікі і вярнуўся на радзіму.

Меір Даган (Губерман) нарадзіўся 30 студзеня 1945 года ў Херсоне. Калі яму было пяць гадоў, сям'я рэпатрыявалася ў Ізраіль і пасялілася ў Лодзе, а затым у Бат-Яме.

У 1963 годзе Меір Даган быў прызваны ў дэсантную брыгаду Цахала. Браў удзел у Шасцідзённай вайне, у вайне Суднага дня і ў Першай ліванскай вайне. Лічыўся адным з заснавальнікаў арміі Паўднёвага Лівана (ЦАДАЛ). У 1992 годзе быў прызначаны кіраўніком аператыўнага кіравання генштаба. Дэмабілізаваўся з Цахала ў 1995 годзе ў званні генерал-маёра. За час армейскай службы атрымаў два раненні і быў уганараваны знакам адзнакі за мужнасць.

У 2001 годзе быў прызначаны на пасаду кіраўніка «Масада». Кадэнцыя Дагана на пасадзе кіраўніка «Масада» прадаўжалася двойчы. Даган пакінуў пасаду ў 2011 годзе.

У 2012 годзе ў яго было дыягнаставана анкалагічнае захворванне.