Ланцуг, будка, адпрацоўка. Як дзяржава спрабуе ўтрымаць моладзь

«Вясёлкавыя перспектывы» чакаюць маладых беларусаў на радзіме ў тым выпадку, калі яны наважацца атрымаць тут вышэйшую адукацыю: «любімая» дзяржава іх проста не выпусціць з лап.

БНТУ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

БНТУ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Улады Беларусі плануюць павялічыць перыяд абавязковай адпрацоўкі для студэнтаў, якія навучаюцца за кошт бюджэту. Акрамя гэтага, на нядаўняй нарадзе па пытаннях адукацыі Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што студэнтаў, якія вучацца платна, не прыцягваюць да абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння навучальнай установы. Гэта, верагодна, у хуткім часе таксама будзе зменена. З улікам перамен усё больш студэнтаў з Беларусі выбіраюць вучобу ў ВНУ ў Еўропе і іншых краінах: у іх «адпрацоўка» не патрабуецца, піша «Настоящее время».

****

Паліна другі год вучыцца ва ўніверсітэце ў Вільні: яна прыехала з Мінска. У літоўскай сталіцы студэнтка вывучае міжнароднае права.

«Знаходзіцца ў Беларусі цяпер наогул не вельмі бяспечна. Незразумела, што можна гаварыць, што нельга. Асабліва калі гэта студэнцкае жыццё. Усе мы ведаем шмат выпадкаў, калі людзей забіралі невядома за што. А мне ўсё-ткі хочацца гаварыць усё, што я думаю, асабліва калі я навучаюся на такой спецыяльнасці, як права», — тлумачыць дзяўчына сваё рашэнне не вучыцца на радзіме.

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца абавязковае размеркаванне для студэнтаў-бюджэтнікаў пасля заканчэння ВНУ: маладыя спецыялісты абавязаны адпрацаваць на прызначаным ім прадпрыемстве два гады, а студэнты-«мэтавікі», гэта значыць тыя, каго вучыцца накіроўвае канкрэтнае прадпрыемства, — не менш за пяць гадоў.


Глядзіце таксама

На нарадзе з урадам Лукашэнка абурыўся такімі тэрмінамі: ён лічыць іх занадта малымі і прапануе павялічыць перыяд абавязковай адпрацоўкі. Не спадабалася Лукашэнку і тое, што студэнты, якія вучыліся платна, атрымаўшы дыпломы, часта з'язджаюць працаваць за мяжу і «адпрацоўкі» пазбягаюць. Бо яны не трапляюць пад размеркаванне і могуць самастойна выбіраць месца працы.

«Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя класныя спецыялісты з краіны з'язджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў, сышоў! Мы ж навучаем, рыхтуем спецыялістаў — у ВНУ, вучэльнях — для сябе», — заявіў з гэтай нагоды Лукашэнка.

Пра праблему недахопу кадраў у Беларусі ўжо адкрыта гавораць нават на дзяржаўным тэлебачанні:«На рынку працы адзначаецца дысбаланс: колькасць вакансій ад наймальнікаў расце, а колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы рэгіёна, зніжаецца. Дэфіцыт кадраў адчуваецца ва ўсіх яе галінах».

Прапаноўваючы павялічыць тэрміны працы па размеркаванні, беларускія ўлады не імкнуцца вырашыць эканамічныя праблемы, лічыць незалежная экспертка ў сферы адукацыі Святлана Мацкевіч. Яны, паводле слоў эксперткі, хочуць устанавіць яшчэ большы палітычны кантроль над людзьмі:

«Яны паказваюць: мы галоўныя і мы вызначаем, як і што павінна адбывацца. Мы фактычна пазбаўляем вас права на свабоднае працаўладкаванне. Мы самі размяркоўваем, хто, дзе павінен быць, — тлумачыць экспертка. — Мы ўсё кантралюем, мы падпарадкоўваем, і вы будзеце падпарадкоўвацца нашым правілам. І гэта досыць выразны мэсэдж».

У Міністэрстве адукацыі Беларусі лічаць, што абавязковае размеркаванне (у асноўным, на малапрыбытковыя прадпрыемствы) трэба ўвесці і для студэнтаў платных аддзяленняў. На думку ўлад, платная вышэйшая адукацыя ў Беларусі каштуе танней, чым у Еўропе.


Глядзіце таксама

«Дзяржаўная ВНУ. Платнае, не платнае — мы цябе рыхтуем. Што такое платнае? Яны ж капейкі плацяць. Я параўноўваю з узроўнем аплаты на Захадзе. А «там» яно шалёныя грошы каштуе», — заяўляў Лукашэнка.

Але гэта не зусім так. Журналісты праекта «Настоящее время. Беларусь» падлічылі:

  • навучанне ва ўніверсітэце ў Літве каштуе 1380 еўра, а ў Белдзяржуніверсітэце атрыманне гэтай жа спецыяльнасці будзе каштаваць 1500 еўра;
  • пры ўмове валодання нямецкай мовай вучоба на інфармацыйным факультэце ў Берлінскім універсітэце складзе 350 еўра за семестр, у той час як кошт навучання на аналагічным факультэце ва ўніверсітэце інфарматыкі ў Мінску абыдзецца ў 1321 еўра за год;
  • бясплатна можна вучыцца на факультэце права ў Пражскім універсітэце на чэшскай мове. Навучанне на юрфаку ва ўніверсітэце ў Гродне складзе 1128 еўра.

«У еўрапейскіх ВНУ часта можна выйграць гранты або стыпендыі, якія пакрываюць кошт навучання. Гэта значыць тут, у Еўропе, пытанне стаіць больш у цэнах на жыллё, — кажа студэнтка Паліна. — Але, напрыклад, у той жа Германіі адукацыя цалкам бясплатная: студэнты плацяць сімвалічны семестравы ўнёсак і вучацца бясплатна. Асноўныя выдаткі прыпадаюць на жыллё, таму не, я б не сказала, што ў Беларусі адукацыя цалкам таннейшая, чым наогул у Еўропе».


Глядзіце таксама

Пасля нарады ў Лукашэнкі па пытаннях адукацыі студэнты і маладыя спецыялісты сталі паказваць у сацсетках, у якіх умовах жывуць і працуюць па размеркаванні. Іншыя расказвалі, што бяруць крэдыт, каб афіцыйна пазбегнуць размеркавання, але часта ім гэта не дапамагае:

«Акрамя таго, што мне трэба выплаціць $10 тысяч, цяпер мяне яшчэ і не звальняюць. Гэта значыць, я ўпершыню ў жыцці бяру крэдыт, каб выплаціць гэтую чортаву адпрацоўку, бегаю па ўсіх інстанцыях, каб аформіць кучу паперак, а мне кажуць, што гэта нічога не зменіць, — гаворыць адна з іх. — У цябе кантракт на пяць гадоў, а спецыялістаў не хапае, і ты не можаш пайсці ў дэкрэт. Як вам такі план?»

Калі ініцыятыва аб падаўжэнні тэрмінаў размеркавання для ўсіх студэнтаў у Беларусі будзе рэалізавана, то плынь эміграцыі з краіны яшчэ больш павялічыцца, мяркуюць эксперты.

«Згода ўвайсці ў сістэму вышэйшай адукацыі і пачаць карыстацца гэтымі адукацыйнымі паслугамі можа быць толькі па некалькіх матывах. Першы матыў — гэта згода з дзеючай сістэмай улады, другі матыў — няма куды. Проста іншых шляхоў не знайшлі, таму дзейнічаюць па такім алгарытме. Тыя ж, хто знаходзіць альтэрнатыўныя варыянты, будуць сыходзіць, будуць з'язджаць», — упэўнена кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч.


Глядзіце таксама

Студэнтка Паліна, якая плануе працягнуць адукацыю ў Еўропе, дадае, што пасля вучобы гатова вярнуцца дадому, у Беларусь, каб прымяняць атрыманыя веды: «У мяне ў галаве такая ўстаноўка: калі рэжым падзе, на момант, калі я ўжо атрымаю адукацыю, буду мець міжнародны досвед, буду разумець, як дапамагчы адбудоўваць новую Беларусь, я вярнуся».

Як піша «Радыё Свабода» са спасылкай на Еўрапейскую статыстычную службу, з 2020 года колькасць беларускіх студэнтаў ва ўніверсітэтах ЭС павялічылася на 1814 чалавек. Атрымліваць вышэйшую адукацыю моладзь з'язджае ў асноўным у Літву, Чэхію і Польшчу.