Станіслаў Салавей: Цяпер усе разумеюць, што паступіць у медыцынскі — гэта рабства

Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон: тэрмін адпрацоўкі для лекараў пасля ардынатуры павялічваецца да пяці гадоў. Доктар, які з'ехаў з Беларусі праз рэпрэсіі, тлумачыць, чаму дзеянні ўладаў толькі пагаршаюць сітуацыю з лекарамі ў Беларусі.

_medycyna___kavid__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3_.jpg

— У нас заўсёды быў вельмі моцны перакос: большасць працуючых лекараў — гэта альбо доктар ва ўзросце, альбо доктар малады. Праслойка спецыялістаў 35-45 гадоў адсутнічала, — адзначыў прафсаюзны актывіст, урач-гінеколаг Станіслаў Салавей на канале «Народны рэпарцёр». — У анестэзіялогіі, хірургіі, акушэрстве-гінекалогіі — аддзяленнях, з якімі я больш камунікаваў, — быў вельмі моцны перакос на карысць маладых кадраў.

У Беларусі вельмі хутка выпускаюць з універсітэта на самастойную працу. Напрыклад, каб стаць гінеколагам пасля ўніверсітэта, у нашай краіне патрэбны год падрыхтоўкі, а ва Украіне, дзе я цяпер жыву, тры гады.

Наогул увесь свет разумее, што за год нельга ўчорашняга студэнта зрабіць самастойным лекарам.

Існуе хранічная праблема з санітаркамі, медсёстрамі. Дэфіцыт кадраў быў заўсёды. Зараз адток працягваецца, і ў раённым горадзе ён значна большы, чым у Мінску, таму што людзі часта спрабуюць з рэгіёна пераехаць у сталіцу.

Доктар, які быў вымушаны з'ехаць з Беларусі праз рэпрэсіі, мяркуе, што на адток кадраў з медыцыны не ў апошнюю чаргу ўплывае стаўленне дзяржаўнай сістэмы да людзей.

— Медыкаў і макулатуру прымушаюць здаваць, і падпіскі абавязковыя на ўсякія газеты. Ёсць суботнікі, ёсць паходы на нейкія грамадскія мерапрыемствы — увесь гэты маразм ёсць.

У гэтым і парадокс: людзей, якія перапрацоўваюць, якія, адпрацаваўшы 24 гадзіны, замест таго каб пайсці дадому, прымушаюць ісці ў двор грэбсці лісце проста для галачкі, каб даць справаздачу, што ў нас прайшоў суботнік.

Ці, як было ў Гомелі на «хуткай дапамозе», дзе ўлады зрабілі справаздачу, што «хуткая дапамога» ўдзельнічае ў азеляненні тэрыторыі. Гэта вельмі дэфіцытная служба, спецыялістаў не хапае, яны перапрацоўваюць, і іх яшчэ гоняць на добраахвотную бясплатную працу!

У іх яшчэ і з заробку адымаюць грошы на гэты суботнік!

Усё робіцца для таго, каб лекары, фельчары хутчэй прынялі рашэнне сысці ў іншую сферу або з'ехаць у Польшчу.

Стаўленне да людзей, як да расходнага матэрыялу. Дапусцім, галоўны ўрач дзе-небудзь у раённай бальніцы спакойна можа напляваць на маладога спецыяліста, які знаходзіцца ў яго на адпрацоўцы 2 або 5 гадоў, таму што пасля ўсё роўна дашлюць наступнага, — кажа Салавей.

Глядзіце таксама

Медык не лічыць эфектыўным для спынення адтоку кадраў з аховы здароўя ўзмацненне жорсткасці мер, характэрнае для цяперашняга рэжыму ў Беларусі.

— Дэфіцыт кадраў узрастае, і мы не можам верыць Міністэрству аховы здароўя. Фонд медыцынскай салідарнасці (ByMedSol) даказаў, што ўлады скажаюць інфармацыю пра колькасць лекараў.

І гэтаму ёсць шмат ускосных пацвярджэнняў. Міністр аховы здароўя Польшчы яшчэ год таму заявіў, што цягам года яны выдалі 2 тысячы дазволаў на працу лекарам-замежнікам: тысячу — украінцам і тысячу — беларусам.

Гэта значыць, у нас была страта, супастаўная са стратай краіны, дзе пачалася поўнамаштабная вайна. Пры гэтым куды больш буйной краіны, дзе лекараў проста колькасна больш. Гэта трывожны званочак.

Другі момант, паводле даследавання аб умовах працы, паказала, які адсотак медыкаў перапрацоўвае. Гэта значыць, іх становіцца менш, працуюць яны пры гэтым больш.

Калі раней эміграцыя была доляй у асноўным маладых дактароў, якія адпрацавалі два гады, сталі свабодным у плане перамяшчэння і з'ехалі, напрыклад, у Германію. Зараз актыўна з'язджаюць дактары 35, 45 і нават 50 гадоў.

Змянілася пытанне матывацыі. Калі раней пераязджалі, таму што дзесьці шукалі лепшыя ўмовы, то цяпер бягуць масава па прычыне немагчымасці працаваць.

Адток вельмі вялікі, і ва ўладзе, мяркуючы з яе рэакцыі, не атрымліваецца гэта кампенсаваць. Таму яны пастаянна робяць больш жорсткімі меры. Спачатку перасталі выдаваць неабходныя для легалізацыі паперы. А заўтра могуць перастаць аддаваць на рукі дыпломы. Хочаш звольніцца — пішаш куды, кур'ер твой дыплом перавязе. Так тэхнічна можна атрымаць прыпыненне адтоку медыкаў, але на кароткай дыстанцыі. Гэта вельмі моцна ўдарыць праз год-два-пяць і дзесяць гадоў.

Таму што ўсе разумеюць, што паступіць цяпер у медыцынскі — гэта рабства.

Я б не ставіўся легкадумна да розных заяваў улады ў плане ўзмацнення жорсткасці. Пакуль, на жаль, многія іх задумкі ўвасабляюцца.

Дапусцім, у 2021 годзе Лукашэнка запатрабаваў для медыкаў адпрацоўку ў 10 гадоў, і, па сутнасці, яе ўжо ўвялі. У мэтавікоў адпрацоўка 5 гадоў, а калі пасля хочаш пайсці ў вузкую спецыяльнасць, па новым законе, які вось-вось павінен пачаць дзейнічаць, трэба ісці ў ардынатуру, пасля якой абавязковая адпрацоўка зноў ад 5 гадоў.

Таму калі кіраўнік заўтра загадае не выдаваць на рукі медыкам іх дыпломы, напрыклад, гэта цалкам могуць рэалізаваць, — не выключыў доктар.

Паводле «Салідарнасці»